Запіс зваротаў кандыдатаў абаронены аўтарскім правам і належыць тэлекампаніі?
Старшыня «Беларускай асацыяцыі журналістаў» Андрэй Бастунец у сваім блогу на сайце арганізацыі выказаў меркаванне наконт пазіцыі Белтэлерадыёкампаніі, што запіс зваротаў кандыдатаў у дэпутаты абаронены аўтарскім правам і належыць тэлекампаніі.
Нагодай для гэтага стаў допіс журналіста Паўлюка Быкоўскага ў фэйсбуку з паседжання дзеючай Палаты прадстаўнікоў.
Эфірны час кандыдатам для выступу па тэлебачанні "абраныя" і фінансуемыя з дзяржбюджэту тэлеканалы АБАВЯЗАНЫ прадаставіць. І тут яны выступаюць толькі як пляцоўка, але ніяк не праваўладальнікі.
Магчыма, яны і хацелі б спаслацца на артыкул 29 Закона "Аб аўтарскім і сумежных правах", у якім гаворка ідзе аб выключным праве на перадачу, якое належыць арганізацыі эфірнага і кабельнага вяшчання, але гэта - цалкам з іншай оперы. Трэба чытаць закон цалкам, а не адзін яго артыкул. Бо сумежнае права выцякае з аўтарскага і магчыма толькі пры выкананні апошняга.
Каб спасылацца на заканадаўства аб аўтарскім праве, тэлерадыёкампаніі павінны б, для пачатку, заключыць аўтарскія!!! дагавора з кандыдатамі - аўтарамі выступаў. У якіх агаварыць і ўмовы выкарыстання аўтарскіх твораў, і тэрыторыю, на якой яны могуць распаўсюджвацца, і тэрмін. І аплату, дарэчы, за выкарыстанне іх выступаў у эфіры.
Зразумела, нічога гэтага не можа быць у прынцыпе, бо публікацыя перадвыбарчых праграм рэгулюецца не грамадзянскім заканадаўствам, а Выбарчым кодэксам. І не залежыць ад свабоднага волевыяўлення бакоў. Ва ўсялякім разе, ад тых СМІ, якія АБАВЯЗАНЫЯ апублікаваць перадвыбарныя праграмы кандыдатаў.
Іншая справа, калі гаворка ідзе пра выступы, аплачваемых з уласных фондаў кандыдатаў у дэпутаты, - тут ужо СМІ могуць усталёўваць свае правілы (роўныя, дарэчы, для ўсіх).
Ці ж, Лідзія Міхайлаўна, БТ і іншыя з імі будуць заключаць з кожным з кандыдатаў дамовы аб стварэнні і выкарыстанні аўтарскіх твораў?
Што трэба ведаць журналісту, які асвятляе выбары?
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96