Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 21:05 (паўтор у суботу ў 8:05) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” — праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека.
Падзея: Распачаўся суд над Дзмітрыем Паліенкам. Адбыліся два судовыя паседжанні, падчас якіх выступалі сведкі. Сярод іх — Андрэй Войніч. "Справа Паліенкі — паказальная", кажа ён. "Паліенка — гэта твар любога чалавека, які можа быць рэпрэсаваны ні за што".
Каментар эксперта: Якія падводныя камяні ў спіса забароненых прафесій, што існуе ў Беларусі? Парадоксы: жанчыны не могуць працаваць дальнабойшчыцамі ў Беларусі — але з лёгкасцю могуць працаўладкавацца ў суседніх краінах і ездзіць па тых жа тэрыторыях. Жанчынам нельга падымаць цяжкасці і таму некаторыя прафесіі ім забараняюцца, але на спартсменак гэта не распаўсюджваецца. Ці ёсць сапраўдныя даследаванні па пытанню, як цяжкія прафесіі ўплываюць на здароўе жанчын? І як гэта каментуе Міністэрства аховы здароўя? Адказы — у размове з Таццянай Стрыжэўскай, якая ўзначальвае даследча-прававы напрамак Цэнтра па прасоўванню правоў жанчын “Её права”.
Асоба: У сям’і Маі Церакулавай жыве два чалавекі з інваліднасцю (у якіх яна ад нараджэння): 56-гадовы Андрэй і пяцігадовая Ева. Мая параўноўвае лёсы двух сваіх блізкіх і аналізуе адрозненні савецкай сістэмы адукацыі ад сучаснай.
Каментар: Якая сітуацыя з мірнымі сходамі ў невялікіх гарадах-райцэнтрах? З гэтым на прыкладзе Маладэчна дапаможа разабрацца праваабаронца ПЦ “Вясна” Алесь Капуцкі, які там жыве.
У музычных паўзах — кампазіцыі ў выкананні ili-ili.