Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 21:05 (паўтор у суботу ў 8:05) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” — праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека.
Час выбараў: Толькі 0,031% апазіцыі увайшло ў склад участковых камісій, а подпісы за вылучэнцаў у кандыдаты прызнаваліся несапраўднымі па фармальных абставінах… Каардынатары кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары 2019” Уладзімір Лабковіч і Алег Гулак распавядаюць пра тое, як праходзілі важныя этапы выбараў: фармаванне выбарчых камісій і рэгістрацыя кандыдатаў.
Праваабарончы слоўнік: Чым адрозніваюцца паняцці “пол” і “гендар”? Што такое “гендарны гвалт” і якія ў яго ёсць віды? З гэтым дапаможа разабрацца Крысціна, арганізатарка ініцыятывы ProGender (што ў межах моладзевай арганізацыі Фіальта), якая займаецца асвятленнем калягендарных праблем.
Па-за межамі: Ва Ўкраіне (ў адрозненні ад Беларусі) ёсць антыдыскрымінацыйны рамачны закон. Пра тое, як ён дзейнічае, пра практыку ўкраінскіх судоў у дачыненні да кейсаў дыскрымінацыі на падставе інваліднасці, а таксама пра украінскую салідарнасць з дыскрымінаванымі распавядзе экспертка па правах чалавека Людміла Фурсава.
Каментар эксперта: новая версія законапраекта "Аб інвалідах і іх сацыяльнай інтэграцыі" незадаволіла тых, для каго гэты законапраект напісаны. Перш за ўсё — таму, што з яго дзіўным чынам былі прыбраны тэмы дыскрымінацыі, якія так намагалася ўвесці грамадзянская супольнасць, у тым ліку і дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі. Ён падкрэслівае: “Калі дзяржава адмовілася ад мінімальных абавязкаў па абароне ад дыскрымінацыі, для нас гэта сведчыць аб поўнай адмове Беларусі выконваць Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю”.
У музычных паўзах — кампазіцыі ў выкананні J:МОРС, які між іншым выступіць 19 лістапада ў Палацы нацый у Жэневе на канцэрце, што стане галоўнай часткай акцыі, прымеркаванай да 30-годдзя прыняцця Канвенцыі аб правах дзіцяці.