Міністэрства аховы здароўя не можа патлумачыць уласныя нарматыўныя акты
Праваабаронцы “Магілёўскай Вясны” працягваюць змагацца за натуральнае святло ў беларускіх СІЗА і турмах ў межах кампаніі супраць “раснічак” на вокнах пенітэнцыярных устаноў.
Як піша mspring.online, праваабаронцы ў гэты раз накіравалі зварот у Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, каб тыя патлумачылі, ці дзейнічаюць Санітарныя нормы і правілы, зацверджаныя Міністэрствам аховы здароўя, у СІЗА, турмах, арыштных дамах і папраўчых калоніях.
Справа ў тым, што Міністэрства аховы здароўя гарантуе, як мінімум, дзве гадзіны прамых сонечных прамянёў у дзень у любым памяшканні, дзе б мы ні знаходзіліся. Калі гэтая норма не працуе, то будынак у прынцыпе не можа быць пабудаваны, бо будзе небяспечным для здароўя. Гэта пазначана ў Санітарных нормах. Аднак гэтая норма парушаецца ў беларускіх СІЗА і турмах. У гэтых пенітэнцыярных установах немагчыма нават зрабіць патрэбныя замеры асвятлення, а супрацоўнікі Дэпартамента выканання пакаранняў ніяк не рэагуюць на гэтыя парушэнні.
Згодна Закона “Аб нарматыўных прававых актах” тлумачэнні нарматыўных актах ажыццяўляюць тыя ж органы, якія і прынялі адпаведны акт. Але Галоўная дзяржаўная санітарная ўрач Рэспублікі Беларусь Наталля Жукава (яна ж намесніца Міністра аховы здароўя) адмовілася адказваць на запыт. Яна перанакіравала зварот для разгляду ў Міністэрства ўнутраных спраў.
Раней праваабаронцы накіроўвалі падобны запыт у Беларускі дзяржаўны інстытут стандартызацыі і сертыфікацыі (БелДІСС), пра што чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя не ведалі.
Дырэктар БелДІСС Аляксандр Скуратаў адзначыў, што “тлумачэнне дакументаў, зацверджаных Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, не ўваходзіць у кампетэнцыю БелДІСС. Для таго, каб даведацца, якія санітарныя нормы і правілы прымяняюцца для эксплуатаваных спецыяльных і папраўчых устаноў трэба звярнуцца ў Міністэрства аховы здароўя“. То бок ён пераказаў праваабаронцам Закон “Аб нарматыўных прававых актах”.
Такім чынам, сітуацыя выглядае так, што ў Міністэрстве аховы здароўя не ў сілах растлумачыць ўласныя нарматыўныя акты. Праваабаронцы “Магілёўскай Вясны” накіравалі скаргу на намесніца Міністра аховы здароўя Наталлю Жукаву. Таксама яны паўторна запатрабавалі тлумачэнні Санітарных нормаў Міністэрства аховы здароўя.