Актывістаў выклікаюць у Генпракуратуру з нагоды акцыі блогера NEXTA
Праваабаронцам стала вядома, што некаторых беларускіх актывістаў на 15 лістапада выклікаюць у пракуратуру.
Так, старшыню "Маладога фронту" Дзяніса Урбановіча і яго брата Максіма Урбановіча просяць прыйсці ў будынак Генеральнай пракуратуры ў 11.00. Прычына, якую патлумачылі маладафронтаўцам, - афіцыйнае ўручэнне папярэджання за 8 лістапада. Верагодна, маецца на ўвазе акцыя, анансаваная блогерам NEXTA на плошчы Свабоды, на якую прыйшло больш за 500 чалавек.
Таксама з Цэнтральнага РУУС патэлефанавалі актывістцы Насце Гусевай і запрасілі ў Генеральную пракуратуру на 10.20 "па прычыне восьмага лістапада". Праваабаронцам вядома яшчэ пра некалькі такіх выклікаў іншых актывістаў.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96