viasna on patreon

Знятага кандыдата ў дэпутаты Казакевіча аштрафавалі на 510 рублёў Дапоўнена

2019 2019-11-18T11:14:07+0300 2019-11-18T17:54:02+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kazakevich2019.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Зміцер Казакевіч. Фота з Faceboook

Зміцер Казакевіч. Фота з Faceboook

18 лістапада ў 14.10 адбыўся суд над былым кандыдатам у дэпутаты ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Зміцерам Казакевічам, які быў зняты з выбараў пасля таго, як яго збілі ў Курапатах.

Паседжанне прайшло ў судзе Мінскага раёна. Актывіста абвінавацілі паводле артыкулаў 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі) за падзеі каля рэстарацыі "Паедзем, паядзім" у Курапатах трэцяга лістапада.

Тады Казакевіч, будучы кандыдатам у дэпутаты, хацеў правесці пікет каля рэстарацыі, аднак ахова яго не пусціла. Завязалася бойка, у выніку якой Казакевіч і яшчэ некалькіх актывістаў затрымалі і збілі. На наступны дзень вялікія штрафы атрымалі Дзяніс і Максім Урбановічы, Валер Рабцаў, Віталь Трыгубаў. Таксама пратакол склалі на непоўнагадовага Іларыёна Трусава.

Сёння ў судзе Зміцер Казакевіч назваў фальшыўкай пратакол, які на яго склалі міліцыянты паводле артыкулаў аб хуліганстве і непадпарадкаванні, піша Радыё Свабода.

«Я не біўся з ахоўнікамі рэстарацыі, гэта бачна на відэа. Наадварот, гэта я ад іх пацярпеў – мяне штурханулі гэтак, што паваліўся», – сказаў экс-кандыдат у дэпутаты.

На пытаньне суду, чаму міліцыянты яго затрымалі, Зміцер Казакевіч сказаў, што супрацоўнікі АМАПу, якія прыехалі на выклік да рэстарацыі, «хапалі ўсіх спрэс, хто ім трапіўся». Паводле Казакевіча, па дарозе ў міліцэйскі пастарунак яго збілі. У суд актывіст прынёс медычную даведку пра атрыманыя цялесныя пашкоджанні.

Супраць Казакевіча сведчылі міліцыянт Аляксей Аўчыннікаў, дырэктарка рэстарацыі "Паедзем, паядзім" Святлана Дубкова і два дзяжурныя адміністратары.

«Гэта Казакевіч адчыніў вароты рэстарацыі і потым тузаўся з ахоўнікамі», – сведчыла Святлана Дубкова.

Таксама дырэктарка паведаміла, што гэта яна выклікала да рэстарацыі нарад міліцыі. Капітан міліцыі Аўчыннікаў сказаў, што папярэджваў актывістаў аб парушэнні закону, у тым ліку і Казакевіча, але тыя на гэта ніяк не адрэагавалі. Зміцер Казакевіч хадайнічаў, каб суд ініцыяваў справу супраць міліцыянта за ілжывыя звесткі, але суд адмовіў.

Кожны з бакоў даводзіў суду сваю праўду. Зміцер Казакевіч казаў, што адміністратары рэстарацыі першымі ўжылі супраць актывістаў фізычную сілу, на што, паводле актывіста, не мелі права, бо кампанія, у якой яны працуюць, не мае ліцэнзіі на ахоўную дзейнасць. Сведкі-адміністратары сцвярджалі, што гэта актывісты справакавалі бойку.

«Пэўна пра Казакевіча не скажу, але груба паводзіла сябе ўся іх група», – казаў, у прыватнасці, адміністратар Мікалай Красоткін.

Суддзя прагледзеў відэа інцыдэнту і праз хвіліну абвясціў вырак – аштрафаваць актывіста на 20 базавых велічынь (510 рублёў).

Зміцер Казакевіч сказаў, што будзе абскарджваць пастанову суду.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства