Анархіст: Мы служым падпоркамі для многіх крыміналак Дакумент
Да праваабаронцаў "Вясны" звярнуўся Андрэй, каб распавесці сваю не зусім звычайную гісторыю. Яна бярэ пачатак з неаплачанага талончыка ў тралейбусе, але дзіўным чынам прыцягвае да сябе супрацоўнікаў РАУС, Следчага камітэта і ГУБАЗіК.
Гісторыя №1
Аднойчы студзеньскай раніцай 2019 году Андрэй ехаў у тралейбусе і не аплаціў праезд. Хлопец прызнае, што гэта парушэнне. І таму, калі зайшлі кантралёры, ён ад гэтага не адмаўляўся. Адзінае, з чым ён быў ня згодны — гэта месца для афармлення штрафу. Хлопец хацеў гэта зрабіць на вуліцы, а кантралёры — не выходзячы з транспарту.
Распачалася невялікая спрэчка. Андрэй ужо хацеў быў ісці да выхаду, як раптам падчас прыпынку транспарту яго ззаду падхопліваюць двое пасажыраў і выносяць на вуліцу.
— Крымінальны вышук, — прадставіліся яны і хутка мільганулі дакументамі. — Зараз будзем выклікаць міліцыю.
— Само сабою, бо я не аплаціў праезд, выклікайце.
У чаканні міліцыі Андрэй разгледзеў супрацоўнікаў крымінальнага вышуку (апранутыя яны былі ў цывільнае) і запомніў іх твары.
— Хадзем адыдзем, — сказаў кантралёру адзін з іх і пра нешта з ім пагаварыў.
Затым Андрэя адвезлі ў Гарадскі аддзел міліцыі (ГАМ). Там хлопец паспрабаваў даведацца — за што менавіта ён затрыманы? І быў здзіўлены адказам: "напад на кантралёра, крымінальны артыкул".
У той час як кантралёры, якія прыехалі разам, знаходзіліся побач і таксама чакалі ў калідоры.
У ГАМе з'явіліся і два "тралейбусных" супрацоўніка — што было трохі дзіўна, бо разам з міліцыяй яны не ехалі.
Праз 15 хвілін чакання Андрэй паспрабаваў даведацца, чаму яго не "афармляюць".
— Не качай правы, ты затрыманы па крымінальным артыкуле за напад кантралёра, — пачуў ён у адказ.
Андрэй паспрабаваў запатрабаваць пастанову аб затрыманні, у якім гэта было б напісана, на што яму адказалі: "Ты ютуба нагледзеўся, мы можам табе нічога не паказваць, цяпер пойдзеш у камеру".
Нарэшце кантралёры паміж справай аформілі на Андрэя квітанцыі аб выплаце штрафу. І адышлі, сказаўшы на развітанне, што штраф можна выплаціць на працягу месяца.
Міліцыя тым часам не склала ніякіх пратаколаў, але распачала дзеянні: у хлопца забралі рэчы, адвялі ў камеру і дадалі: "Усё, ты папаў".
Праз некаторы час яго адвезлі ў Следчы камітэт Фрунзенскага раёна. Туды Андрэй прыбыў недзе ў 16-17 гадзін вечара. Так доўга хлопец знаходзіўся ў ГАМе у тым ліку і таму, што міліцыянты ўвесь гэты час спрабавалі скапіяваць інфармацыю з відэарэгістратараў кантралёраў.
У СК жа следчы, вывучыўшы відэазапісы, вырашыў, што гэта "не цягне на крымiналку".
— Не перажывай, там нічога няма, — сказаў ён Андрэю.
Пасля чаго адзін з "тралейбусных" супрацоўнікаў, які дзіўным чынам з'явіўся і тут, адвёў хлопца на ніжнія паверхі (у Фрунзенскім раёне Мінска Следчы камітэт і РУУС знаходзяцца ў адным будынку) для таго, каб працягнуць разбірацца з ім ужо ў рамках адміністрацыйнага правапарушэння.
У выніку супрацоўнік РУУС склаў пратакол па артыкуле 17.1 КаАП РБ (Дробнае хуліганства). Азнаёміўшыся з ім, Андрэй адмовіўся яго падпісваць, паколькі быў ня згодны з многімі фармулёўкамі:
"Я лічу, што мяне наогул ні за што затрымалі. Хіба што за адміністрацыйны працэс па безбілетнаму праезду, а ўсё астатняе — гэта поўная бязглуздзіца. Бо там было напісана, што кантралёр Дарахлевіч Е.Г [адзін з двух кантралёраў, якія выявілі безбілетны праезд Андрэя] сказаў, што я напаў на яго".
— Падпішаш — атрымаеш копію, не падпішаш — копію не дамо, — сказаў следчы.
Андрэй нічога не падпісаў.
Пасля гэтага хлопца павялі ў камеру папярэдняга зняволення (у народзе — «абяз'яннік»). На раніцу наступнага дня яго адвезлі ў суд Фрунзенскага раёна.
Суддзі Ганне Буйноўскай Андрэй заявіў, што не азнаёмлены з дакументамі па яго затрыманні. Тады суддзя зачытала пастанову, дзе значылася: Андрэй "падчас праверкі аплаты за праезд, не паказаўшы аплату за праезд, нецэнзурна лаяўся, наўмысна сарваў відэарэгістратар з курткі кантралёра Дарахлевіча Е. Г., пасля чаго выключыў яго і запхнуў у кішэню курткі, штурхаў яго, нанёсшы ўдар локцем яму ў грудзі, чым парушыў грамадскі парадак і спакой грамадзян, праявіўшы відавочную непавагу да грамадства".
Андрэй сказаў суддзі, што з гэтым не згодны.
Пасля чаго Буйноўская прапанавала азнаёміцца з матэрыялам з відэарэгістратара.
"Я быў вельмі шчаслівы, пачуўшы гэта, — каментуе Андрэй. — На відэа бачна, як заходзяць кантралёры, як я ім кажу, што білета няма, і як пачынаецца спрэчка пра тое, дзе складаць штраф — я ім казаў, што хачу на вуліцы. Кантралёр ўтрымлівае мяне за плячо: "Не, сядзі, зараз паедзем у ДДС". Я ўстаю, хачу падысці да дзвярэй, і тут мяне хапаюць ззаду супрацоўнікі крымінальнага вышуку і выводзяць. Проста там [у пастанове] яшчэ напісана пра мацюкі, а на відэа ж ёсць гук! У адзін момант там відаць, што відэарэгістратар проста падае — а падае таму, што быў на кліпсе і проста споўз з яе. А кантралёр ж падумаў, што я яго сарваў і паклаў у кішэню. І відаць, што ніякіх удараў "локцем у грудзі" ад мяне там не было".
Пасля гэтага ў залу суда запрасілі кантралёра Дарахлевіча Е.Г., паказанні якога мала адрозніваліся ад напісанага ў пастанове: Андрэй на яго напаў ды лаяўся матам. Суддзя пачынае задаваць яму дадатковыя пытанні:
— А як да гэтай сітуацыі паставіліся грамадзяне, якія ехалі ў тралейбусе? Можа, яны былі абураныя?
— Ды не, быццам спакойна.
— Але вы падумайце, можа ім нешта не падабалася, што ён, напрыклад, матам лаяўся.
— Ды не, усё было спакойна.
Андрэй лічыць, што калі б не гэта відэа (якое вельмі нескладана трактаваць аб'ектыўна), то ён бы атрымаў адміністрацыйную адказнасць і яго абавязкова адправілі б "на суткі", бо раней яго прыцягвалі ўжо па тым жа артыкуле 17.1.
У выніку суддзі нічога не заставалася рабіць, як спыніць вытворчасць па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Такім чынам, выехаўшы раніцай аднаго дня, Андрэй вярнуўся дадому толькі ўвечары наступнага.
Гісторыя №2. Яшчэ адно затрыманне
У жніўні 2019 году Андрэй працаваў у адным з мінскіх гандлёвых цэнтраў. І раптам яму патэлефанавала сваячка і ўсхвалявана распавяла, што іх агульнага блізкага сваяка Ігара [імя зменена — Заўв.] затрымалі і цяпер шукаюць Андрэя.
Праз прыкладна паўтары гадзіны пасля гэтай навіны Андрэя ў момант разгрузкі прадукцыі на складзе нечакана ззаду падхапілі двое мужчын.
"Усяго было 5 чалавек, — успамінае Андрэй. — Адзін здымаў усё, што адбываецца, двое трымалі за рукі, адзін быў збоку, а яшчэ адзін — камандзір аддзялення — казаў: "Не круціся". Так як гэта ўсё адбывалася ў гандлёвым цэнтры, яны ўсё [затрыманне] хацелі зрабіць максімальна акуратна, бо гэта маглі пабачыць людзі — мінакі і маі калегі. Калегі ўвогуле глядзелі проста з адкрытымі вачыма і не разумелі, што адбываецца. "Цяпер ён паедзе з намі", — адказалі ім на гэта. Я казаў адной з супрацоўніц, што я іх не ведаю, магчыма гэта нейкія бандыты. І тады яны ёй паказалі дакументы — маўляў, з "органаў".
На мяне надзелі кайданкі, але пастараліся іх прыкрыць, каб іх не было відаць, і вывелі мяне праз чорны ўваход гандлёвага цэнтра. Пасля гэтага мяне загрузілі ў машыну, дзе ўжо быў нейкі супрацоўнік — і ён быў са зброяй".
— Куды мы едзем? — спытаў Андрэй у машыне.
— Зараз паедзеш у Следчы камітэт, — адказаў адзін з аператыўнікаў, апусціўшы якую б там ні было канкрэтыку.
—Ты зразумеў, за што ты затрыманы? Ты зразумеў, што ты здзейсніў?, — падключыўся іншы.
— Не, не разумею, — адказаў Андрэй.
— Калі не хочаш гаварыць з намі, зараз будзеш з іншымі людзьмі мець зносіны.
Андрэя адвезлі ў СК, які знаходзіцца на Аранскай. І тут Андрэй пачаў бачыць знаёмыя твары.
Калі Андрэя прывялі ў СК, ён убачыў свайго затрыманага сваяка, які стаяў на расцяжцы. А яшчэ хлопец пазнаў аднаго з "тралейбусных" супрацоўнікаў. Гэта — старшы оперупаўнаважаны ГУБАЗіКа Каралевіч (яго прозвішча і пасаду Андрэй потым запомніў з пратаколу ператрусу — але пра гэта крыху пазней).
Андрэя завялі да следчага Здановіча. З дапамогай падзякаў ды грамат, якія віселі на сцяне, хлопец зразумеў, што той спецыялізуецца на наркотыках.
— Твой сваяк затрыманы за наркотыкі, — пацвердзіў гэтыя здагадкі Здановіч.
"Ён паказаў хутка, на дзве секунды, нейкую там пастанову, — успамінае Андрэй. — Там было шмат інфармацыі, куча падазраваных асоб, у якім я ні сваё прозвішча, ні прозвішча сваяка не знайшоў".
Потым Здановіч перавярнуў пастанову на наступную старонку і сказаў: "Вось, чытай".
"Там было напісана: "можа валодаць якой-небудзь інфармацыяй, якая можа дапамагчы следству" — і было пазначана прозвішча майго сваяка Ігара", — успамінае хлопец.
— Ён затрыманы па артыкуле 328, — дадаў следчы. — Давай, расказвай, як усё было, інакш ён на 25 гадоў паедзе.
Андрэй паспрабаваў даведацца, чаму ж ён сам быў затрыманы? На што пачуў адказ: у супрацоўнікаў "ёсць нейкая інфармацыя":
—Ты сведка, давай што-небудзь кажы, — сказаў Здановіч, праўда дакументаў аб статусе сведкі Андрэю не паказаў.
Андрэй паказанні даваць адмовіўся і запатрабаваў паказаць яму дакумэнты, праўда адказ быў тым жа:
— Я не абавязаны нічога паказваць, ты сведка, а не падазраваемы.
Потым у пакой зайшлі ўсе тыя ж супрацоўнікі з тралейбуса і сталі пытацца ў Андрэя, дзе той жыве. Хлопец назваў сваю прапіску (якая не супадае з мінскай), што іх не задаволіла:
— Не, кажы, дзе ты ў Мінску жывеш!
Праз некаторы час Андрэй захацеў у прыбіральню, і супрацоўнікі пайшлі разам з ім. Адзін з іх пачаў казаць:
— Мы зараз цябе будзем тут катаваць, калі ня скажаш, дзе ты жывеш.
— Ды ладна, я ведаю, дзе ён жыве, — падключыўся Каралевіч і назваў адрас, дзе Андрэй час ад часу бывае ў гасцях.
— Давай ключы!
— Ніякіх ключоў у мяне няма. Я не аддам вам свой заплечнік! — сказаў Андрэй і выхапіў яго з рук супрацоўнікаў, якія мелі намер шукаць там.
Падключыўся следчы Здановіч (дзеянне ўжо плаўна перамясцілася ў яго кабінет):
— Мы маем права рабіць ператрусы па месцы, гэта проста агляд рэчаў. Ніякі дазвол на гэта не даюць, і нам ён не патрэбен.
Заплечнік усё ж быў ускрыты і супрацоўнікі дасталі ўсе рэчы Андрэя. Запрыкмеціўшы сярод іх нож, у хлопца запыталі:
— Ты гашыш гэтым нажом ня рэзаў?
— Не, ня рэзаў.
— А адкуль ты ведаеш, што такое гашыш?
Андрэй лічыць, што супрацоўнікі усялякімі метадамі спрабавалі вывудзіць з яго інфармацыю. Потым яны заўважылі ключ, на што хлопец адказаў, што гэта ключы са склада, дзе ён працуе.
Наўрад ці яны паверылі, аднак склалі рэчы і сышлі. Андрэя ж вывелі ў іншы кабінет, дзе "сядзеў нейкі грамадзянін і працаваў на кампутары". Праз прыкладна паўтары гадзіны прыйшоў Здановіч і вярнуў Андрэя назад да сябе ў кабінет. Там хлопец таксама сядзеў без справы каля 20 хвілін, у той час як следчы некалькі разоў стэлефаноўваўся з кімсьці і пытаўся: "Ну што там? Ну як там?"
Нарэшце прыкладна ў 19 гадзін (у той час як Андрэя з працы затрымалі прыкладна ў абед) сказаў:
— Ну ўсё, ты вольны пакуль што.
— Калі я сведка, дайце мне які-небудзь дакумэнт пра гэта.
— Я табе магу нічога не даваць, — адказаў следчы і вывеў Андрэя праз прахадную.
Потым Андрэй даведаўся, што ператрусы праходзілі па двух адрасах: там, дзе жыве яго затрыманы сваяк Ігар, і там, куды хлопец часам прыходзіў ў якасці госця.
Гісторыя №3. Працяг
Праз нейкі час Андрэй даведаўся, што справу яго сваяка перакваліфікавалі: цяпер яна з "наркатычнай" ператварылася ў "нейкую іншую" — звязаную з тым, што магчыма здзейсніў Ігар некалькі гадоў таму. А Андрэй усё так жа заставаўся ў ёй сведкам.
"Потым пайшлі званкі ад следчага Здановіча з прапановай прыйсці на размову", — успамінае хлопец. Ён ўхіляўся, але неўзабаве з ім звязалася сваячка і паведаміла: да Ігара ў СІЗА прыходзяць нейкія аператыўнікі і кажуць яму, каб той звязаўся праз яе з Андрэем.
Навошта? Ім патрэбныя былі паказанні па "гомельскай справе" (24 сакавіка 2017 года ў Гомелі была учынена спроба падпалу будынка падатковай інспекцыі, адказнасць за гэта ўзялі на сябе анархісты).
Сам Андрэй у дзень падпалу падатковай ў Гомелі сядзеў "на сутках" у Мінску — з-за планаваўшагася на наступны дзень Дня волі, на які ў выніку ён так і не трапіў.
"Яны знайшлі, як яны думаюць, "слабое звяно" — майго сваяка Ігара, хаця той наогул далёкі ад палітыкі. Яны проста выкарыстоўваюць сітуацыю — раптам, падпішу [паказанні]".
Хлопец лічыць, што ім так "цікавяцца" з-за яго палітычных поглядаў. Бо ён вызначае сябе анархістам. Ён прыйшоў да праваабаронцаў "Вясны", каб распавесці сваю гісторыю. А яшчэ падсумаваць — нельга супрацоўнічаць са следствам.
Застаецца адкрытым толькі адно пытанне: ці сапраўды Каралевіч з ГУБАЗіК і яго напарнік апынуліся ў тым тралейбусе выпадкова?