viasna on patreon

Ромам, якія перажылі генацыд, акажуць дапамогу

2019 2019-11-26T08:21:57+0300 2019-11-26T11:26:30+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/romy-2019-01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Прэзентацыя доўгатэрміновага праекта дапамогі ромам ў Гомелі.

Прэзентацыя доўгатэрміновага праекта дапамогі ромам ў Гомелі.

У Гомелі ромская грамадская арганізацыя «Рамана дром» прэзентавала доўгатэрміновы праект дапамогі ромам, якія перажылі генацыд, нямецкую акупацыю, дзецям вайны. Агулам у Гомлі і Гомельскай вобласці праектам будзе ахоплена каля 100 чалавек. Праект прадугледжвае гуманітарную дапамогу: прадукты, танометры, глюкометры, прадметы гігіены, лекі ды інш.

«Амаль усе старыя ромы жывуць са сваімі дзецьмі і іх дабрабыт наўпрост залежыць ад заробкаў дзяцей, – кажа каардынатарка праекту Вольга Нячаева. – Калі дзеці добра зарабляюць, старыя ромы жывуць у пэўным дастатку, калі не, даволі бедна. Толькі 10 % з іх жывуць у кватэрах, астатнія ў прыватных хатах, 50 % якіх маюць пільную патрэбу ў капітальным і касметычным рамонце. Няма сувязі пакаленняў, дзеці недзе ездзяць у пошуках заробку, старыя людзі застаюцца адны, адчуваюць сябе самотнымі ды пакінутымі».

romy-2019-03.jpg
Вольга Нячаева - кіраўнік арганізацыі "Рамана дром"

У межах праектнай дзейнасці старыя людзі атрымаюць прававую дапамогу, многія з іх непісьменныя і маюць патрэбу ў дапамозе ў стасунках з сацыяльнымі і лекавымі ўстановамі для афармлення, напрыклад, пенсіі альбо інваліднасці.

Клуб «З пакалення ў пакаленне», які мае на мэце перадачу ромскіх традыцый, звычаяў, мовы ад старых людзей моладзі працягне сваю працу. На рэгулярных сустрэчах ромаў розных пакаленняў працягнецца нефармальная камунікацыя і перадача досведу і ведаў.

Круглы стол, на якім быў прэзентаваны праект, адбыўся з удзелам прадстаўнікоў тэрытарыяльных цэнтраў розных раёнаў Гомнля, чыноўнікаў з упраўлення аховы здароўя, упраўлення ўнутраных спраў, аблвыканкаму.

romy-2019-02.jpg
Актывісты "Рамана дром"

Асаблівую зацікаўленасць у супрацы з «Рамана дром» выказала прадстаўніца медыкаў Яніна Буднік, якая паабяцала пракансультаваць прадстаўнікоў ромскай супольнасці пра магчымасці атрымання медычнай дапамогі, як у паліклініках, шпіталях, так і на даму.

«Не ўсе ведаюць, што для цяжкіх хворых у краіне прадугледжаны аналізы на даму: у вас могуць узяць аналізы мачы і крыві, зрабіць электракардыяграму, узяць сліну для выяўлення сухотаў, – паінфармавала Яніна Буднік. – Калі сярод ромаў ёсць ляжачыя хворыя, ці якім цяжка перасоўвацца, трэба карыстацца гэтымі магчымасцямі. Я з задавальненнем пракансультую на гэты конт».

Праект рэалізуецца пры падтрымцы нямецкага фонду «Памяць, адказнасць, будучыня» (Берлін) і з’яўляецца працягам дзейнасці, якая фінансуецца гэтым фондам з 2012 года.

Ларыса Шчыракова, "Гомельская вясна".

Фота аўтара

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства