Прэзентацыя CSO Meter і даклада пра свабоду асацыяцыяў у UPR
Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend 28 лістапада ладзяць прэзентацыю двух даследчых дакументаў, скіраваных на вывучэнне прававога становішча няўрадавых арганізацыяў у Беларусі.
Падчас імпрэзы будуць прадстаўленыя:
CSO Meter – агляд умоваў для дзейнасці арганізацыяў грамадзянскай супольнасці (АГС), зроблены ў межах кансорцыюма на чале з Эўрапейскім цэнтрам некамерцыйнага права (ECNL). Даклад па Беларусі з'яўляецца часткай рэгіянальнага агляду прававога асяроддзя і практыкі дзейнасьці АГС у шасці краінах Усходняга партнерства. Вырабленыя па адзінай метадалогіі краінавыя даклады і рэгіянальны параўнальны даклад будуць прадстаўленыя напярэдадні чарговай штогадовай Асамблеі Форума грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнёрства.
На падставе метадалогіі CSO Meter Асамблея НДА і Цэнтр прававой трансфармацыі падрыхтавалі адмысловы даклад “Свабода асацыяцыяў ды ўмовы для арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі”, які быў прадстаўлены Савету ААН па правах чалавека ў межах трэцяга цыкла Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду (UPR). Разгляд дакладу Беларусі па UPR прызначаны на травень 2020 году падчас 36-й сэсіі Рабочай Групы UPR Савета ААН па правах чалавека. Паводле працэдуры ААН выкладзеныя ў паведамленнях грамадзянскай супольнасьці ацэнкі будуць разгледжаныя разам з дзяржаўным дакладам, які цяпер рыхтуецца ўрадам Беларусі.
Падчас прэзэнтацыі будзе дадзены агляд асноўных паказчыкаў заканадаўства і практыкі, якія вызначаюць ўмовы для грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, у тым ліку: свабоду асацыяцыяў, раўнапраўе, доступ да фінансавання, свабоду мірных сходаў, удзел у прыняцці рашэнняў, свабоду выказвання меркаванняў, права на недатыкальнасць прыватнага жыцця, дзяржаўную абарону і падтрымку, супрацоўніцтва паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю. Па кожнай з азначаных сфераў даследчыкі выпрацавалі пералік індыкатараў адпаведнасці сітуацыі ў Беларусі міжнародным стандартам прававога рэгулявання і практыкі.
Імпрэза мае на мэце:
- Прадставіць асноўныя вынікі і рэкамэндацыі дакладаў па становішчы арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.
- Абмеркаваць прыярытэты і наступныя крокі па паляпшэнні ўмоваў для грамадзянскай супольнасьці ў краіне.
- Абмеркаваць ролю дзяржавы ды іншых зацікаўленых бакоў дзеля фармавання спрыяльнага асяроддзя для развіцця грамадзянскай супольнасьці.
Арганізатары запрасілі да ўдзелу ў дыскусіі лідараў і экспэртаў з некамерцыйнага сектару, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, дзейнасць якіх найбольш ўплывае на ўмовы для грамадзянскай супольнасьці, а таксама дыпламатаў з краінаў, якія высоўвалі рэкамэндацыі на адрас Беларусі падчас мінулага 2-га цыкла UPR у 2015 годзе.
Прэзэнтацыя CSO Meter: Ацэнка асяроддзя для грамадзянскай супольнасьці і справаздача па трэцім цыклі UPR для Беларусі
Чацвер, 28 лістапада 2019 г.
Гатэль “Crowne Plaza Minsk”, вул. Кірава, 13, Зала “Кінг” (рэгістрацыя ўдзельнікаў з 15:00, пачатак імпрэзы а 15:30)
Для ўдзелу у імпрэзе трэба да аўторку, 26 лістапада, 18:00 запоўніць анлайн-анкету.