Актывіст не атрымае кампенсацыю за знішчаныя міліцыяй кнігі
Вярхоўны суд пакінуў без задавальнення скаргу Ігара Багачака на адмову суда Савецкага раёна і Мінскага гарадскога суда пакрыць маёмасную шкоду за знішчаныя кнігі актывіста.
Нагадаем, яшчэ 24 сакавіка 2017 года да актывіста дадому з аглядам прыйшла міліцыя. З сабой супрацоўнікі міліцыі забралі 70 кніг, часопісаў і брашур, а на Ігара Багачака была ўзбуджаная адміністрацыйная справа за захоўванне экстрэмісцкай літаратуры і прадукцыі.
Вярхоўны суд разгледзеў скаргу і ў сваім адказе ўказаў, што ў дачыненні да актывіста 13.04.2017 года участковым інспектарам быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, прадугледжаным ч. 1 арт. 17.11 КаАП за захоўванне па месцы жыхарства прадукцыі, якая змяшчае і прапагандуе экстрэмісцкую дзейнасць. У той жа дзень быў складзены і акт, на падставе якога інфармацыйныя матэрыялы былі знішчаныя.
Аднак адміністрацыйная справа ў дачыненні да Ігара Багачака была спыненая па падставе сканчэння тэрміну накладання адміністрацыйнага спагнання 9 жніўня таго ж года.
Суд Савецкага раёна, куды актывіст звяртаўся з іскавай заявай на пакрыццё нанесенай шкоды, адмовіў яму ў заяўленай кампенсацыі ў 700 рублёў за знішчаную літаратуру. Судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда таксама не ўгледзела падстаў для задавальнення іску.
Вярхоўны суд палічыў, што артыкулам 933 Грамадзянскага кодэкса, на якую актывіст спасылаўся ў сваёй скарзе, рэгламентавана пакрыццё шкоды за парушэнне абавязацельстваў пры наяўнасці ўстаноўленых законам умоў для ўскладання грамадзянска-прававой адказнасці. А спрэчка па справе, якая ўзнікла з адміністрацыйна-прававых адносінаў, названай нормай не рэгулюецца.
«З прадстаўленых матэрыялаў вынікае, што дзеянні органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, у парадку главы 7 ПВКаАП не абскарджваліся і незаконнымі ва ўстаноўленым парадку не прызнаваліся. Таму падставаў для задавальнення заяўленых вамі патрабаванняў у парадку арт. 938 ГК не мелася.
Акрамя таго, адказнасць у сілу названай нормы надыходзіць пры наяўнасці віны ў дзеяннях органа альбо службовай асобы, якой на гэтай справе не ўстаноўлена», – адзначае ў адказе намеснік старшыні Вярхоўнага суда Юрый Кобец.
Вярхоўны суд прыходзіць да высновы, што судовыя пастановы, прынятыя па справе, адпавядаюць устаноўленым абставінам і закону, таму падстаў для іх адмены няма.
Юрыст ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка, які дапамагаў актывісту, падкрэслівае:
«Скарга ў Вярхоўны суд падавалася адразу пасля нарады ў Лукашэнкі па пытанні дзейнасці праваахоўных органаў. Такі адказ суда прымушае задумацца пра тое, што рэальных зменаў мы не бачым: ні міліцыя, ні суд, ні дзяржава не хочуць прызнаваць за сабой памылак і прадпрымаць якія-небудзь меры па аднаўленню парушаных правоў чалавека».
“Без суда і следства” супрацоўнікі міліцыі знішчылі цэлую бібліятэку актывіста