АБСЭ рэкамэндуе Беларусі пасля выбараў у Палату прадстаўнікоў «агульны перагляд прававой базы»
Старшыня назіральнай місіі БДІПЧ АБСЭ Карыен Ёнкер у інтэрв'ю агенцтву БелаПАН расказала пра аналіз вынікаў назірання за выбарамі ў беларускую Палату прадстаўнікоў. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода.
Выніковая справаздача БДІПЧ АБСЭ аб тых выбарах яшчэ не апублікаваная — ёсць толькі папярэдняя. Але, кажа Карыен Ёнкер, ужо вядома, што галоўнай рэкамэндацыяй для ўладаў Беларусі стане «агульны перагляд прававой базы».
Што не спадабалася назіральнікам АБСЭ
Канстытуцыя Беларусі гарантуе асноўныя свабоды — такія, як свабоду асацыяцый, свабоду сходаў ці свабоду выказвання думак. Але іншыя заканадаўчыя акты іх абмяжоўваюць, у тым ліку ў час выбарчай кампаніі, кажа Ёнкер.
Так, выбарчыя камісіі або журналісты дзяржаўных СМІ маглі абмежаваць выпуск агітацыйных матэрыялаў, калі бачылі ў лозунгах дыфамацыю (знявагу), але такія рашэнні павінен прымаць суд.
У законы Ёнкер таксама прапануе дадаць выразную норму пра склады выбаркамаў, каб туды траплялі прадстаўнікі розных партый (на выбарах 17 лістапада 97% чальцоў участковых камісій былі праўладныя), і дакладныя падставы для здымання кандыдатаў з выбараў (бо цяпер адмаўлялі ў рэгістрацыі ці пазбаўлялі яе на падставе «нязначных тэхнічных памылак»).
Таксама заканадаўства, мяркуе Ёнкер, павінна забяспечваць правы назіральнікаў, каб яны маглі «нармальна сачыць за працэсам, не стаяць ня менш як за чатыры мэтры ад скрыні для галасавання».
Гэта толькі папярэднія меркаванні старшыні місіі БДІПЧ АБСЭ. Поўны спіс рэкамэндацый будзе ў выніковай справаздачы аб выбарах. Зрэшты, шмат якія рэкамэндацыі, адзначыла Ёнкер, будуць такія самыя, як пасля папярэдніх выбараў у Палату прадстаўнікоў.
«Сумна, што многія з іх ужо рабіліся ў 2016 годзе, але так і не былі выкананыя», — адзначыла яна пра рэкамэндацыі беларускім уладам.
Не выконваўся адзін з найважнейшых прынцыпаў — празрыстасьць
Ёнкер адзначыла і перашкоды дзейнасці назіральнікаў АБСЭ падчас выбараў: часта яны «не маглі выконваць сваю працу належным чынам». Назіральнікам не давалі:
- паглядзець спісы выбарнікаў, каб праверыць іх на «дублікаты»;
- падысці да скрыняў для галасавання, каб спраўдзіць цэласнасць пячатак;
- стаяць побач падчас падліку галасоў і бачыць, за каго аддадзены голас у бюлетэні;
- пачуць вынікі падліку галасоў.
Таксама яна адзначыла, што падчас датэрміновага галасавання бюлетэні захоўваліся на ўчастках начамі, а іх бяспека не была гарантаваная. На урнах ставяцца такія пячаткі, якія можна пашкодзіць і лёгка аднавіць, а проразь у скрынях для галасавання прыкрываецца часам толькі паперкай. У выніку назіральнікі ня могуць быць упэўненыя, што абвешчаны вынік адпавядае рэальнай карціне датэрміновага галасавання.
75% навінаў перад выбарамі дэпутатаў — пра Лукашэнку, а ня выбары
У перадвыбарчы пэрыяд БДІПЧ АБСЭ ладзіла стандартны маніторынг прэсы: штодзень адсочвалі шэсць тэлеканалаў з 18 вечара да поўначы і дзвюх радыёстанцый з 18 да 20, выпускі навінаў на пяці рэгіянальных каналах, пэрыядычна ладзілі маніторынг шасці газэт і аналіз інтэрнэт-выданняў.
Аказалася, кажа Ёнкер, што «каля 75% навінавага эфіру нацыянальных вяшчальнікаў былі прысвечаныя дзейнасці прэзыдэнта», кандыдатаў не прадстаўлялі індывідуальна, казалі пра іх калектыўна і без спасылак на падзеі выбарчай кампаніі. Выйшла, што дзяржаўныя СМІ «не далі выбарнікам магчымасці даведацца належным чынам пра кампанію і тое, які кандыдат з якімі ідэямі выступае».
Недзяржаўныя тым часам арыентаваліся на саміх кандыдатаў і іхныя агітацыйныя захады, пікеты, «нават пратэсты былі адлюстраваныя ў гэтых СМІ», ладзіліся дэбаты між праўладнымі і апазыцыйнымі кандыдатамі.
«Беларусь добраахвотна ўзяла на сябе абавязак бараніць дэмакратычныя выбары»
Папярэднія высновы БДІПЧ АБСЭ крытыкавалі і старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі (і ня раз), і Міністэрства замежных спраў Беларусі, і МЗС Расеі. Ёнкер жа кажа, што ейная місія «неперадузята і бесстаронна выклала факты».
«Моц мэтадалогіі БДІПЧ якраз і палягае ў тым, што ацэнка грунтуецца не на асабістых уражаннях, а на звестках, атрыманых у час назірання па ўсёй краіне, — патлумачыла яна. — Мы публічна не даём ніякіх ацэнак да таго часу, пакуль не збяром і не прааналізуем звесткі ад усіх нашых назіральнікаў, якія працавалі ў краіне падчас датэрміновага галасавання і ў дзень выбараў.
Напрыклад, я магу знаходзіцца на ўчастку, дзе няма ніякіх парушэнняў, а на мностве іншых участкаў нашыя назіральнікі будуць фіксаваць сур'ёзныя парушэнні. І калі я выкажу свае асабістыя назіранні, што парушэнняў не было, то гэта сказіць агульную карціну. Каб пазбегнуць гэтага, назіральнікі БДІПЧ устрымліваюцца ад выказвання сваіх асабістых ацэнак».
Назіральнікі БДІПЧ былі на 1400 участках (25%) у час датэрміновага галасавання і на 1800 участках (30%) у асноўны дзень галасавання. Кожны запаўняў спэцыяльную анкету пра ўсе важныя працэдуры выбараў, таму АБСЭ магло казаць пра парушэнні «ў бальшыні выпадкаў» або «ў значнай колькасці выпадкаў». Пры тым, напрыклад, гандаль і канцэрты на выбарчых участках БДІПЧ ня лічыць парушэннем або ціскам на выбарніка, бо гэта не прымус галасаваць.
На тое, што назіральнікі ад СНД і ШАС пабачылі іншую карціну, яна толькі паўтарыла: «Мы напісалі і заявілі — гэта тое, што мы непасрэдна назіралі. Гэта неперадузятае і бесстаронняе выкладанне фактаў». Ёнкер перакананая, што колькасць участкаў, дзе былі назіральнікі БДІПЧ, дазваляе сцьвярджаць: атрымана агульная карціна таго, што было па краіне.
«Я хачу нагадаць, што Беларусь — сябра АБСЭ, — дадала Ёнкер. — Гэта азначае, што краіна добраахвотна ўзяла на сябе абавязанні падтрымліваць, заахвочваць і абараняць дэмакратычнае кіраванне і такім чынам праводзіць дэмакратычныя выбары».