Тайм-аут да 9 снежня. Суд над Беленькім адкладзены
Як паведамляе Беларускае Радыё Рацыя, у разглядзе адміністрацыйнага пратакола ў дачыненні да намесніка старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі - БНФ Юрыя Беленькага абвешчаны перапынак да 9 снежня. Такое рашэнне 3 снежня вынес суддзя суда Менскага раёна Віктар Шаўцоў.
Нагадаем, што раней Юры Беленькі, які быў заяўніком шэсця і мітынгу на Дзяды, што прайшлі 3 лістапада, атрымаў позву ў суд.
Яшчэ да гэтага Юрась Беленькі заявіў у інтэрв’ю Беларускаму Радыё Рацыя, што не збіраецца плаціць за правядзенне шэсця (каментуючы пастанову Саўміна №49, якая рэгламентуе аплату паслуг па ахове грамадскага парадку). Само шэсце было санкцыянавана ўладамі.
“Гэта абсурд – браць грошы за тое, што нехта вырашыў ушанаваць памяць продкаў”, – адзначыў тады Юры Беленькі.
З-за неаплаты паслуг міліцыі і абслугоўвання тэрыторыі падчас шэсця на Беленькага быў складзены пратакол аб адміністрацыйным парушэнні па частцы 2 артыкула 23.34 КаАП (Парушэнне ўсталяванага парадку арганізацыі або правядзення сходу, мітынгу [і г.д.]).