viasna on patreon

Вярхоўны суд: Акрэдытацыя журналістаў на судовыя паседжанні не з'яўляецца абавязковай

2019 2019-12-03T15:23:01+0300 2019-12-03T15:23:02+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/viarhouny_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вярхоўны суд Беларусі.

Вярхоўны суд Беларусі.

Вярхоўны суд адказаў на зварот Беларускай асацыяцыі журналістаў з просьбай змяніць Інструкцыю аб парадку наведвання будынкаў судоў. Аб гэтым паведамляецца на сайце арганізацыі.

У цэлым Вярхоўны суд падтрымаў рашэнне Мінскага гарадскога суда нічога не змяняць у інструкцыі. Нагадаем, што Беларуская асацыяцыя журналістаў афіцыйна прапаноўвала палегчыць доступ прадстаўнікоў медыя на судовыя пасяджэнні.

ГА «БАЖ» прапаноўвала ўстанавіць, што журналісты маюць права праходзіць у будынак суда і праносіць прафесійную тэхніку для ажыццяўлення сваёй дзейнасці па прад'яўленні дакумента, які сведчыць асобу, альбо службовага пасведчання.

Разам з тым у сваім адказе першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч паведамляе:

«У судах агульнай юрысдыкцыі ў мэтах удасканалення работы са СМІ журналістам прадастаўлена магчымасць папярэдняй акрэдытацыі на судовыя пасяджэнні. Пры гэтым такая акрэдытацыя не з'яўляецца абавязковай, а толькі дае магчымасць журналісту папярэдне заявіць пра намер наведаць судовае пасяджэнне і атрымаць адпаведную арганізацыйную дапамогу».

vs_zhurnalisty1.jpg 

vs_zhurnalisty2.jpg

ГА «БАЖ» рэкамендуе калегам захаваць сабе скан дадзенага дакумента і спасылацца на яго ў выпадку парушэння сваіх правоў, а таксама паведамляць пра гэта ў журналісцкую арганізацыю.

Тым часам намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў не задаволены адказам Вярхоўнага суда:

«На жаль, Вярхоўны суд не разгледзеў наш зварот па сутнасці. Мы па-ранейшаму лічым, што неабходнасць атрымліваць дазвол на ўваход у будынкі судоў з журналісцкай тэхнікай з'яўляецца недапушчальным абмежаваннем правоў журналістаў. Мы плануем абскарджваць пазіцыю Мінскага гарадскога суда ў судовым парадку».

У гэтым годзе сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў некалькі разоў скардзіліся на тое, што не былі дапушчаныя на адкрытыя судовыя паседжанні ў Мінску.

Да прыкладу, 4 сакавіка журналістку газеты «Новы Час» Дыяну Серадюк не прапусцілі ў будынак суда Маскоўскага раёна Мінска на абвяшчэнне прысуду Марыне Золатавай у сувязі з тым, што ў яе быў фотаапарат і не было ўзгаднення на пранос дадзенай тэхнікі. Паколькі спецыяльнага месца для захоўвання тэхнікі ў судзе няма, журналістку так і не прапусцілі на судовае паседжанне, што перашкодзіла ёй выканаць прафесійныя абавязкі па асвятленні судовага працэсу.

Абарона правоў на атрыманне інфармацыі з'яўляецца адным з галоўных кірункаў працы ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства