Адміністрацыйны пераслед восенню 2019 года ў графіках і лічбах
Пасля летняга зацішша, калі складалася даволі мала адміністрацыйных пратаколаў па палітычна-матываваных артыкулах, пачалася новая хваля рэпрэсій. Значная іх частка выпала на канец выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў, то бок на лістапад.
Па звестках праваабаронцаў, у перыяд з першага верасня па 30 лістапада адбылося больш за 70 выпадкаў складання пратаколаў, адвольных затрыманняў і іншых інцыдэнтаў (папярэджанні, зняццё з цягніку і г.д.). Большасць з іх выпала на лістапад, калі ў Мінску прайшлі самыя буйныя акцыі пратэсту.
Часам грамадзян затрымлівалі без складання пратаколаў. Як прыклад – затрыманні актывістаў і журналістаў у дзень акцыі на плошчы Свабоды (8 лістапада), анансаванай блогерам Nexta. Тады, дарэчы, былі затрыманы тры журналісты здымачнай групы нямецкага тэлеканалу. Таксама прэвентыўнымі затрыманнямі без складання пратаколаў адзначылася акцыя “Сустрэча свабодных людзей” 15 лістапада. Тады перад пачаткам акцыі былі затрыманы шэсць актывістаў “Еўрапейскай Беларусі”.
Агульная колькасць судоў па адміністрацыйных справах супраць актывістаў – 24. У асноўным, вынікамі судоў былі штрафы. Так, агульная сума, якую мусяць заплаціць актывісты (а менавіта 14 чалавек) у якасці штрафаў па палітычна матываваных артыкулах, склала 15147 рублёў (594 базавыя велічыні). Пасля перапынку на лета ўзнавілася практыка адміністрацыйных арыштаў. Так, актывіст “Народнай Грамады” Сяргей Спарыш атрымаў 15 сутак за непадпарадкаванне міліцыянтам перад судом над Дзмітрыем Паліенкам. Столькі ж сутак атрымаў полацкі блогер і актывіст Алесь Круткін. Прычым такое строгае судовае рашэнне было вынесена за пост у Facebook, у якім ён заклікаў паўдзельнічаць у несанкцыянаванай акцыі.
Больш за ўсё судоў па адміністрацыйных справах за восень зафіксавана ў Мінску і Мінскім раёне (17). На другім месцы па колькасці судоў – Брэст (4). Тры з гэтых судоў скончыліся вялікімі штрафамі для сям’і актывістаў “Еўрапейскай Беларусі” Андрэя Шарэнды і Паліны Шарэнда-Панасюк. Актывістка была кандыдаткай ў дэпутаты на парламенцкіх выбарах, аднак яе пазбавілі рэгістрацыі за парушэнні выбарчага заканадаўства (па меркаванні акруговай камісіі). Пікеты, якія яна праводзіла разам з мужам, палічылі не адпавядаючымі выбарчай тэматыцы і парушаючымі заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. І ў выніку за іх правядзення сям’я атрымала амаль 4000 долараў штрафу.
Калі разглядаць артыкулы Адміністрацыйнага кодэксу, па якіх судзілі актывістаў восенню 2019 года, то можна пабачыць, што большасць судоў ужо традыцыйна праходзілі па наступных артыкулах:
- 23.34 (арганізацыя ці ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Зафіксавана 9 выпадкаў.
- 23.4 (непадпарадкаваньне законным патрабаваньням службовай асобы). Зафіксавана 6 выпадкаў.
- 17.1 (дробнае хуліганства). Зафіксавана 5 выпадкаў.
Пад пераслед па гэтых артыкулах у дадзены перыяд трапілі актывісты “Маладога фронту”. Трох з іх (Дзяніса і Максіма Урбановічаў, Віталя Трыгубава) у верасні аштрафавалі за ўшанаванне памяці Янкі Купалы і роварны забег з бел-чырвона-белым сцягам (па артыкуле 23.34 КаАП). А трэцяга лістапада, пасля заканчэння акцыі на Дзяды, актывісты МФ былі затрыманы, збіты і затым асуджаны па арт. 17.1 і 23.4 КаАП.
Пасля чатырох месяцаў “адлігі” ў кастрычніку прайшло судовае пасяджэнне супраць незалежнай журналісткі з Бялыніч Дар’і Чульцовай за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі (ч.2 арт. 22.9 КаАП). У выніку яе аштрафавалі на 20 базавых велічынь (510 рублёў). За дзень да заканчэння выбарчай кампаніі пратаколы па гэтым артыкуле былі складзеныя на журналістаў Змітра Лупача і Алену Шабуня. У хуткім часе адбудзецца суд.
Варта адзначыць, што ў апошнія тры месяцы праваабаронцамі быў зафіксаваны толькі адзін выпадак прыцягнення да адказнасці па артыкуле 17.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). У той жа час за вясну і лета такіх выпадкаў было 8 (уключаючы артыкул 17.10 КаАП – распаўсюд нацысцкай сімволікі). Аднак гэта не значыць, што беларускія праваахоўнікі надаюць менш увагі сацыяльным сеткам. Працягваецца складанне пратаколаў і наступныя рэпрэсіі за публікацыі ў інтэрнэце заклікаў да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Яскравы прыклад таму – асуджаны на 15 сутак Алесь Круткін і аштрафаваны ўжо ў снежні на 20 базавых блогер Зміцер Казлоў (за тое, што заклікаў на акцыю 8 лістапада).
У параўнанні з восенню 2018 года колькасць рэпрэсій, звязаных з прымяненнем адміністрацыйных артыкулаў, знізілася каласальна. Тады за тры восеньскія месяцы 90 чалавек атрымалі штрафы на амаль 79500 рублёў, у гэтым годзе – на 15147 рублёў. Відавочна, сваю ролю тут адыгравала парламенцкая кампанія. Аднак пасля яе завяршэння на актывістаў літаральна пасыпаліся пратаколы за лістападаўскія акцыі пратэсту. І ўжо зразумела, што снежань па колькасці і велічыні штрафаў зноў будзе біць рэкорды.
Больш падрабязна - у "Базе дадзеных адміністрацыйнага пераследу".
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96