viasna on patreon

Сябра арыштаванага назіральніка Маркелава: "З Пецем ужо ўсё добра" Дапоўнена

2019 2019-12-17T13:19:50+0300 2019-12-17T17:32:54+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/petr_markelau_s.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пётр Маркелаў. Фота Радыё Свабода

Пётр Маркелаў. Фота Радыё Свабода

Як паведамляе Радыё Свабода, да назіральніка Пятра Маркелава, якога арыштавалі за відэаздымку падліку галасоў на выбарчым участку ў Мінску, трэці дзень не пускаюць адваката.У цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на мінскім завулку Акрэсціна кожны раз кажуць, што ўсе памяшканні для сустрэч занятыя.

«Адвакатка ў 10.30 прыйшла ў ізалятар на Акрэсціна, і зноў „занятыя кабінэты“. Напісала ў кнігу заўваг. Чакае далей», — паведаміла Свабодзе праваабаронца Вікторыя Фёдарава з арганізацыі «Прававая ініцыятыва».

Апошнія звесткі ад Маркелава былі 12 снежня. Тады ягоная маці расказала Свабодзе, што сына трымаюць у кепскіх умовах — у камэры вошы і смурод. Маркелаў той раз прасіў, каб адвакат нешта з гэтым зрабіў.

Як стала вядома ПЦ "Вясна", у другой палове 17 снежня да Пятра Маркелава ўсё ж дапусцілі адваката. Пасля гэтага адзін з сябраў арыштанта напісаў у сацыяльных сетках: 

"З Пецем ужо ўсё добра, першыя дні было жорстка: бамжы, вошы, забралі матрас, пастаянныя ператрусы, вырвалі і забралі з нататніка яго запісы, ён не высыпаўся. Зараз нармальна, бамжы павыходзілі, умовы добрыя".

Нагадаем, 9 снежня на пасяджэнні суда Маскоўскага раёна Мінска суддзя Таццяна Мотыль прызнала Маркелава вінаватым у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні міліцыі і асудзіла яго на 14 сутак арышту за інцыдэнт на выбарчым участку 17 лістапада, у асноўны дзень галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў.

На парламенцкіх выбарах Пётр Маркелаў з'яўляўся даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты ад «Моладзевага блоку» Станіслава Шашка. Актывіст быў затрыманы на выбарчым участку № 286 па Паўднёва-Заходняй акрузе сталіцы № 99. Інцыдэнт на ўчастку пачаўся з таго, што Маркелаў і Шашок абурыліся вынікамі падліку галасоў.

Паводле слоў Шашка, яны запатрабавалі пералічыць галасы, Маркелаў уключыў відэаздымку і вёў трансляцыю ў «Фэйсбуку». У адказ камісія выклікала супрацоўніка міліцыі.

Літоўская дэпутатка Аўшрыне Арманайце 11 снежня напісала амбасадзе Беларусі ліст пратэсту супраць арышту Маркелава. Яна заклікала беларускія ўлады не чыніць перашкодаў самым яскравым і ідэйным прадстаўнікам моладзі.

«Моладзевы блок» заклікаў дасылаць Маркелаву лісты салідарнасці на адрас: 1-ы завулак Акрэсціна, 36, Мінск.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства