viasna on patreon

Вярхоўны суд: «Супрацоўнікі РУУС дзейнічалі выключна ў межах закона»

2019 2019-12-19T12:13:14+0300 2019-12-19T12:13:14+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vikencij-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Віктар Кавалькоў (айцец Вікенцій). Фота: Радыё Свабода

Віктар Кавалькоў (айцец Вікенцій). Фота: Радыё Свабода

Вярхоўны суд у наглядным парадку разгледзеў грамадзянскую справу Віктара Кавалькова (айца Вікенція) па іску аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 500 рублёў.

Нагадаем, яшчэ 28 лістапада мінулага года святара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айца Вікенція затрымалі супрацоўнікі Першамайскага РУУС Мінска за тое, што ён прасіў міласціну ў жыхароў аднаго з дамоў горада. На яго склалі пратакол па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і змясцілі на ноч у ізалятар, хоць Кавалькоў паказваў міліцыянтам пасведчанне інваліда другой групы.

На наступны дзень яго адпусцілі, а яшчэ праз некалькі дзён яго адміністрацыйную справу спынілі, бо не знайшлі ў яго дзеяннях правапарушэння. Віктар Кавалькоў палічыў сваё затрыманне незаконным і з дапамогай юрыстаў ПЦ "Вясна" звярнуўся ў суд з патрабаваннем ад ГУУС Мінгарвыканкама і Міністэрства фінансаў маральнай кампенсацыі за перанесеныя пакуты – адміністрацыйнае затрыманне больш за тры гадзiны, утрыманне пад вартай, вядзенне ў адносінах да яго адміністрацыйнага працэсу.

Суд Маскоўскага раёна 16 красавіка 2019 года, а пасля і Мінскі гарадскі суд 3 чэрвеня 2019 года адмовілі ў задавальненні пазову.

Пасля гэтага Віктар Кавалькоў звярнуўся ў Вярхоўны суд са скаргай аб адмене судовых пастаноў.

У сваім адказе намеснік старшыні Вярхоўнага суда Андрэй Забара сцвярджае, што падстаў для задавальнення скаргі не маецца на падставе таго, што «суд правільна ўстанавіў фактычныя абставіны справы, даў належную ацэнку прадстаўленым доказам, у тым ліку довадам бакоў у абгрунтаванні сваіх прававых пазіцый па справе, адпаведна ўжыў нормы закона і прыйшоў да абгрунтаванай высновы аб адсутнасці прававых падстаў для задавальнення заяўленага пазову».

Так, на думку Вярхоўнага суда, было ўстаноўлена, што дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў па складанні пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні не выходзілі за межы іх службовых паўнамоцтваў; дзеянні і рашэнні РУУС, а таксама адміністрацыйнае затрыманне Віктара Кавалькова, незаконнымі не прызнаныя.

Пры правядзенні ж службовай праверкі па скарзе айца Вікенція начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі Першамайскага РУУС г. Мінска было ўстаноўлена, што нагоды і падставы для пачатку адміністрацыйнага працэсу, а таксама яго затрымання меліся.

«Парушэнняў заканадаўства супрацоўнікамі Першамайскага РУУС г. Мінска ў частцы асабістай недатыкальнасці, затрымання і ўтрымання да разгляду справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў судзе дапушчана не было. Супрацоўнікі дзейнічалі выключна ў рамках Закона «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь», – адзначаецца ў адказе Вярхоўнага суда.

Пры гэтым суду не было прадстаўлена якіх-небудзь дакладных і дастатковых доказаў, якія пацвярджаюць, што дзеяннямі супрацоўнікаў міліцыі Віктару Кавалькову была нанесеная маральная шкода.

«Факт вынясення судом Першамайскага раёна г. Мінска пастановы аб спыненні ў дачыненні да вас справы аб адміністрацыйным правапарушэнні за адсутнасцю ў дзеі складу такога правапарушэння не сведчыць аб незаконнасці дзеянняў супрацоўнікаў РУУС, якія распачалі вядзенне адміністрацыйнага працэсу і падрыхтоўку справы аб адміністрацыйным правапарушэнні да разгляду», – упэўнены намеснік старшыні Вярхоўнага суда.

Зыходзячы з гэтага, а таксама з улікам таго, што суд Першамайскага раёна г. Мінска прыйшоў да «пэўнай высновы аб адмове ў задавальненні пазову аб спагнанні грашовай кампенсацыі маральнай шкоды», Вярхоўны суд адмовіў у прынясенні пратэсту па справе Віктара Кавалькова.

Суд адмовіўся кампенсаваць айцу Вікенцію ноч у ізалятары

Суд Маскоўскага раёна Мінска адмовіў Віктару Кавалькову (айцу Вікенцію) у кампенсацыі маральнай шкоды за ноч, праведзеную ў ізалятары.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства