У Гародні асудзілі Мікалая Саляніка за арганізацыю "Жывога ланцугу" Дапоўнена
У судзе Кастрычніцкага раёна Гародні адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы актывіста “Народнай грамады” Мікалая Саляніка.
На яго было складзена два пратаколы: па ч.3. арт. 23.34 КаАП - за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі за незалежнасць “Жывы ланцуг”, якая прайшла ў Гародні 15 снежня, і па ч.2 арт. 23.34 – за заклік да ўдзелу ў ім (у якасці арганізатара).
Каля 15 чалавек прыйшлі падтрымаць Саляніка ў судзе. Сам актывіст узяў з сабой Канстытуцыю і кодэксы.
Справу разглядала суддзя Алена Тоўсцік-Самойла. У якасці сведкаў выкліканы міліцыянты Генадзь Кейзер, Станіслаў Шутовіч і Кутнікаў.
Салянік заявіў адвод суддзі на той падставе, што суддзі, па яго меркаванні, прызначаны нелегітымным прэзідэнтам. Пасля перапынку Тоўсцік-Самойла адхіліла хадайніцтва і працэс працягнуўся.
Падчас свайго выступу Мікалай Салянік адзначыў, што не лічыць сябе вінаватым і сваё затрыманне назваў незаконным.
Затым выступіш сведка Шутовіч. Менавіта ён пабачыў у інтэрнэце заклік да ўдзелу ў акцыі 15 снежня. Пасля яго – Кейзер, які пацвердзіў удзел Саляніка ў акцыі. Трэці сведка-міліцыянт бачыў Саляніка на мосце падчас акцыі.
Суддзя абвясціла перапынак для прыняцця рашэння па справе. У выніку яна агучыла рашэнне: 45 базавых велічынь штрафу (па ч. 2 - 22 базавыя, ч. 3 - 23), ці 1147,5 рублёў.
Пасля зачытвання пастановы Салянік заявіў, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь не дзейнічае, і разарваў асобнік Канстытуцыі.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96