viasna on patreon

5 прычын, чаму законапраект "Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі" не будзе працаваць Відэа

2019 2019-12-24T16:10:35+0300 2019-12-24T16:11:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/drazdouski29.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пасля таго, як Беларусь прыняла Канвенцыю ААН па правах людзей з інваліднасцю ў 2016 годзе, краіна пачала рабіць значныя крокі, каб палепшыць становішча людзей з інваліднасцю. Кульмінацыяй гэтага працэсу, на думку Офіса па правах людзей з інваліднасцю, павінна стаць прыняцце прагрэсіўнага законапраекта «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі», які ў снежні 2019 паступіў на разгляд у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Каманда Офіса зрабілі ўсё, каб законапраект абараняў правы людзей з інваліднасцю, але чыноўнікі з урада не падтрымалі іх самыя важныя прапановы. Праваабаронцы вылучылі пяць прычын, чаму закон у бягучым выглядзе не будзе працаваць.

1. Адсутнасць механізмаў абароны ад дыскрымінацыі

Людзі з інваліднасцю вельмі ўразлівыя і маюць патрэбу ў асаблівай падтрымцы і абароне.

"Калі мы такія ж людзі і ў нас такія ж правы, як і ва ўсіх астатніх, чаму мы не можам паступіць ва ўніверсітэт, дзе хочам вучыцца? Чаму не можам ўладкавацца на працу, якую можам выконваць не горш за астатніх? Чаму ў маці адбіраюць дзяцей з-за іх інваліднасці?", – задаюцца пытаннямі праваабаронцы.

Калі закон не растлумачыць, што гэтыя пытанні пра дыскрымінацыю, і не абароніць ад яе – нічога не зменіцца.

2. Адмова ад дэінстытуалізацыі і захаванне інстытута поўнага пазбаўлення дзеяздольнасці

Больш за 14 тысяч чалавек знаходзіцца ў месцах несвабоды без рашэння суда. Прагрэсіўныя краіны прымаюць законы і нацыянальныя праграмы па дэінстытуалізацыі для таго, каб пачаць цяжкі шлях ад ізаляцыі да жыцця ў грамадстве.

"Мы не павінны назаўсёды выдаляць людзей з псіхасацыяльнымі парушэннямі са свайго жыцця за высокія платы. Людзі ў інтэрнатах пазбаўленыя практычна ўсіх грамадзянскіх правоў: з кім жыць, чым харчавацца, калі прачнуцца, у што апранацца, што купляць. Усе яны пазбаўленыя дзеяздольнасці. Калі закон не паўплывае на сітуацыю, то нічога не зменіцца", – перакананы кіраўнік Офіса Сяргей Драздоўскі.

3. Адсутнасць інклюзіўнасці выбараў

Ці могуць невідушчыя людзі ў дастатковай ступені быць упэўненымі ў тым, за каго галасуюць? Ці могуць людзі з праблемамі слыху пачуць дэбаты? Ці заўсёды чалавек у інваліднай калясцы можа патрапіць на выбарчы ўчастак для таго, каб таемна аддаць свой голас?

І яшчэ больш глабальнае пытанне: ці могуць гэтыя людзі на роўных канкураваць у перадвыбарнай гонцы?

У законе пра гэта нічога няма, а значыць – нічога не змяніцца.

4. Захаванне патэрналісцкіх адносінаў у аказанні фінансавай і матэрыяльнай дапамогі

У Беларусі створаная велізарная сістэма дапамогі і падтрымкі людзей з інваліднасцю, у якой меркаванне самога чалавека з інваліднасцю не мае значэння. Як быццам грамадства заўсёды ведае лепш, чым сам чалавек.

"Грамадства аплаціла сацыяльнага работніка, але абраць яго ты не можаш – гэта зробіць за цябе дзяржустанова. Грамадства аплаціла табе каляску, пратэз, акуляры, але якімі ім быць, выбіраеш не ты, а дзяржава. Шукаеш працу, але зноў жа дзяржава вырашае, дзе забраніраваць табе працоўнае месца. Чалавек вымушаны атрымліваць тое, што яму даюць, не маючы права выбару", – падкрэслівае Сяргей Драздоўскі.

І пакуль інтарэсы дзяржавы вышэй за правы чалавека – нічога не зменіцца.

5. Захаванне выключна медыцынскага падыходу да вызначэння інваліднасці

Ці ёсць розніца паміж жыццём пажылога невідушчага чалавека ў далёкім пасёлку і жыццём таксама невідушчага 30-гадовага чалавека ў добрым раёне Мінска? Хто з іх мае патрэбу ў большай дапамозе і падтрымцы? Менавіта таму неабходна ўлічваць усе жыццёвыя фактары чалавека, а не толькі яго дыягназ. А для гэтага неабходна змяніць сістэму экспертызы інваліднасці ў Беларусі.

«Калі хоць бы гэтыя пяць праблемаў не знойдуць свайго рашэння ў новым законапраекце – нічога не змяніцца», - лічаць праваабаронцы Офіса па правах людзей з інваліднасцю.

5 прычын, чаму законапраект "Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі" не будзе працаваць

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства