Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Снежань 2019
Высновы:
- на працягу месяца ў месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны;
- у снежні назіраўся значны рост рэпрэсій у дачыненні да ўдзельнікаў мірных сходаў, якія адбываліся ў перыяд правядзення парламенцкіх выбараў, а таксама ўдзельнікаў серыі мірных акцый пратэсту супраць падпісання пагаднення аб г.зв. «паглыбленай інтэграцыі» паміж Беларуссю і Расійскай Федэрацыяй. Усяго на працягу снежня да адміністрацыйнай адказнасці за мірны пратэст на грамадзян было накладзена не менш за 70 адміністрацыйных спагнанняў, 12 з іх былі падвергнуты адміністрацыйным арыштам тэрмінам ад 5 да 15 сутак; разгляд вялікай колькасці адміністрацыйных справаў нечакана быў адкладзены да 8 студзеня 2020 года.
- варта адзначыць, што несанкцыянаваныя сходы ў падтрымку незалежнасці гвалтоўна міліцыяй не спыняліся, іх ўдзельнікі не затрымліваліся ні падчас саміх сходаў, ні непасрэдна пасля іх завяршэння;
- на працягу месяца былі зафіксаваныя выпадкі пераследу незалежных журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, тэлеканалам «Белсат», у прыватнасці;
- 17 снежня праваабаронцам стала вядома аб прывядзенні ў выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні да жыхара Бабруйска Аляксандра Асіповіча. Пакараны смерцю не паспеў завяршыць абскарджанне вынесенага Магілёўскім абласным судом прысуду ў парадку нагляду ў Вярхоўным Судзе і падаць індывідуальны зварот у КПЧ ААН аб парушэнні Рэспублікай Беларусь яго правоў;
- у цэлым, сітуацыя з правамі чалавека на працягу месяца заставалася нездавальняючай. Назіралася агульнае пагаршэнне сітуацыі ў параўнанні з папярэднімі перыядамі, што ў першую чаргу выявілася ў росце колькасці выпадкаў прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ўдзельнікаў мірных сходаў.
Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
У месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца Міхаіл Жамчужны, прызнаны беларускай праваабарончай супольнасцю палітвязнем.
Як паведаміў Аляксандр Кабанаў, раней узбуджаная ў дачыненні да яго крымінальная справа спыненая з фармулёўкай “праз адсутнасць складу злачынства”.
Нагадаем, што яго падазравалі ў прысваенні і растраце больш за 400 рублёў (ч. 1 арт. 211 Крымінальнага кодэкса), якія ён атрымаў ад жыхароў дома, у якім жыве, на дзяржаўную рэгістрацыю таварыства ўласнікаў і выраб праектнай дакументацыі на будаўніцтва падвальных памяшканняў.
У пачатку ліпеня 2019 г. Бярозаўскі аддзел Следчага камітэта спыніў справу супраць блогера за адсутнасцю складу злачынства, а ў канцы кастрычніка — аднавіў яе. Пры гэтым, крымінальная справа была ўзбуджаная практычна адразу пасля выступу А. Лукашэнкі, які ў чарговы раз выказаўся пра тое, што некаторыя праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода ў г. Брэсце «рвуцца ва ўладу».
21 лістапада 2019 г. стала вядома пра чарговае прыпыненне крымінальнай справы.
Блогер Аляксандр Кабанаў разам з Сяргеем Пятрухіным не раз прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці. Іх штрафавалі за відэаролікі для канала «Народны рэпарцёр», у якіх яны асвятляюць сітуацыю вакол будаўніцтва пад Брэстам акумулятарнага завода «АйПаўэр», за збор подпісаў за адстаўку чыноўнікаў, які міліцыя і суд палічылі несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам, і г.д. Праваабарончая супольнасць раней патрабавала спынення пераследу і ціску на блогераў С. Пятрухіна, А. Павука і А. Кабанава.
Парушэнне свабоды асацыяцыяў
12 снежня Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь адмовіў у апеляцыйнай скарзе заснавальнікам брэсцкага абласнога экалагічнага праваабарончага грамадскага аб'яднання «ЭкаБрэст».
Вярхоўны суд пакінуў у сіле рашэнне Брэсцкага абласнога суда ад 25 верасня, які ў сваю чаргу не задаволіў скаргу заснавальнікаў на адмову ў рэгістрацыі аб'яднання.
Заснавальнікі «ЭкаБрэста» прасілі Вярхоўны суд адмяніць рашэнне абласнога суда і абавязаць галоўнае ўпраўленне юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама зарэгістраваць грамадскае аб'яднанне.
Устаноўчы сход «ЭкаБрэста» адбыўся 26 траўня. Заснавальнікамі арганізацыі выступілі 12 жыхароў Брэста і Брэсцкага раёна. Галоўная мэта — шырокае прыцягненне грамадскасці да вырашэння экалагічных праблем, абарона правоў і свабод чалавека, зафіксаваных у Канстытуцыі Беларусі і яе міжнародных дамовах.
26 чэрвеня 2019 г. у галоўнае ўпраўленне юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама былі пададзены дакументы на рэгістрацыю арганізацыі, а 26 ліпеня была атрыманая адмова ў дзяржрэгістрацыі.
Смяротнае пакаранне
17 снежня стала вядома аб прывядзенні ў выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні да Аляксандра Асіповіча.
Аб прывядзенні прысуду ў выкананне «Камерцыйнаму кур'еру» паведаміла старшы пракурор аддзела пракуратуры Магілёўскай вобласці Вольга Іванова, якая выступала па гэтай крымінальнай справе на працэсе ў якасці дзяржаўнага абвінаваўцы.
9 студзеня 2019 года 36-гадовы Аляксандр Асіповіч быў асуджаны да смяротнага пакарання Магілёўскім абласным судом. 14 траўня судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь адмовіла ў задавальненні яго апеляцыйнай скаргі і пакінула раней вынесены смяротны прысуд без зменаў.
Як паведаміла В. Іванова, пасля рашэння Вярхоўнага суда Асіповіч напісаў асабістае хадайніцтва аб памілаванні на імя прэзідэнта А. Лукашэнкі. Але кіраўнік дзяржавы пакінуў хадайніцтва без задавальнення.
Варта адзначыць, што смяротны прысуд у дачыненні да Асіповіча быў прыведзены ў выкананне нягледзячы на тое, што той намераваўся ў бліжэйшы час падрыхтаваць і падаць наглядную скаргу і актыўна кантактаваў у сувязі з гэтым са сваім абаронцам, рыхтаваў іншыя дзеянні у сваю абарону, настойваючы на невінаватасці.
Дадзеная акалічнасць яшчэ раз падкрэслівае неэфектыўнасць такога механізму прававой абароны на нацыянальным узроўні, як абскарджанне прысуду ў парадку нагляду.
Акрамя таго, праваабаронцам дакладна вядома аб намеры Асіповіча падаць індывідуальны зварот у КПЧ ААН аб парушэнні яго правоў дзяржавай.
Парушэнні свабоды мірных сходаў і свабоды выказвання меркаванняў
З пачатку месяца пачаліся адміністрацыйныя працэсы ў судах па справах актывістаў, якія былі заўважаныя на акцыях у перыяд выбараў: 2 снежня ў судзе Першамайскага раёна г. Мінска прызначаны чатыры штрафы на дзень на агульную суму 175 базавых велічынь — амаль 4,5 тысячы беларускіх рублёў. Аштрафаваныя Дзяніс Красачка, Ніна Багінская, Вольга Нікалайчык і Леанід Кулакоў.
У Оршы за ўдзел у сталічных масавых мерапрыемствах выбарчага перыяду на 510 рублёў аштрафаваны Дзмітрый Казлоў.
Лідара «Маладога фронту» Дзяніса Урбановіча і яго брата Максіма Урбановіча аштрафавалі ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска: 8 лістапада на акцыі «Сустрэча свабодных людзей» яны тузалі дзверы гарадской Ратушы, калі кінуліся за актывістам Андрэем Шарэндам, якога супрацоўнікі АМАПу зацягнулі ў будынак.
5 снежня ў тым жа судзе аштрафавалі на буйныя сумы Насту Гусеву, Андрэя Кудзіка, Арцёма Чарняка, Паўла Севярынца і іншых актывістаў за ўдзел ва «Сустрэчы свабодных людзей» на плошчы Свабоды ў Мінску 16 лістапада. Агульная сума штрафаў за дзень склала 7 650 рублёў.
На наступны дзень судовы канвеер запрацаваў у судзе Маскоўскага раёна сталіцы: Яўген Афнагель, Наталля Саматыя, Анастасія Гусева і іншыя атрымалі буйныя штрафы.
Рэпрэсаваныя і ўдзельнікі акцый у перыяд выбараў у Брэсце.
У сувязі з гэтым прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» выступілі з заявай і адзначылі, што пераслед грамадзян за мірную рэалізацыю імі асноўных палітычных і грамадзянскіх правоў у перыяд правядзення выбараў з'яўляецца нічым іншым, як парушэннем правоў чалавека і непрыхаванымі палітычнымі рэпрэсіямі ў поствыбарчы перыяд, што яшчэ больш падкрэслівае недэмакратычны характар сёлетняй электаральнай кампаніі. Праваабаронцы выказалі свой пратэст і запатрабавалі ад уладаў Рэспублікі Беларусь неадкладнага спынення рэпрэсій у дачыненні да прадстаўнікоў апазіцыйных партый і рухаў.
Акрамя таго, юрысты і эксперты Праваабарончага цэнтра «Вясна» ў сувязі з рэпрэсіямі ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных сходаў, якія праходзілі падчас выбарчай кампаніі, падрыхтавалі і накіравалі зварот да органаў ААН па правах чалавека. Дакумент тэрмінова накіраваны Спецыяльнаму дакладчыку па пытанні аб праве на свабоду мірных сходаў і асацыяцый, Спецыяльнаму дакладчыку па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне, а таксама Спецдакладчыку па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.
На фоне падпісання дарожных мапаў па інтэграцыі Беларусі і Расіі, а таксама анансаванай на 7 снежня сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Сочы, дэмакратычнымі сіламі былі падрыхтаваны і заяўлены акцыі ў абарону незалежнасці і дзяржаўнасці Рэспублікі Беларусь. Запланаваныя мерапрыемствы прайшлі 7, 8 і 20 снежня. Акцыі прайшлі ў абласных цэнтрах і іншых гарадах Беларусі.
Ужо напярэдадні заяўленай акцыі пратэсту 20 снежня пачаўся ціск на патэнцыйных удзельнікаў. Павел Севярынец, які адыграў прыкметную ролю ў мерапрыемствах 7 і 8 снежня, быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, аднак не быў затрыманы. 19 снежня былі затрыманыя Яўген Афнагель, Максім Вінярскі і Дзяніс Урбановіч. 26 снежня затрыманы і адпраўлены ў ЦІП Павел Севярынец.
У той жа дзень у судах Мінска прайшлі працэсы па справах удзельнікаў акцый пратэсту супраць «паглыбленай інтэграцыі» — абаронцаў незалежнасці Беларусі: больш за 15 працэсаў у судах, буйныя штрафы і арышты актывістаў. 27 снежня працягнуліся пасяджэнні судоў напярэдадні заяўленай на 29 снежня чарговай пратэстнай акцыі.
30 студзеня распачатыя працэсы нечакана былі адкладзеныя на 9 студзеня 2020 года.
Вынікам рэпрэсій за пратэсты на працягу снежня стала каля 70 выпадкаў асуджэння за рэалізацыю сваіх правоў: не менш за 12 чалавек арыштаваныя, накладзена штрафаў на суму каля 2 200 базавых велічынь — больш за 56 000 беларускіх рублёў. Некаторыя пратэстоўцаў пакараныя неаднаразова. На 31 снежня ў зняволенні знаходзіліся 10 актывістаў.
Жорсткае абыходжанне
Падвергнуты адміністрацыйнаму арышту за патрабаванне пераліку бюлетэняў на выбарчым участку актывіст «Моладзевага блока» Пётр Маркелаў утрымліваўся ў ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама у ганебных антысанітарных умовах. Акрамя таго, да яго незаконна не дапускалася на працягу некалькіх дзён адвакатка.
Не дапушчаўся адвакат таксама да арыштаванага за мірны пратэст Станіслава Шашка.
Пераслед журналістаў
Суд Віцебскага раёна 12 снежня аштрафаваў журналістаў-фрылансераў Алену Шабуню і Дзмітрыя Лупача амаль на 2 тысячы рублёў за супрацоўніцтва з «Белсатам» — тэлеканалам, якія не мае беларускай акрэдытацыі.