Пяць адказаў Ярмошынай на скаргу барысаўскага назіральніка
Падчас апошніх парламенцкіх выбараў было зафіксавана шмат парушэнняў выбарчага заканадаўства. Былы назіральнік пры акруговай выбарчай камісіі Барысаўскай гарадской выбарчай акругі №62 Алег Мацкевіч працягвае дабівацца аднаўлення справядлівасці па выяўленых ім парушэнняў па сваёй акрузе. Нядаўна ён атрымаў адказ на чарговую скаргу ад старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай. Што гэта за парушэнні і як на іх адрэагавала старшыня ЦВК?
1) "Музыкальны калектыў быў запрошаны на ўчастак для стварэння святочнай атмасферы ў выбаршчыкаў"
Падчас галасавання на ўчастку прысутнічалі асобы, якія не ўдзельнічалі ў выбарчым працэсе. Па закону яны не могуць там прысутнічаць. Напрыклад, медработніца разам з пяцьмю студэнткамі Барысаўскага медыцынскага каледжа – пад шыльдай “Уголок здоровья”, юрыст – пад шыльдай “Бесплатная юридическая помощь”, канцэртная трупа маладых спевакоў і спявачак, якая дала прадстаўленне на падмостках, размешчаных адразу за кабінамі для галасавання. У скарзе назіральнік Алег Мацкевіч адзначыў, што гэта недапушчальная практыка правядзення выбараў, якая пераўтварае гэты працэс у “базар”, ускладняе працу ўчастковай камісіі ў памяшканні для галасавання і працэс назірання за выбарамі. На гэта Ярмошына адказала, што “выбарчае заканадаўства не рэгулюе пытанні знаходжання пабочных асоб на ўчастку для галасавання, у той жа час згодна з Выбарчым кодэксам (ч. 2 арт. 51) забеспячэнне парадку ў памяшканні для галасавання аднесена да кампетэнцыі ўчастковай камісіі. Лічым, што музыкальны калектыў быў запрошаны на ўчастак для стварэння святочнай атмасферы ў выбаршчыкаў. Знаходжанне іншых людзей (медыкаў і г.д.) арганізавана ў мэтах бяспекі грамадзян”.
2) "У любым выпадку аднаўленне Вашага права немагчыма"
Алег Мацкевіч адзначыў у скарге, што яго як назіральніка не дапусцілі да працэдуры апячатвання скрыні для галасавання ў першы дзень датэрміновага галасавання. Гэта адбылося на ўчастку за зачыненымі дзвярыма. Старшыня ЦВК пракаментавала гэты інцыдэнт так:
“У Цэнтральнай камісіі няма падстаў не верыць інфармацыі, якая змешчана ў адказе акруговай выбарчай камісіі. У любым выпадку аднаўленне Вашага права немагчыма”.
У адказе ж з акруговай выбарчай камісіі Мацкевічу напісалі, што ён прайшоў акрэдытацыю пазней тэрміну апячатвання скрыні. І ні слова – аб тым, што сябры УВК проста не адкрывалі дзверы назіральніку для таго, каб акрэдытаваць своечасова.
3) "Працэс наглядання за заклейваннем проразі для апускання бюлетэняў у скрынцы для галасавання не апісаны ў выбарчым заканадаўстве"
Не было ў назіральніка магчымасці прысутнічаць пры заклейванні і ўскрыцці прарэзу для апускання бюлетэняў у скрыню для галасавання. Гэта выявілася ў тым, што кіраўніцтва камісіі загадала Алегу Мацкевічу не пакідаць месца для назірання – сталы, якія размешчаны на адлегласці прыкладна каля 5-7 метраў ад скрыні для галасавання. З гэтай адлегласці ўбачыць у падрабязнасцях працэс заклейвання прарэзу і падпісання ліста паперы двума членамі камісіі (уключна з старшынёй) не прадстаўляецца магчымым. Не прадстаўляецца магчымым праверыць пасля перапынку ці тыя подпісы знаходзяцца на лісце паперы, ці добра ён быў прыклеены да скрыні і іншае. Назіральнік адзначаў, што калі кіраўніцтва камісіі лічыць, што назіральніку месца толькі ля стала для назірання, сам працэс назірання і спраўджвання тэхнічнай інфармацыі (як, напрыклад, працэсу апячатвання, заклейвання скрынь, прастаўлення подпісаў на лістах паперы, якімі заклейваюцца скрыні) робіцца прафанацыяй. Нічога агульнага з мэтамі назірання прафанацыя гэтага віда грамадскай дзейнасці не мае. На гэта Ярмошына адказала, што "працэс наглядання за заклейваннем проразі для апускання бюлетэняў у скрынцы для галасавання не апісаны ў выбарчым заканадаўстве, у сувязі з чым яго вызначыла ўчастковая выбарчая камісія, прапанаваўшы назіраць са спецыяльна прадугледжанага месца для назіральнікаў".
4) "Выбарчае заканадаўства не прадугледжвае такога права назіральніка"
Падчас выбарчай кампаніі назіральнік прасіў у камісіі прадставіць дадзеныя аб тым, ад якіх арганізацый або партый акрэдытаваныя іншыя назіральнікі. Пры гэтым, Алег Мацкевіч не прасіў агучваць іх персанальныя дадзеныя. Лідзія Ярмошына пракаментавала такую сітуацыю наступным чынам:
“Выбарчае заканадаўства не прадугледжвае такога права назіральніка, як азнаямленне з інфармацыяй аб іншых наглядальніках, на падставе чаго старшыня ўчастковай камісіі адмовіўся Вам яе прадставіць”.
5) "Гэта не супярэчыць нормам выбарчага заканадаўства"
На заўвагу назіральніка аб тым, што пасля заканчэння галасавання на ўчастку прысутнічалі і пры гэтым адкрыта ўмешваліся ў працэдуру падліку галасоў, давалі ўказанні па парадку падліку, два члены АВК №63, уключна з намеснікам старшыні Б. Лапуцькай, Ярмошына адказала: “Два прадстаўнікі акруговай выбарчай камісіі прысутнічалі на ўчастку для галасавання пры падліку галасоў па распараджэнні старшыні акруговай камісіі. Гэта не супярэчыць нормам выбарчага заканадаўства, у тым ліку артыкулу 13 Выбарчага кодэкса”.
Пры гэтым старшыня ЦВК не адрэагавала на шэраг іншых парушэнняў выбарчага заканадаўства, адзначаных у скарзе назіральніка. Такія, як знаходжанне ў кабінах для галасавання па два чалавекі, забарона з боку старшыні УВК назіральніку прысутнічаць пры правядзенні галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў, разгляд скаргаў назіральніка ў АВК без паведамлення аб гэтым і без яго прысутнасці, пісьмовыя адказы з АВК не на мове звароту і іншыя.
Апрача таго, Лідзія Ярмошына ніяк не абазначыла афіцыйную пазіцыю адносна пытання Алега Мацкевіча якім чынам назіральнікі маюць магчымасць фіксацыі парушэнняў выбарчага заканадаўства падчас назірання на паседжаннях выбарчых камісій рознага ўзроўню, а таксама падчас назірання за правядзеннем выбараў, калі ім забараняецца рабіць фота-, відэаздымкі і нават весці гуказапіс.
“Створаная сістэма правядзення выбараў не дае магчымасцяў назіральнікам сумленна і шчыра рабіць сваю працу. Альбо табе трэба сядзець моўчкі, прыкрыўшы вочы, як гэта робяць назіральнікі ад праўладных структур, альбо цябе будуць успрымаць як сапраўднага ворага, пры гэтым усе твае заўвагі і скаргі не атрымліваюць належных адказаў”, – каментуе сітуацыю Алег Мацкевіч.