"Новы год у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў праходзіць як звычайна"
Актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Яўген Афнагель распавёў сайту palitviazni.info пра тое, як сустракаў Новы год у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.
Нагадаем, што за акцыі ў падтрымку незалежнасці былі асуджаны да адміністрацыйнага арышту 11 чалавек. Алена Талстая выйшла на волю 31 снежня, 2 студзеня – актывісты Дзяніс Урбановіч, Максім Вінярскі і Яўген Афнагель, Леанід Кулакоў. За кратамі па-ранейшаму на ўчарашні вечар заставаліся гомельскі і аршанскі блогеры Сяргей Ціханоўскі і Дзмітрый Казлоў, Стас Шашок, Алесь Чахольскі, Максім Урбановіч і Павел Севярынец.
– Новы год у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў праходзіць як звычайна, – кажа палітык. – Ці то святы, ці то будні дзень – нічога не змяняецца. Хіба што пад Новы год былі чутны салюты на вуліцы і нейкія поклічы людзей.
Акрамя таго, атрымаў перад Новым годам словы падтрымкі ад розных людзей, якія, як я зразумеў, адгукнуліся на заклік у Інтэрнэце і павіншавалі. Было, натуральна, вельмі прыемна, калі віншавалі абсалютна незнаёмыя людзі.
– Бачылі там Паўла Севярынца і іншых вязняў, якія да гэтага часу знаходзяцца за кратамі?
– Праз сцены перагукваліся. Але ў той дзень, калі я выходзіў на волю, убачыліся з Паўлам падчас прагулкі. Павіншавалі адзін аднаго са святамі, я яго яшчэ і з Днём народзінаў, які Севярынец адзначыў 30 снежня таксама на Акрэсціна.
Па галасах чуў, хто і дзе сядзіць, у якой камеры, але ўсіх “палітычных” там трымаюць паасобку. Двух палітвязняў у адной камеры не можа быць. Я, напрыклад, знаходзіўся ў камеры з чалавекам, які быў затрыманы нецвярозым на вуліцы. Таксама далі 15 сутак.
– Як супрацоўнікі ізалятара ставіліся да палітвязняў?
– Скажам так, усё было ў межах закона, апроч таго, што мне не дазволілі ўзяць у камеру асадку і пісьмовыя прыналежнасці.
– Гэта быў для вас першы Новы год на Акрэсціна?
– У такіх умовах навагодняе свята сустракаў упершыню, хаця, па вялікім рахунку, не так істотна, калі гэты год сустрэнеш. Таму, калі выйшаў на волю, з жонкай Новы год і адзначалі. Важна, не калі, а што ты пажадаеш блізкім.