Журналіста не пусцілі ў суд, таму што ён быў з камерай
Як паведамляецца на сайце БАЖ, у суд Фрунзенскага раёна Мінска 9 студзеня не пусцілі журналіста Дзмітрыя Буянава. Па ўказанні памочніцы старшыні суда Ганны Жураўскай яго не прапусцілі, так як аператар меў пры сабе відэакамеру.
Сведкамі інцыдэнту сталі калегі, якія таксама прыйшлі асвятляць адкрытыя адміністрацыйныя працэсы над удзельнікамі антыінтэграцыйныя вулічных акцый у Мінску.
На ўваходзе ў будынак журналістаў сустракала памочніца старшыні суда Ганна Жураўская. Яна заявіла, што ведае аб тым, што Дзмітрый Буянаў «працуе на «Белсат», і дала ўказанне супрацоўніцы аховы не прапускаць журналіста ў будынак з камерай.
Пасля гэтага калегі пакінулі пісьмовую скаргу ў Кнізе скаргаў і прапаноў суда.
Калегі і сам Дзмітрый Буянаў лічаць, што памочніца старшыні перавысіла службовыя паўнамоцтвы, не дапусціўшы чалавека на адкрытыя судовыя працэсы і даўшы незаконнае распараджэнне супрацоўніцы Дэпартамента аховы МУС.
Нагадаем, гэта не першы падобны інцыдэнт. У сувязі з гэтым Беларуская асацыяцыя журналістаў пісьмова звярталася да старшыні Мінскага гарадскога суда з просьбай змяніць парадак праноса тэхнікі ў суды, каб ён не залежаў ад дазволу прэс-службы суда.
ГА «БАЖ» прапаноўвала ўстанавіць, што журналісты маюць права праходзіць у будынак суда і праносіць прафесійную тэхніку для ажыццяўлення сваёй дзейнасці па прад'яўленні дакумента, які сведчыць асобу, альбо службовага пасведчання.
Больш за 40 працэсаў. У Беларусі працягваюцца суды над удзельнікамі акцый за незалежнасць