viasna on patreon

Тры тыдні замест 24 гадзін: як РУУС зацягвае судовую праверку законнасці затрымання

2020 2020-01-10T17:48:49+0300 2020-02-27T12:00:39+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zolotaja_cep.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Раней Праваабарончы цэнтр «Вясна» распавядаў гісторыю Ягора М., якога 15 снежня 2019 года затрымалі па падазрэнні ў крадзяжы залатога ланцужка ў Палацы воднага спорту і больш за 13 гадзінаў пратрымалі ў камеры РУУС Першамайскага раёна без ежы і цёплых рэчаў.

Ягор М. з дапамогай юрыстаў «Вясны» ужо накіраваў скаргі на незаконнае затрыманне, правядзенне асабістага дагляду без панятых і ўмовы ўтрымання ў камеры РУУС у пракуратуру Першамайскага раёна г. Мінска і заяву аб ўзбуджэнне крымінальнай справы ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі.

Адзін тэлефонны званок былога галоўнага сувязіста Узброеных сілаў скончыўся для мінчука ноччу ў РУУС

Непрыемная сітуацыя адбылася з Ягорам М. ў Палацы воднага спорту ў Мінску вечарам 15 снежня 2019 года. Калі мужчына выйшаў з душавой ў распранальню, да яго падышоў Генадзь Казакоў і спытаў, ці не знаходзіў той у сваёй шафцы залаты ланцужок. Ягор адказаў адмоўна.

19 снежня мужчына падаў скаргу на сваё затрыманне ў суд Першамайскага раёна г. Мінска праз РУУС гэтага ж раёна ў парадку арт. 143 і 144 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса. Кожны дзень Ягор М. тэлефанаваў у РУУС: спачатку, каб высветліць зыходны нумар скаргі, затым – даведацца, ці адпраўленая скарга і матэрыялы справы ў суд. Паралельна мужчына тэлефанаваў і ў суд: ўдакладніць, ці паступіла скарга для судовай праверкі законнасці яго затрымання. І толькі 3 студзеня Ягору М. у судзе паведамілі, што яго скаргу вярнулі назад у Першамайскі РУУС для ліквідацыі недахопаў «у сувязі з тым, што адказная службовая асоба не перадала разам са скаргай ўсе матэрыялы крымінальнай справы».

Пры гэтым у ч. 3 арт. 143 КПК дакладна вызначаныя тэрміны перадачы скаргі ў суд:

«Орган, які вядзе крымінальны працэс, абавязаны ў дачыненнi да затрыманага на працягу 24 гадзін з моманту атрымання скаргі накіраваць яе ў суд з даданнем матэрыялаў крымінальнай справы, якія пацвярджаюць законнасць і абгрунтаванасць затрымання».

Да гэтага часу судовая праверка законнасці і абгрунтаванасці прымянення затрымання да Ягора М. праведзеная не была.

Пасля гэтага мужчына звярнуўся са скаргай да начальніка Першамайскага РУУС г. Мінска Андрэя Бакача.

«Мяркую, што прычынай парушэння майго працэсуальнага права «абскардзіць у суд затрыманне», прадугледжанага п. 17 ч. 2 арт. 41 КПК Рэспублікі Беларусь, з'яўляецца бяздзейнасць службовай асобы УУС Адміністрацыі Першамайскага раёна г.Мінска, на якую ўскладзеныя абавязкі па своечасовай перадачы маёй скаргі ў суд разам з матэрыяламі крымінальнай справы», - падкрэслівае ў сваёй скарзе Ягор М.

Ён просіць прызнаць неправамернай бяздзейнасць службовай асобы, якая з'яўляецца адказнай за перадачу скаргі ў суд, што выявілася ў парушэнні працэсуальных тэрмінаў, устаноўленых ч. 3 арт. 143 КПК, а таксама няпоўнай перадачы матэрыялаў крымінальнай справы, і прыцягнуць яе да дысцыплінарнай адказнасці.

Разам з тым Ягор М. падаў хадайніцтва ва Упраўленне ўнутраных спраў Адміністрацыі Першамайскага раёна г. Мінска, у якім просіць вынесці пастанову аб спыненні крымінальнага пераследу супраць яго ў сувязі з не здзяйсненнем дзеі, якая прад'яўлялася яму ў падазрэнне.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства