viasna on patreon

Блогера Ціханоўскага адпусцілі, каб арыштаваць ў больш зручны момант

2020 2020-01-13T15:29:13+0300 2020-01-13T15:29:14+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/tichanouski_sug_homel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Леанід Судаленка і блогер Сяргей Ціханоўскі на судзе

Праваабаронца Леанід Судаленка і блогер Сяргей Ціханоўскі на судзе

Як паведамляецца на сайце "Гомельскай Вясны", на свабоду стваральнік Youtube-канала «Краіна для жыцця» Сяргей Ціханоўскі павінен быў выйсці 11 студзеня, аднак напярэдадні яго даставілі з ІЧУ ў суд, дзе дадалі яшчэ 15 сутак – нібыта за ўдзел у акцыі ў Мінску супраць інтэграцыі з Расеяй.

Такім чынам, з ІЧУ ён павінен быў выйсці не раней за 26 студзеня.

«Міліцыянты вывезлі мяне з ІЧУ каля 15.30 і выкінулі на вуліцы. Тэлефона я не меў, злавіў таксі. Невядома, калі мяне зноў пасадзяць, можа, нават сёння. У ізалятары сказалі, што пакуль не маюць судовага рашэння на чарговыя 15 сутак, таму і адпусцілі», – распавёў сам блогер ў прамым эфіры пасля выхаду з ІЧУ.

Дзіўным ў гэтай сітуацыі з'яўляецца адсутнасць у ІЧУ судовай пастановы аб новым арышце блогера.

«Думаю рашэнне аб прадастаўленні Сяргею зімовых «вакацый» прымалася не ў ІЧУ і нават не ў судзе. Вясна, якая мае быць, абяцае ва ўсіх сэнсах быць гарачай, вось у чыюсьці не менш гарачую галаву прыйшла ідэя трымаць блогера і яго Youtube-канал на кароткім ланцужку. Бо па законе, ва ўладаў ёсць тры месяцы на выкананне 15-ці сутачнага арышту з дня ўступлення пастановы суда ў законную сілу», – пракаментаваў сітуацыю праваабаронца Леанід Судаленка.

Пастанова аб новым арышце блогера Ціханоўскага прынятая 10 студзеня, у законную сілу ўступіць праз пяць дзён – 15 студзеня. Гэта значыць, што за Сяргеем могуць прыйсці ў любы дзень і ў любы час аж да 15 красавіка, і атрымоўваецца, на Дзень Волі 25 сакавіка і не толькі ён гарантавана не зможа весці жывыя стрымы з месца падзей.

Нагадаем, пасля першага арышту Сяргея Ціханоўскага 27 снежня мінулага года праваабаронца Судаленка не выключыў, што яго могуць не выпусціць з ІЧУ, а яшчэ раз асудзіць за вядзенне стрыму з пратэстных акцый у Мінску. Як бачым, блогера асудзілі яшчэ раз на максімальна магчымы тэрмін і раптам адпусцілі пасля адбыцця першых 15 сутак.

Пакуль Сяргей Ціханоўскі застаецца на волі Леанід Судаленка просіць часова спыніць распачатую акцыю салідарнасці па накіраванні ў ІЧУ лістоў для яго падтрымкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства