viasna on patreon

Беларусь і правы чалавека ў Сусветным дакладзе Human Rights Watch

2020 2020-01-15T13:06:54+0300 2020-01-15T14:45:13+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/202001wr_belarus_human_rights.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Галоўны рэдактар навінавага партала Tut.by Марына Золатава на судзе па справе аб "несанкцыянаваным доступе" да інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА, Мінск, 4 сакавіка 2019 г. Фота: SERGEI GAPON/AFP/Getty Images

Галоўны рэдактар навінавага партала Tut.by Марына Золатава на судзе па справе аб "несанкцыянаваным доступе" да інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА, Мінск, 4 сакавіка 2019 г. Фота: SERGEI GAPON/AFP/Getty Images

У сваім 652-старонкавым Сусветным дакладзе – 2020 (30-е выданне) Human Rights Watch прыводзіць агляд сітуацыі з правамі чалавека амаль у 100 краінах, у тым ліку і Беларусі.

У 2019 г. грамадзянскія актывісты і незалежныя СМІ па-ранейшаму падвяргаліся ціску з боку ўладаў. Журналістам адмаўлялі ў допуску на афіцыйныя мерапрыемствы, дзесяткі падвергліся судоваму пераследу; міліцыя таксама затрымлівала ўдзельнікаў мірных экалагічных пратэстаў.

Беларусь заставалася адзінай еўрапейскай краінай, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. Прысуд прыводзіцца ў выкананне стрэлам у галаву, сям'і не паведамляецца ні пра месца пакарання, ні пра месца пахавання.

Смяротнае пакаранне

У лістападзе 2018 году былі пакараныя Ігар Гершанкоў і Сямён Беражной, асуджаныя па справе "чорных рыэлтараў", у чэрвені 2019 г. – Аляксандр Жыльнікаў, асуджаны па справе аб забойстве разам з Вячаславам Сухарка (лёс апошняга невядомы). Па дадзеных Праваабарончага цэнтра "Вясна", асуджаных па адной справе звычайна караюць смерцю адначасова.

У студзені, ліпені і кастрычніку 2019 г. адпаведна смяротныя прысуды па справах аб забойстве былі вынесеныя Аляксандру Асіповічу, Віктару Паўлаву і Віктару Сергілю.

У жніўні Мінск і Савет Еўропы абвясцілі аб планах распрацоўкі дарожнай карты па ўвядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне.

Свабода выказвання меркаванняў і пераслед журналістаў

Закон аб СМІ абавязвае журналістаў выданняў, зарэгістраваных па-за межамі краіны, атрымліваць акрэдытацыю ў МЗС і мець афіцыйны кантракт з акрэдытаваным замежным СМІ. У такіх умовах фрылансерам атрымаць акрэдытацыю практычна немагчыма, а журналістам, у каго ёсць кантракт, часцяком адвольна адмаўляюць у акрэдытацыі.

У траўні МЗС РБ адмовіўся даць акрэдытацыю журналістам польскага «Радыё Рацыя», якое вяшчае на Беларусь, Віктару Парфёненку і Яўгену Скрабцу. У адмове апошняму ў якасці падставы ўказвалася, што радыёстанцыя выкарыстоўвае матэрыялы неакрэдытаваных аўтараў.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), па стане на студзень афіцыйную рэгістрацыю ў якасці сеткавага выдання атрымалі ўсяго пяць анлайнавых інфармрэсурсаў. Адсутнасць рэгістрацыі не дазваляе запытваць акрэдытацыю ў органаў дзяржулады.

Прадстаўнікі СМІ ўвесь час сутыкаліся з нядопускам на афіцыйныя мерапрыемствы. У красавіку журналістаў TUT.by, БелаПАН, штотыднёвіка "Беларусы і рынак" і "Еўрапейскага радыё для Беларусі" (ЕРБ) не дапусцілі на выступ прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з пасланнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, хоць у БелаПАН і ЕРБ ёсць сталая акрэдытацыя ў парламенце. У траўні журналістаў не прапусцілі ў адміністрацыю Першамайскага раёна Мінска на пасяджэнне камісіі па выніках грамадскага абмеркавання плана забудовы двароў. У чэрвені журналіста «Брэсцкай газеты» не прапусцілі ў суд на падставе «адсутнасці акрэдытацыі». Некалькім незалежным СМІ і блогерам не дазволілі прысутнічаць на прэс-канферэнцыі па пытанні аб будаўніцтве акумулятарнага завода ў Брэсце і на сустрэчы старшыні Брэсцкага аблвыканкама Анатоля Ліса з праціўнікамі гэтага праекта.

Паводле звестак БАЖ, за першыя дзевяць месяцаў 2019 г. было распачата 39 адміністрацыйных спраў супраць 18 журналістаў за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ». Агульная сума штрафаў склала ў доларавым эквіваленце каля USD 36,6 тыс.

У студзені на пашпартным кантролі ў мінскім аэрапорце затрымалі каардынатара праграм FOJO Media Institutе Вольгу Вале, якая мае шведскае грамадзянства. Яна прыляцела ў Беларусь па запрашэнні БАЖ.

БАЖ таксама паведамляла аб затрыманні ў Мінску ў сярэдзіне сакавіка 2019 г. расійскіх журналістаў Паўла Нікуліна і Яна Патарскага, якія збіраліся выступіць з лекцыяй пра малыя СМІ ў Press Club Belarus. Праз тры гадзіны іх адпусцілі без пратаколу, аднак канфіскаваныя матэрыялы да лекцыі ім не вярнулі.

У сакавіку галоўны рэдактак незалежнага інфармрэсурсу TUT.by Марына Золатава была прызнаная вінаватай у злачыннай халатнасці па справе пра несанкцыянаваны доступ некаторых яе супрацоўнікаў да платнай стужкі дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА.

У красавіку міліцыя правяла ператрус у мінскім офісе тэлеканала «Белсат» па справе аб паклёпе ў дачыненні да дзяржслужбоўца. Былі канфіскаваныя ўсе носьбіты інфармацыі і кампутары.

У 2019 г. вядомага блогера Сяргея Пятрухіна рэгулярна затрымлівалі і штрафавалі за асвятленне пратэстаў супраць будаўніцтва пад Брэстам акумулятарнага завода. У красавіку суд прызнаў Пятрухіна вінаватым у паклёпе і абразе супрацоўнікаў міліцыі ў сувязі з серыяй яго відэаролікаў на YouTube аб недазволеным звароце з боку міліцыянтаў.

Свабода інфармацыі

У снежні 2018 г. уступілі ў сілу папраўкі ў закон аб СМІ, якія абавязваюць усе інтэрнэт-рэсурсы захоўваць інфармацыю пра аўтараў каментароў і перадаваць гэтыя дадзеныя ўладам па патрабаванні. Папраўкі таксама ўводзяць крымінальную адказнасць для ўладальнікаў зарэгістраваных сеткавых выданняў за наяўнасць любога забароненага кантэнту.

У траўні прэзідэнт падпісаў указ аб блакаванні сайтаў з заклікамі да «несанкцыянаваных пратэстаў» у перыяд чэрвеньскіх II Еўрапейскіх гульняў у Мінску, якія праводзіліся Еўрапейскімі алімпійскімі камітэтамі.

У ліпені былі ўнесеныя папраўкі ў артыкулы КК аб паклёпе і абразе, якія абмежавалі крымінальна каральныя выказванні, учыненыя на працягу года пасля адміністрацыйнага спагнання за аналагічныя правапарушэнні, публічнай прасторай, уключаючы публікацыі ў СМІ, публічныя заявы і інтэрнэт.

Свабода сходаў

У студзені ўступілі ў сілу папраўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах, у адпаведнасці з якімі ўводзіцца паведамляльны парадак іх правядзення ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах, аднак на практыцы ўлады нярэдка адмаўляюць ва ўзгадненні, а арганізатараў і ўдзельнікаў штрафуюць.

У Дзень Волі 25 сакавіка, які многія адзначаюць як альтэрнатыву афіцыйнаму Дню незалежнасці, на несанкцыянаваным мітынгу апазіцыі ў Мінску было затрымана 15 чалавек, па меншай меры двое заставаліся ў міліцыі да наступнага дня.

З 2018 г. улады задаволілі толькі адну з больш за 90 заявак на правядзенне акцый пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце. У красавіку міліцыя арыштавала 18 актывістаў, трое былі аштрафаваныя. У тым жа месяцы пры даглядзе машыны актывіста брэсцкіх пратэстаў Майсея Мазько міліцыя нібыта выявіла патроны і брыкет невядомага рэчыва, пасля чаго была распачата справа аб незаконным захоўванні боепрыпасаў. 3 верасня справа была спыненая. Іншы актывіст, які прысутнічаў пры даглядзе машыны, заявіў, што доказы былі падкінутыя. З траўня па жнівень па меншай меры 15 удзельнікаў брэсцкіх пратэстаў былі затрыманыя і прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

Свабода асацыяцыі

Ва ўмовах захавання абмежавальнага характару рэгулявання грамадскіх аб'яднанняў праваабарончыя арганізацыі і апазіцыйныя палітычныя рухі не маглі свабодна ажыццяўляць сваю дзейнасць. Улады па-ранейшаму на адвольных падставах адмаўлялі ў рэгістрацыі незалежным групам і апазіцыйным партыям.

У ліпені ўступіла ў сілу папраўка аб адмене крымінальнай адказнасці за арганізацыю або ўдзел у дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі з заменай на адміністрацыйны штраф да 1 225 беларускіх рублёў (USD 600).

Дыскрымінацыя ў дачыненні да цыган-ромаў

У траўні 2019 г. у Магілёве былі затрыманыя каля 100 цыганоў-рома ў сувязі з нібыта парушэннем грамадскага парадку ў сувязі з расследаваннем смерці міліцыянта. Праваабарончы цэнтр "Вясна" паведамляў, што затрыманні праводзіліся па этнічнай прыкмеце і суправаджаліся гвалтам, пагрозамі і запалохваннем. Больш за 50 мужчын трое сутак правялі ў міліцыі, дзе, як сцвярджалася, падвяргаліся знявазе і збіццю. Затым іх адпусцілі без пратаколу, прыстрашыўшы паўторным затрыманнем, калі яны будуць мець зносіны з журналістамі.

Пасля было ўстаноўлена, што той супрацоўнік міліцыі скончыў жыццё самагубствам. Кіраўніца Адміністрацыі Прэзідэнта РБ прынесла абшчыне ромаў публічныя прабачэнні, аднак міністр унутраных спраў прасіць прабачэння адмовіўся і адхіліў абвінавачванні ў ксенафобіі. У чэрвені рабочая група Генпракуратуры па выніках праверкі заявіла аб адсутнасці з боку міліцыянтаў «якіх-небудзь незаконных дзеянняў, перавышэння ўлады».

Правы людзей з інваліднасцю

У 2018 г. міжведамаснай рабочай групай быў падрыхтаваны праект закона «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі». У верасні 2019 года яго ўнеслі ў парламент.

Ключавыя міжнародныя актары

Урад па-ранейшаму адмаўлялася супрацоўнічаць са спецдакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі (з 2018 г. – Анаіс Марэн). У траўні новы спецдакладчык прадставіла Савету ААН па правах чалавека свой першы даклад, у якім адзначыла «цыклічны» і «сістэмны» характар ​​парушэнняў. У ліпені яе мандат быў падоўжаны на год.

У лютым Еўрасаюз прадоўжыў эмбарга на пастаўкі зброі і амуніцыі, якія могуць выкарыстоўвацца для рэпрэсій унутры краіны, а таксама замарожванне актываў і забарону на ўезд у дачыненні да чатырох чалавек, супраць якіх былі ўведзеныя санкцыі ў сувязі з нераскрытым знікненнем двух апазіцыйных палітыкаў, бізнесмена і журналіста ў 1999 – 2000 гг. Еўрасаюз, Камітэт міністраў Савета Еўропы і ПАСЕ ў асобных заявах асудзілі смяротныя прысуды Асіповічу і Паўлаву і пакаранне смерцю Жыльнікава, заклікаўшы ўвесці мараторый на выкананне прысудаў у якасці першага кроку ў накірунку адмены смяротнага пакарання.

У межах Сусветнага кангрэса супраць смяротнага пакарання ў Бруселі Савет Еўропы арганізаваў круглы стол па праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі. Пакаранне Жыльнікава таксама асудзіў Камітэт ААН па правах чалавека, які заклікаў ўвесці мараторый. У чэрвені прайшоў шосты раўнд дыялогу па правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю, у ходзе якога еўрапейскі бок акцэнтавала абмежаванні на свабоду сходаў, адсутнасць антыдыскрымінацыйнага заканадаўства і захаванне смяротнага пакарання.

У сакавіку прадстаўнік АБСЕ па свабодзе СМІ падчас афіцыйнага візіту ў Мінск заклікаў урад забяспечыць свабоду слова і дэманапалізацыю дзяржаўных СМІ. У красавіку ён асудзіў ператрус у офісе «Белсату».

У чэрвені Камітэт Бундэстага па правах чалавека і гуманітарнай дапамозе выпусціў да еўрапейскіх гульняў у Мінску заяву па пытаннях правоў чалавека і смяротнага пакарання ў Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства