Пракуратура перасылае скаргі, а Следчы камітэт ухіляецца ад праверак
Пракуратура Першамайскага раёна перанакіравала зварот затрыманага 15 снежня па падазрэнні ў крадзяжы залатога ланцужку Ягора М. начальніку Першамайскага раённага аддзела СК для арганізацыі праверкі па факце здзяйснення старэйшым оперупаўнаважаным АУС Першамайскага РУУС г. Мінска Літвіненкам Я.С. заведама незаконнага, на думку заяўніка, затрымання.
Адначасова з гэтым намеснік пракурора Першамайскага раёна Уладзімір Ніковіч паведаміў, што парушэнняў патрабаванняў крымінальна-працэсуальнага заканадаўства пры правядзенні Я. Літвіненкам асабістага вобшуку ў дачыненні да затрыманага Ягора М. не было.
Начальнік Першамайскага раённага аддзела Следчага камітэта Сяргей Некрашэвіч разгледзеў скаргу і паведаміў, што парушэнняў крымінальна-працэсуальнага заканадаўства пры затрыманні па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства няма. Акрамя таго, аб'ектыўных довадаў, якія падлягаюць праверцы і паказваюць на наяўнасць у Літвіненкі Я.С. усведамлення, што затрыманне зроблена пры адсутнасцi падстаў, прыведзена не было.
Адзін тэлефонны званок былога галоўнага сувязіста Узброеных сілаў скончыўся для мінчука ноччу ў РУУС
Ягор М. не згодны з такімі адказамі пракуратуры і Следчага камітэта і лічыць, што довады яго скаргі ў частцы незаконнасці затрымання не правераныя і не ацэненыя ў поўным аб'ёме, а адказы дзяржструктур з'яўляюцца адпіскамі.
Так у сваёй паўторнай скарзе ў пракуратуру, падрыхтаванай сумесна з праваабаронцамі "Вясны", мужчына настойвае, што яго затрыманне было незаконным і неабгрунтаваным, і паказвае, што оперупаўнаважаны Я. Літвіненка праводзіў яго асабісты вобшук без удзелу панятых, без складання пратаколу і без выдачы копіі пратаколу, чым парушыў ч. 1 арт. 202 і ч. 2 арт. 211 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса. Пры гэтым Я. Літвіненка адмовіўся праводзіць асабісты вобшук Ягора М. непасрэдна на месцы меркаванага злачынства, а настаяў на тым, каб праехаць у РУУС.
"Мяркую, што адсутнасць панятых пры правядзенні асабістага ператрусу ў памяшканні Першамайскага РУУС г. Мінска не было нічым апраўдана: яна не было выклікана меркаваннямі, што не церпяць адкладання, а часу на тое, каб забяспечыць прысутнасць панятых пры правядзенні асабістага вобшуку ў памяшканні УУС Адміністрацыі Першамайскага раёна г.Мінска, у капітана Літвіненкі Я.С. цалкам хапала", – падкрэслівае ў скарзе Ягор М.
У адказе ж пракуратуры Першамайскага раёна г. Мінска адсутнічае якое-небудзь абгрунтаванне, што аспрэчвае довады затрыманага аб парушэнні норм КПК у ходзе асабістага вобшуку.
Што тычыцца незаконнасці затрымання, то Ягор М. указвае ў скарзе: згодна з п. 2 ч. 1 арт. 108 КПК, "падазраваны ў здзяйсненні злачынства можа быць затрыманы, калі відавочцы здарэння, у тым ліку і пацярпелы ад злачынства, прама пакажуць на дадзеную асобу як на тую, што ўчыніла прадугледжанае крымінальным законам грамадска небяспечнае дзеянне або захопяць яго ў парадку, прадугледжаным артыкулам 109 гэтага Кодэкса".
Аднак, са слоў самога пацярпелага Генадзя Казакова, на працягу не менш паўгадзіны шафка, дзе нібыта быў пакінуты залаты ланцужок, была не зачыненая на ключ і даступная неабмежаванай колькасці наведвальнікаў і супрацоўнікаў Палаца воднага спорту. У той жа час пацярпелы размясціў у фае будынка аб'яву, у якой прасіў знайшоўшага вярнуць ланцужок за ўзнагароджанне, а таксама пытаўся пра страту ў душавой у іншых мужчын.
На Ягора М. не ўказвалі як на асобу, якая ўчыніла прадугледжанае крымінальным законам грамадска небяспечнае дзеянне, ні сам Генадзь Казакоў, ні хто-небудзь з наведвальнікаў аздараўленчага комплексу. Пры асабістым вобшуку і аглядзе асабістых рэчаў Ягора М. залаты ланцужок таксама не быў выяўлены.
На думку мужчыны аб незаконнасці яго затрымання сведчыць і папярэдняя кваліфікацыя капітанам міліцыі Я. Літвіненкам дзеянняў, якія прывялі да знікнення залатаго ланцужка Генадзя Казакова, па ч. 1 арт. 205 Крымінальнага кодэксу - "Таемнае выкраданне маёмасці (крадзеж)".
"Аб'ектыўны бок складу злачынства па частцы 1 артыкула 205 КК Рэспублікі Беларусь прадугледжвае таемны спосаб крадзяжу, што ў прынцыпе выключае магчымасць таго, што Казакоў Г.С. мог бачыць момант завалодання залатым ланцужком, што яму належыў. Дадзеная акалічнасць уступае ў супярэчнасць з абранай Літвіненкам Я.С. падставай для майго затрымання ў парадку пункта 2 часткі 1 артыкула 108 КПК Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з якім Казакоў Г.С. ці наведвальнікі павінны былі на свае вочы бачыць як прысвойваецца залаты ланцужок з шафкі ў распранальні", – указвае Ягор М.
Ён просіць пракуратуру ўсё ж правесці праверку па выкладзеных ім фактах і довадах, прызнаць незаконным і неабгрунтаваным яго затрыманне і правядзенне асабістага вобшуку, а таксама прыняць меры пракурорскага рэагавання ў дачыненні да старэйшага оперупаўнаважанага Я. Літвіненкі.
Тым часам Камітэт дзяржаўнай бяспекі перанакіраваў заяву мужчыны аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце злоўжывання службовым становішчам у Генеральную пракуратуру «для разгляду па кампетэнцыі».
У сваю чаргу яшчэ адну скаргу на ўмовы і правілы ўтрымання затрыманага ў камеры Першамайскага РУУС пракуратура перанакіравала начальніку гэтага ж РУУС А. Бакачу для арганізацыі правядзення службовай праверкі. Пра вынікі праверкі начальнік РУУС павінен паведаміць заяўніку, а таксама падрабязна інфармаваць пракуратуру Першамайскага раёна.
Тры тыдні замест 24 гадзін: як РУУС зацягвае судовую праверку законнасці затрымання
Нагадаем, 15 снежня 2019 года Ягора М. затрымалі па падазрэнні ў крадзяжы залатога ланцужка ў Палацы воднага спорту і больш за 13 гадзін пратрымалі ў камеры РУУС Першамайскага раёна без ежы і цёплых рэчаў. Пасля гэтага мужчына накіраваў скаргі на незаконнае затрыманне, правядзенне асабістага вобшуку без панятых і ўмовы ўтрымання ў камеры РУУС у пракуратуру Першамайскага раёна г. Мінска і заяву аб ўзбуджэнне крымінальнай справы ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96