viasna on patreon

У Віцебску суддзя разгледзела справу Алены Янушкоўскай за 5 хвілін: штраф – 675 рублёў

2020 2020-01-21T13:32:25+0300 2020-01-21T13:33:18+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/yanuskkouskaja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алена Янушкоўская, фота з Facebook

Алена Янушкоўская, фота з Facebook

Крыху больш за 5 хвілін доўжыўся суд над актывісткай і блогеркай Аленай Янушкоўскай, якую вінавацілі ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.1 арт. 23.34 КаАП). Суд Чыгуначнага раёну Віцебска 21 студзеня прызнаў яе вінаватай і ў «хуткасным рэжыме» пакараў штрафам у памеры 25 базавых велічынь (675 рублёў), піша "Віцебская Вясна".

Сама актывістка ў судзе не з'явілася, справа разглядалася без яе.

Паводле пратаколу, 29 снежня «Алена Янушкоўская актыўна пратэставала супраць інтэграцыі з Расіяй»«Сваімі дзеяннямі яна парушыла парадак арганізацыі ды правядзення пікетавання. У руках актывістка трымала плакаты з надпісам «Незалежнасць» і «Лукашэнку з яго бандай – ганьба! Абаронім краіну! Не – інтэграцыі!» – сцвярджалася ў пратаколе.

Агучыўшы матэрыялы справы, суддзя Цыганкова палічыла іх дастатковымі для таго, каб прызнаць Янушкоўскую вінаватай ва ўчыненні адміністрацыйнага правапарушэння. Відэазапіс, які меўся ў матэрыялах справы ў якасці доказу, на судзе не праглядалі.

Суддзя Алена Цыганкова пастанавіла пакараць Алену Янушкоўскую адміністрацыйным штрафам у памеры 25 базавых велічынь (675 беларускіх рублёў).

Раней суддзя суду Чыгуначнага раёну Цыганкова аштрафавала на 25 базавых велічынь яшчэ аднаго ўдзельніка пікету ў Віцебску 29 снежня 2019 году Алега Паўлава.

23 студзеня ў судзе Віцебскага раёну будзе разглядацца яшчэ адна адміністрацыйная справа, заведзеная ў дачыненні Алены Янушкоўскай за публікацыю ў сацсетках анонсу акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй 29 снежня (па тым жа арт. 23.34). 

У той жа дзень (23 студзеня) у судзе Першамайскага раёну будуць разглядацца адміністрацыйныя справы супраць Наталлі Спірыдонавай (пачатак – 9.10) і Тацяны Севярынец (9.40), якіх таксама абвінавачваюць у парушэнні парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў і будуць судзіць за рэпосты анонсаў акцыі ў Віцебску.

Па звестках праваабаронцаў, да канца студзеня ў Беларусі адбудзецца яшчэ каля 30 судоў над удзельнікамі акцый супраць інтэграцыі. 

Суды за акцыі ў падтрымку незалежнасці не спыняюцца. Расклад на студзень

Праваабаронцам сталі вядомыя новыя даты судоў за акцыі ў падтрымку незалежнасці, якія праходзілі ў Мінску на працягу снежня 2019 года.


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства