viasna on patreon

Гародня: перформанс актывіста Саляніка ў судзе завяршыўся затрыманнем. Яго месцазнаходжанне дагэтуль невядома Фота Дапоўнена

2020 2020-01-22T11:48:00+0300 2020-01-22T11:43:21+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/salianik-performans-2020-0.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Салянік у судзе. Фота: "Гарадзенская Вясна".

Мікалай Салянік у судзе. Фота: "Гарадзенская Вясна".

У  Гарадзенскім абласным судзе 21 студзеня адбыўся разгляд скаргі Мікалая Саляніка, якога суд Кастрычніцкага раёна Гародні абвінаваціў ў арганізацыі і ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі “За Незалежнасць”, калі гарадзенцы выйшлі 15-га снежня пратэставаць супраць паглыбленай інтэграцыі з Расіяй.

Ад пачатку разгляд скаргі пайшоў не па запланаваным сцэнары, калі абласны суд ператвараецца ў фармальнасць і проста пацвярджае правільнасць рашэння раённага суда, паведамляе “Гарадзенская Вясна”.

Мікалай Салянік накінуў на плечы бела-чырвона-белы сцяг, прычапіў на плечы партрэт прэзідэнта Лукашэнкі, пагаліў галаву ў краты і прышчапіў сябе ланцугом да стойкі ў зале суда. Актывіст заявіў, што аб’яўляе галадоўку і не сыйдзе адсюль, пакуль не даможацца справядлівага суда.

Таксама Мікалай Салянік прынёс дакументы пра сваіх загінулых у вайну сваякоў і заявіў, што яны загінулі за Незалежнасць краіны, аддалі свае жыцці, спадзяваючыся, што нашчадкі будуць жыць лепш. Але зараз яго, нашчадка тых герояў, судзяць за тое, што ён выступіў за Незалежнасць роднай краіны, выканаўшы тым самым свой Канстытуцыйны абавязак.

Суддзя Ігар Собалеў, у якога гэта быў першы разгляд касацыйнай скаргі над апазіцыянерамі - грамадска-палітычнымі актывістамі, спытаў, што ў Саляніка на шыі. Пачуўшы адказ, што гэта ланцуг, якім актывіст прыкаваў сябе ў знак пратэсту, суддзя абвясціў перапынак і пакінуў залю. Пасля ён вырашыў правесці разгляд скаргі без Саляніка і перайшоў у іншую залю. А супрацоўніка міліцыі капітана Яўгена Хонцара папрасіў вывесці Саляніка з будынку суда.

У другой залі суддзя вельмі хутка правёў працэс, і як чаканы вынік, не задаволіў скаргу Саляніка, пакінуўшы без зменаў рашэнне Кастрычніцкага суда Гродна, які прысудзіў яго да штрафу ў 45 базавых (1147, 5 рублёў).

А галоўныя падзеі разгортваліся ў іншым месцы. Спачатку Саляніка вывелі з судовай залі разам са стойкай, да якой той сябе прыкаваў. Пасля выклікалі нарад МНС, якія не адважваліся да закрыцця будынку суда, да 18-ці гадзін, зайсці туды і стаялі пад вокнамі. Сказалі, што ў іх загад раскаваць Саляніка пасля 18-ці гадзін. Напэўна чакалі, калі будынак ачысцяць ад журналістаў і грамадскіх актывістаў, якія прыйшлі падтрымаць Саляніка.

Калі Саляніку стала ўжо кепска і прыйшлося выклікаць хуткую, яны перакусілі прыладамі ланцуг. Мікалай Салянік- сардэчнік, і мае другую групу інваліднасці. Хуткая прыехала, медыкі збілі Саляніку ціск і хацелі адвезці ў шпіталь. Той адмовіўся, і медыкі яго не забралі. Затое забралі людзі ў чорным з маскамі на тварах. Яны выскачылі з адных з дзвярэй у будынку суда, схапілі Саляніка і павалаклі таго ў невядомым накірунку.

Пазней родныя Саляніка паведамілі, што на актывіста склалі паперы аб адміністрацыйным правапарушэнні, якое выявілася ў дробным хуліганстве.

Праваабаронца „Вясны” Віктар Сазонаў, каментуючы Беларускаму Радыё Рацыя здарэнне, адзначыў наступнае:

– Не зразумела і крыўдна, чаму яго судзяць, калі ён выйшаў змагацца за тое, за што загінулі яго продкі – за незалежнасць краіны. Салянік пайшоў на крайнія рэчы, пайшоў на пратэстныя рэчы – ён прыкаваў сябе ланцугом да бар’ернай стойкі і ён абвешаў сябе рознай атрыбутыкай. Усё гэта, безумоўна, зроблена для таго, каб прыцягнуць увагу да гэтага абсурду, які робіцца з судом, і каб людзі звярнулі на гэта ўвагу, каб звярнулі на гэта ўвагу суддзі, каб звярнулі на гэта ўвагу сілавікі, якія прымаюць удзел у затрыманні.

Па стане на 11.30 22 студзеня месцазнаходжання Мікалая Саляніка невядома. Напачатку міліцыя, куды тэлефанавалі сваякі, адказвала, што актывіст у іх. На яго нібыта складаюць адміністрацыйны пратакол за хуліганку. Больш ніякай інфармацыі не давалі. Аднак прайшлі ўсе тэрміны, і Мікалай Салянік дамой не з’явіўся, і дзе ён быў цэлую ноч - незразумела. З слоў сваякоў, ён яшчэ можа знаходзіцца ў Ленінскім РАУСе Гародні, куды яго забралі. Калі так, то чаму ён там так доўга і якія падставы былі яго  трымаць там усю ноч, застаюцца невядомымі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства