viasna on patreon

Гомель: Актывіст збіраецца пратэставаць супраць забароны мірных сходаў

2020 2020-01-23T09:47:40+0300 2020-01-23T12:12:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/peshko-mikalaj.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Пяшко. Фота: БелаПАН

Мікалай Пяшко. Фота: БелаПАН

Актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Мікалай Пяшко падаў 22 студзеня заяўку ў Гомельскі гарвыканкам на правядзенне пратэстнай акцыі, падчас якой плануе прыцягнуць увагу грамадскасці да немагчымасці правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе.

Актывіст заявіў правядзенне пікету з удзелам да 10 чалавек у суботу, 8 лютага, з 13 да 14 гадзін на адкрытай пляцоўцы перад універмагам Гомель, - паведамляе “Гомельская Вясна”.

Такім спосабам ён плануе прыцягнуць увагу грамадскасці да пастаянных забаронаў гарадскіх уладаў на правядзенне грамадзянамі мірных сходаў.

Заяўнік паведаміў, што ў абласным цэнтры, які налічвае больш за паўмільёна чалавек, чыноўнікі вызначылі толькі тры месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў, прычым два з іх знаходзяцца ў лесапалосах на ўскраінах горада. Акрамя таго, яшчэ адной праблемай, на яго думку, з'яўляецца абавязак арганізатараў сходаў аплачваць паслугі міліцыі, хуткай дапамогі і санітарнай уборкі горада.

«Падчас выбараў дзейнічаюць іншыя правілы аб правядзенні публічных сходаў, якія дазваляецца праводзіць там, дзе гэта не забаронена. Я лічу, што такі парадак павінен дзейнічаць заўсёды, а не толькі для прыцягнення выбаршчыка да галасавання», - заяўляе Мікалай Пяшко.

Праваабаронца Леанід Судаленка лічыць, што арганізатары мірных сходаў павінны мець права выбіраць месца, у якім іх можа ўбачыць і пачуць іх мэтавую аўдыторыю.

«Калі дзяржава абмяжоўвае права чалавека на сход, заяўляючы аб агульных інтарэсах, яна павінна садзейнічаць ажыццяўленню права, замест таго каб імкнуцца залішне ці непамерна яго абмяжоўваць. Мы неаднаразова перамагалі гарадскіх чыноўнікаў у Камітэце ААН па правах чалавека па такіх пытаннях, тым не менш, яны лічаць, што могуць ўсталёўваць уласныя правілы гульні ў футбол і шахматы», - пракаментаваў сітуацыю са свабодай мірных сходаў у горадзе Л. Судаленка.

Нагадаем, за правядзенне несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў у краіне ўведзеныя дастаткова жорсткія санкцыі - да 50 базавых велічынь штрафу (1 350 руб.) ці нават адміністрацыйны арышт да 15 сутак.

Раней за ўдзел у «Маршы недармаедаў» Мікалай Пяшко быў арыштаваны на 7 сутак, а за правядзенне несанкцыянаванай акцыі супраць смяротнага пакарання суд прысудзіў яму 20 базавых велічынь штрафу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства