Аляксандра прыносілі ў залу суда на коўдры, і пры гэтым ён адчуваў жорсткія болі
У Сацыяльна-інфармацыйную ўстанову «ТаймАкт» звярнулася Лідзія Кавалёва – маці асуджанага Аляксандра Кавалёва, які змяшчаецца зараз у папраўчай калоніі №5.
Што адбылося?
Аляксандр Кавалёў быў затрыманы 9 кастрычніка 2016 года супрацоўнікамі крымінальнага вышуку Лагойскага РАУС у сябе на лецішчы па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства. Сам Аляксандр не спрабаваў хавацца ад следства. У далейшым у лісце да сваёй маці ён апісваў, што адбылося ў кабінеце супрацоўнікаў крымінальнага вышуку:
«... у мяне ў той момант рукі ўжо зацяклі ад таго, што былі зашпілены ззаду. Я ім казаў: перашпіліце наперад, а яны: давай кажы, так як ім было патрэбна. Я ім распавёў, як было. Яны мне не паверылі і раззлаваліся. Адзін з трох ударыў кулаком – далонню мяне па галаве два разы ў вуха. У гэты момант у мяне галава закружылася, і я ўпаў з крэсла на падлогу. Колькі я праляжаў – не памятаю, можа дзесяць хвілін, можа, дваццаць ... не ведаю. Потым мяне паднялі, адну руку адшпілілі і хацелі зашпіліць кайданкі, каб я апынуўся ў позе "ластаўкі". Але ў мяне не сышліся рукі, і адзін з іх ударыў мяне па спіне ў раёне паясніцы. Я зноў упаў ... »
З моцным болем у спіне і з правым вухам, якое не чуе, Аляксандр апынуўся ў камеры ІЧУ Лагойскага РАУС. Ацяплення ў ёй не было на працягу амаль трох сутак. Акрамя гэтага, калі следчыя аглядалі аўтамабіль Кавалёва, самога яго ў гэты час трымалі на вуліцы ў адным швэдры. Калі ў адзін з гэтых дзён Аляксандра наведаў супрацоўнік пракуратуры раёна, ён паскардзіўся яму на збіццё і катаванні холадам. Рэакцыі не было.
Пазней арыштаванага вывезлі для правядзення экспертызы ў бальніцу. Але пасля вяртання ў Лагойск 22 лістапада Аляксандр Кавалёў без верхняй вопраткі быў на трое сутак змешчаны ў халоднае памяшканне ІЧУ. Для таго, каб сагрэцца, іншыя асуджаныя ў зімовай вопратцы займаліся фізічнымі практыкаваннямі. Некалькі разоў да Кавалёва выклікалі хуткую дапамогу, якая ставіла яму абязбольвальныя ўколы. Кавалёў адчуваў сур'ёзныя болі ў спіне, а таксама глухату на правае вуха. Аляксандр скардзіўся на гэта супрацоўніку аддзела следчага камітэта па Лагойскім раёне. І зноў рэакцыі не было.
Таксама Лідзія Кавалёва распавяла, што 23 лістапада прывезла сыну цёплую вопратку. Яе прынялі і змясцілі ў камеру захоўвання, а маці праз некаторы час прынеслі восеньскія рэчы сына. Гэта значыць, што ў гэты час Аляксандр заставаўся ў халоднай камеры практычна ў адной ніжняй бялізне.
Усё гэта прывяло да цяжкіх наступстваў. 24 лістапада 2016 года Аляксандр Кавалёў з раніцы не змог устаць на праверку, бо ў яго развіўся параліч ніжняй часткі цела. Зноў была выкліканая хуткая дапамога, якая даставіла Кавалёва ў 5-ю гарадскую бальніцу г. Мінска з дыягназам: «востры ачагавы міэліт, індукаваны пераахаладжэннем, з выяўленым ніжнім пірамідным парапарэзам і ПФТО па цэнтральным тыпе (затрымка мачы). Востры рыніт, правабаковы экссудатыўны сярэдні атыт».
Пры гэтым на момант затрымання (9 кастрычніка) ў Аляксандра Кавалёва не было праблем са слыхам, а таксама з паралічам ног. Гэта пацвярджаецца дакументамі медыцынскіх камісій пры допуску яго да працы сантэхнікам і да кіравання аўтамабілем.
Па расказах маці, у бальніцы Аляксандра прыкавалі да ложка за дзве рукі і адну нагу. Гэта фактычна прывяло да кішэчнай непраходнасці, лекары бальніцы ледзь выратавалі яго.
Потым міліцыянты спрабавалі змясціць Аляксандра ў следчы ізалятар турмы № 8, але там адмовіліся прымаць яго з-за стану здароўя.
Пазней Аляксандра ўсё ж даставілі ў СІЗА, а праз некаторы час – і на судовае разбіральніцтва. Адзначаецца, што Аляксандра прыносілі ў залу суда на коўдры, і пры гэтым ён адчуваў жорсткія болі.
Лідзія Кавалёва яшчэ з восені 2016 года спрабавала падняць пытанне аб незаконнасці дзеянняў, якія здзяйсняюцца супраць яе сына. Яна звярталася ў Савет Бяспекі і ў Генеральную пракуратуру краіны, а таксама была ў Адміністрацыі Прэзідэнта. Вынік, адзначае яна, адзін: матэрыялы зноў і зноў вярталіся ў Лагойск. Неаднаразова прымаліся рашэнні аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і аб адмене гэтых пастаноў.
Нядаўна Лідзія Кавалёва ў чарговы раз звярнулася да кіраўнікоў рэспубліканскіх праваахоўных органаў. У прыватнасці, яна заявіла аб фальсіфікацыі і падробцы некаторых дакументаў. Напрыклад, не супадаюць дадзеныя ў эпікрызе з 5-й бальніцы, які знаходзіцца ў крымінальнай справе Аляксандра, і эпікрызе, высланым нядаўна бальніцай па запыце маці. Там маюцца разыходжанні ў абставінах паступлення ў клініку, у тэрмінах лячэння, у дыягназах. Акрамя таго, у абодвух эпікрызах пазначана прозвішча лекара – Кабяк М.М., але пры гэтым на дакуменце, далучанага да справы, стаіць пячатка зусім іншага доктара.
Маці Аляксандра лічыць, што мае дастаткова доказаў аб катаваннях яе сына.
Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка адзначае, што ў падобнай сітуацыі неабходна звярнуцца з заявай на імя начальніка падраздзялення Следчага камітэта ў самыя кароткія тэрміны:
«Я не бяруся сцвярджаць, што праведзенай праверкай абавязкова б ўсталявалі падставы для ўзбуджэння крымінальнай справы і правялі б расследаванні – таму што ў нас гэта нячаста здараецца. Але ва ўсякім выпадку была б праведзена хоць нейкая праверка і былі б зафіксаваны цялесныя пашкоджанні, калі яны мелі месца. На жаль, чым пазней адбываецца зварот па абарону да дзяржавы, чым менш шанцаў, што гэтая абарона будзе эфектыўнай».
Калі затрыманы чалавек не можа з-за якіх-небудзь абставінаў напісаць заяву (напрыклад, у яго няма асадкі, а яе не выдаюць супрацоўнікі ІЧУ альбо СІЗА), гэта варта зрабіць сваякам.
«Яны павінны заявіць пра тое, што іх родны чалавек стаў ахвярай жорсткага абыходжання і злачынства, – адзначае Павел Сапелка. – Хоць у беларускім заканадаўстве і няма канкрэтнага артыкула, які б караў за прымяненне катаванняў або жорсткага і бесчалавечнага абыходжання, аднак ёсць крымінальны артыкул, які карае за перавышэнне службовай асобай сваіх паўнамоцтваў».
Звяртацца ў Следчы камітэт трэба і ў выпадках, калі чалавек падазрае фальсіфікацыю дакументаў. Ці дапушчальна тое, што эпікрызы могуць не супадаць паміж сабой? Павел Сапелка на гэтае пытанне адказаць не можа, аднак юрыст падкрэслівае:
«Для гэтага як раз-такі і ёсць праверка, якую павінен правесці следчы па заяве аб здзяйсненні злачынства ў адносінах да гэтага чалавека. Ён павінен разабрацца і зрабіць высновы: бо адно, калі гэта была проста памылка ў афармленні медыцынскай дакументацыі, і зусім іншае – калі гэтая «памылка» мела на мэце заблытаць сляды нейкіх парушэнняў».