"Злачынства робяць тыя, хто спускае гэтыя пратаколы". Як прайшоў суд на Аланай Гебрэмарыям
24 студзеня ў судзе Маскоўскага раёна г. Мінска прайшло чарговае судовае пасяджэнне па адміністрацыйнай справе актывісткі “Моладзевага блока” Аланы Гебрэмарыям. Справа заведзеная па артыкуле 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення несанкцыянаванага масавага мерапрыемства).
Нагадаем, што папярэднее пасяджэнне было перанесена з прычыны таго, што суддзя Таццяна Мотыль адправіла справу на дапрацоўку ў РУУС Маскоўскага раёна. Тады Алана прадставіла доказы, што яна не знаходзілася на акцыі ў той дзень і час, што былі пазначаны ў пратаколе.
Зараз пратакол змянілі: цяпер Алану вінавацяць у тым, што яна прымала актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 20 снежня з 18.30 па 19.10 гадзін.
Алана адразу заявіла адвод суддзі:
“Я ўжо казала на мінулым судзе, што ёсць факты парушэння правоў грамадзян праз прысуджаныя ім суткі і штрафы, [якія рабіла суддзя Мотыль]”.
Адвод суддзя не задаволіла.
“Шмат каго яшчэ судзілі за абарону суверэнітэта Радзімы…”
“Давайце па сутнасці, — перабіла суддзя. — Вы прымалі ўдзел у акцыі?”
“Так, але неактыўна [як было пазначана ў пратаколе]. Я не выкрыквала лозунгі, не ішла са сцягам — я проста ішла. І я не разумею, чаму я як грамадзянка Беларусі не магу прайсціся па вуліцах горада…”
Алана падкрэсліла, што не лічыць сябе вінаватай у парушэнні заканадаўства. Яна спаслалася на Канстытуцыю РБ (якая з’яўляецца вышэйшым юрыдычным дакументам) і на артыкул 35, дзе гаворыцца аб свабодзе сходаў і мітынгаў.
“Прапаную спыніць гэтае злачынства, — адзначыла Алана. — Бо тое, што рабілі грамадзяне на акцыях — гэта не злачынства, бо яны выйшлі на мірны сход, як гэта могуць рабіць людзі ўсіх дэмакратычных краін свету. А сапраўднае злачынства робяць тыя, хто спускае гэтыя пратаколы”
Сведкі Межон і Сенько (супрацоўнікі АМАПу) на пасяджэнне не з’явіліся “у сувязі са службовай занятасцю”, але іх пратаколы зачыталі. У абодвух яны аднолькавыя: “падчас акцыі ішоў у складзе калоны з мэтай аховы парадку і бачыў Гебрэмарыям”.
У якасці доказаў да матэрыялаў справы быў далучаны відэазапіс са стрыму “Радыё Свабода”, дзе Алана давала інтэрв’ю падчас акцыі.
Пасля разгляду матэрыялаў справы суддзя зрабіла перапынак, каб вынесці рашэнне.
Вынік — 30 базавых велічынь штрафу (810 рублёў).
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96