На Алену Янушкоўскую склалі пратакол за заклікі і хацелі апытаць у лякарні
Супраць актывісткі і блогеркі Алены Янушкоўскай пачатая адміністрацыйная справа “за заклікі на несанкцыянаваную акцыю” – за рэпост аб’явы пра акцыю ў падтрымку незалежнасці Беларусі, якая праходзіла ў Віцебску 29 снежня, паведамляе "Радыё Рацыя".
Да суду справа не дайшла, бо міліцэйскі пратакол вярнулі на дапрацоўку. І цяпер занатаваць паказанні Алены Янушкоўскай спатрэбілася настолькі пільна, што супрацоўніка міліцыі з Віцебскага РАУС даслалі ў лякарню, дзе зараз знаходзіцца жанчына. Але даваць тлумачэнні пад запіс яна ўсё адно адмовілася:
"Прыязджаў да мяне міліцыянт, вельмі выбачаўся, што я ў лякарні, але ён абавязаны да мяне прыехаць і ўсё высветліць… Паказанні я не стала даваць, а маю пазіцыю ён ведае: што буду і заклікаць, і ўдзельнічаць буду, пакуль існуе пагроза незалежнасці краіны".
Дату суду Алене Янушкоўскай пакуль не паведамілі. За аб’явы пра акцыю ў падтрымку незалежнасці, што прайшла ў Віцебску, суд Першамайскага раёну ўжо аштрафаваў Наталлю Спірыдонаву ( на 25 базавых велічынь або 675 рублёў) і Таццяну Севярынец (на 30 базавых велічынь або 810 рублёў). Што да Алены Янушкоўскай, то яе ўжо каралі за ўдзел і ў віцебскай, і ў мінскіх акцыях супраць “паглыбленай інтэграцыі”.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96