viasna on patreon

Адміністрацыйны пераслед у студзені ў графіках і лічбах (інфаграфіка)

2020 2020-02-03T15:15:53+0300 2020-02-03T15:37:41+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud_novy_chas_6.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Першы месяц 2020 года адзначыўся тым, што амаль кожны будні дзень у Мінску і іншых гарадах Беларусі праходзілі суды над удзельнікамі акцый у падтрымку незалежнасці. Вынікі гэтых адміністрацыйных працэсаў – вялікія штрафы і арышты на суткі – зрабілі студзень 2020 года самым рэпрэсіўным месяцам за апошнія два з паловай гады.

У студзені 2020 года праваабаронцамі зафіксавана 130 судовых пасяджэнняў (без уліку пераносаў цягам месяца), якія амаль ва ўсіх выпадках скончыліся вялікімі штрафамі і суткамі. Агульная колькасць штрафаў, якія атрымалі за студзень 92 чалавекі, склала 3394 базавыя велічыні або 91638 рублёў (амаль 43000$). 98% ад гэтай сумы прыходзіцца на штрафы актывістаў, якіх пакаралі за ўдзел ці заклікі да акцый у падтрымку незалежнасці.

10 студзеньскіх судоў скончыліся для пяці актывістаў “суткамі”, агульная колькасць якіх склала ў гэтым месяцы 165. 90 з іх атрымаў youtube-блогер Зміцер Казлоў (Шэры кот). Для параўнання варта адзначыць, што са студзеня па канец лістапада 2019 года (т.б. за 11 месяцаў) актывісты атрымалі агулам 83 сутак арышту па “палітычных” адміністрацыйных артыкулах. Гэта ў два разы меней, чым за адзін месяц 2020 года.

Больш за ўсё разглядаў адміністрацыйных спраў прайшло ў раённых судах Мінска. На другім месцы па колькасці пасяджэнняў – Віцебск. Там прайшло 20 судоў, 19 з якіх - над удзельнікамі акцый ў падтрымку незалежнасці, у тым ліку той, якая адбылася ў горадзе 29 снежня 2019 года. Таксама суды над удзельнікамі мінскіх і мясцовых акцый праходзілі ў Полацку, Наваполацку, Воршы, Пінску, Гомелі, Вілейцы, Лідзе, Мазыры, Дуброўне, Барысаве.

Што датычыцца артыкулаў, па якіх судзілі актывістаў у першым месяцы 2020 года, то па артыкуле 23.34 КаАП (удзел ці арганізацыя несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў) адбылося 124 судовых пасяджэння (па 131 пратаколах), вынікамі якіх сталі штрафы на 3334 базавыя велічыні (98% ад агульнай колькасць штрафаў) і 150 сутак арыштаў. Усе гэтыя суды (акрамя суда ў Віцебску над Барысам Хамайдой за пікет у дзень перапахавання Кастуся Каліноўскага) праходзілі над удзельнікамі акцый у падтрымку незалежнасці. Варта адзначыць, што некаторыя актывісты па выніках адной акцыі атрымлівалі па два пратаколы і, адпаведна, па два штрафы (ці суткі) – за ўдзел у акцыі і за заклікі ў інтэрнэце да ўдзелу ў ёй. Яскравы прыклад – блогер Зміцер Казлоў, які агулам атрымаў 120 сутак арышту па выніках 8 судоў. 4 з іх былі за заклікі да ўдзелу, яшчэ 4 – за ўдзел.

Таксама, па назіранні праваабаронцаў, да снежня 2019 і студзеня 2020 года апошні раз падобны “ўсплёск”  па колькасці судоў і велічыні штрафаў за парушэнне артыкула 23.34 КаАП назіраўся толькі ўвесну 2017 года.

За студзень 2020 года прайшло ўжо два суды над журналістам Змітром Лупачам за працу без акрэдытацыі і супрацу з “Белсатам” (парушэнне ч. 2 арт. 22.9 КаАП). Першы суд у Паставах скончыўся для журналіста штарфам у 1134 рубля (42 б.в.). Па выніках другога суда, у Глыбокім, справу адправілі на дапрацоўку.

Таксама ў гэтым месяцы былі складзены пратаколы на трох актывістаў “Еўрапейскай Беларусі” (Алеся Круткіна, Наталлю Спірыдонаву і Зміцера Савіча) за расклейку ўлётак (арт. 21.14 КаАП – парушэнне правіл добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў). Савіч атрымаў 3 базавыя (81 рубль) штрафу, а суды над двума іншымі актывістамі адкладзены. Да таго ж, на Спірыдонаву і Круткіна складзены пратаколы за “дробнае хуліганства” (арт. 17.1 КаАП). Па гэтым жа артыкуле на 15 сутак быў асуджаны віцебскі блогер Аляксандр Дуброўскіх і на 15 базавых гродзенскі актывіст Мікалай Салянік. А на актывістку Марыну Касінераву складзены пратакол за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 17.11 КаАП), суд па якім хутчэй за ўсё адбудзецца ў лютым.

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Студзень 2020

У студзені працягваліся судовыя працэсы над удзельнікамі снежаньскіх акцый пратэсту супраць т.зв. «паглыбленай інтэграцыі». Усяго, па дадзеных ПЦ “Вясна”, на працягу студзеня да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 23.34 КаАП былі прыцягнутыя 92 чалавекі.


Праваабарончы цэнтр “Вясна” вядзе статыстыку ўжывання артыкулаў Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэнняў, якія выкарыстоўваюцца для палітычна-матываванага пераследу грамадзян. Па меркаванні праваабаронцаў такімі звычайна з’яўляюцца артыкулы 23.34 КаАП (арганізацыя ці ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), ч. 2 арт. 22.9 КаАП (праца журналістаў без акрэдытацыі), 23.4 КаАП (непадпарадкаванне патрабаванням службовай асобы), 17.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і іншыя.

Інфармацыя ў артыкуле прадстаўлена ў адпаведнасці з дадзенымі, якімі валодае ПЦ “Вясна” на 3 лютага 2020 года.


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства