Журналіст патрабуе ад міліцыі выбачэнняў і кампенсацыі
Журналіст-фрылансер Аляксандр Зянкоў падаў скаргу ў пракуратуру Савецкага раёну Мінску на сваё незаконнае затрыманне 10 снежня 2019 года падчас акцыі "Маршыруй, дзетка!". Ён патрабуе ад супрацоўнікаў міліцыі афіцыйных выбачэнняў і кампенсацыі, піша "Беларуская асацыяцыя журналістаў".
Журналіста-фрылансера затрымалі пасля акцыі супраць гвалту ў сям'і ад "Маршыруй, дзетка!" на сталічнай плошчы Якуба Коласа 10 снежня 2019 года. Да Аляксандра падышлі два супрацоўнікі міліцыі і чалавек у цывільным і прапанавалі праехаць у Савецкае РУУС. Там у дачыненні да Аляксандра Зянкова склалі пратакол апытання і скапіявалі відэазапіс з камеры.
ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" расцэньвае гэта як незаконнае затрыманне, паколькі беларускае заканадаўства прадугледжвае адказнасць за перашкоду працы журналіста.
Аляксандр Зянкоў ўжо накіроўваў скаргу на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў пракуратуру Савецкага раёна г. Мінска, аднак у адказе было пазначана, што падчас праверкі не атрымана дастаткова дадзеных, якія паказваюць на тое, што ў дачыненні да журналіста былі здзейснены якія-небудзь супрацьпраўныя дзеянні супрацоўнікамі міліцыі і што ён «у добраахвотным парадку» прайшоў у Савецкае РУУС Мінска.
Аднак Зянкоў лічыць, што праверка па першай скарзе была праведзеная неналежным чынам. Ён патрабуе прызнаць яго затрыманне 10 снежня 2019 года незаконным. Таксама ён патрабуе прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці супрацоўнікаў Савецкага РУУС г. Мінска, якія падверглі журналіста незаконнаму затрыманню, а таксама супрацоўнікаў, вінаватых у неналежным правядзенні праверкі па яго скарзе.
На думку журналіста-фрылансера, у дадзенай сітуацыі ён мае права на кампенсацыю маральнай шкоды, прычыненай незаконным затрыманнем, а начальнік Савецкага РУУС Мінска павінен прынесці яму афіцыйныя выбачэнні за шкоду, прычыненую незаконным затрыманнем.
"Думаю, што гэты візіт да пракурора Савецкага раёна быў патрэбным. Пакуль скаргу Аляксандра Зянкова ніхто па сутнасці не разглядаў. Усе абмяжоўваліся адпіскамі. Нам трэба, каб была распачатая хоць працэдура праверкі законнасці затрымання. Па выніках нашай сустрэчы з пракурорам у мяне склалася меркаванне , што такая працэдура будзе пачатая. І вельмі спадзяюся, што падчас гэтай працэдуры будзе ўстаноўлена, што само затрыманне было незаконным", — кажа юрыст Алег Агееў.