viasna on patreon

Amnesty International заклікае Беларусь спыніць рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў

2020 2020-02-07T13:00:50+0300 2020-02-07T13:00:51+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/amnesty_international-banner.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Amnesty International рашуча асуджае масавыя рэпрэсіі супраць свабоды выказвання меркаванняў і мірных сходаў у Беларусі. Заява распаўсюджаная ў адказ на паведамленні беларускіх праваабаронцаў, паводле падлікаў якіх больш за 150 чалавек прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і аштрафаваныя у сувязі з іх удзелам у акцыях пратэсту ў лістападзе і снежні 2019 года.

Першапачатковая хваля рэпрэсій адбылася падчас выбарчай кампаніі ў лістападзе 2019 г. У снежні прайшлі новыя акцыі пасля таго, як прэзідэнт Лукашэнка абвясціў аб планах паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расіі.

“Мірныя дэманстранты, апазіцыйныя кандыдаты ў дэпутаты і сябры іх ініцыятыўных груп, а таксама журналісты і блогеры былі арыштаваныя, а потым прысуджаныя да адміністрацыйнага арышту альбо аштрафаваныя. Адзін блогер, Алесь Круткін, быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту толькі за тое, што ён размясціў заклік да ўдзелу ў акцыі пратэсту ў Facebook”, – заявіла Amnesty International.

Amnesty International нагадвае, што падчас другой хвалі рэпрэсій дзясяткі мірных дэманстрантаў былі аштрафаваныя або асуджаныя да адміністрацыйнага арышту ад пяці да 15 сутак, а некаторыя з іх ўсё яшчэ адбываюць пакаранне. Суды працягваліся ўвесь снежань і студзень. Не спыняюцца яны і ў лютым. Актывістаў чакаюць новыя прысуды і штрафы.

У заяве асобна згадваюцца блогер Дзмітрый Казлоў і апазіцыйны палітык Павел Севярынец, якія былі асуджаныя на некалькі тэрмінаў адміністрацыйнага арышту.

“27 студзеня Дзмітрыю Казлову быў вынесены восьмы прысуд запар. У выніку, агульны тэрмін атрыманага ім адміністрацыйнага арышту дасягнуў 120 сутак”, – падкрэсліваецца ў заяве.

Таксама згадваюцца справы грамадзянскага актывіста Пятра Маркелава і былога кандыдата ў дэпутаты Станіслава Шашка, якім адвольна адмаўлялі ў доступе да сваіх законных прадстаўнікоў на працягу некалькіх дзён пасля затрымання і падчас адбыцця арышту.

“Права на свабоду выказвання меркаванняў і права на мірны пратэст – гэта тыя свабоды, якія ўлады Беларусі павінны ў поўнай меры выконваць, – заявіла Amnesty International. – Беларускія ўлады павінны неадкладна спыніць усе адміністрацыйныя працэсы супраць мірных дэманстрантаў. Усе асобы, якія зараз адбываюць пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту ў сувязі са спробай рэалізацыі свайго права на свабоду мірных сходаў і выказвання меркаванняў, павінны быць неадкладна і безумоўна вызваленыя, а ўсе штрафы, вынесеныя мірным пратэстоўцам, павінны быць неадкладна адмененыя”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства