viasna on patreon

Блогеру Сяргею Ціханоўскаму ўсё ж давядзецца адбываць 15 сутак

2020 2020-02-07T13:10:04+0300 2020-02-07T13:38:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/tihanovski_sud_0702.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Ціханоўскі ў Гомельскім абласным судзе 7 лютага

Сяргей Ціханоўскі ў Гомельскім абласным судзе 7 лютага

Сёмага лютага суддзя Гомельскага абласнога суда Анатоль Сотнікаў пакінуў у сіле паўторны 15 сутак адміністратыўнага арышту youtube-блогеру Сяргею Ціханоўскаму за ўдзел і асвятленне акцыі ў падтрымку незалежнасці 20 снежня.

Ціханоўскі звярнуўся ў абласной суд са скаргай на рашэнне суда Савецкага раёна, які прызнаў яго вінаватым у парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства і прысудзіў другія 15 сутак арышту. Нагадаем, што першыя 15 сутак аўтар канала "Краіна для жыцця" атрымаў у тым жа судзе 27 снежня, пасля чаго яго адразу ж арыштавалі. Пасля адбыцця першых 15 сутак і новага суду яго адпусцілі, а гэта значыць, што другія 15 сутак яго могуць адправіць адбываць у любы момант.

Сяргей Ціханоўскі - не адзіны блогер, які пераследваўся падчас снежаньскіх акцый пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй. Таксама за ўдзел у акцыях былі аштрафаваныя на 50 базавых блогеры Уладзімір Цыгановіч (MozgON) і Мікола Дзядок, на 30 базавых блогеры Эдуард Пальчыс і Мікалай Маслоўскі. Віцебскі блогер і актывіст Аляксандр Дуброўскіх за ўдзел у трох акцыях пратэсту атрымаў у суме 90 базавых велічынь штрафаў. Але абсалютным рэкардсменам па колькасці судоў і суровасці пакарання стаў youtube-блогер з Барані Дзмітрый Казлоў (Шэры кот). Ён быў асуджаны 8 разоў за ўдзел і заклікі да ўдзелу ў акцыях супраць інтэграцыі і атрымаў агулам 120 сутак арышту. 26 з іх ён адбыў, пасля чаго яго адпусцілі на волю. І значыць што ў любы момант, як і Сяргея Ціханоўскага, яго змогуць зноў затрымаць і адправіць ў ізалятар. Толькі на значна большы тэрмін.

sud_gomel0702.jpg
У Гомельскім аблсудзе 7 лютага. Фота Леаніда Судаленкі

Як паведамляе "Гомельская Вясна", таксама на гэтым тыдні Гомельскі абласны суд пакінуў у сіле штраф у 25 базавых велічыняў (675 руб.) актывісту Уладзіміру Няпомняшчых за яго ўдзел у пратэстных акцыях у снежні.

Праваабаронца Леанід Судаленка, які прысутнічае ў судзе другой інстанцыі, адзначае, што суддзі ўзялі на сябе адказнасць за невыкананне стандартаў, прапісаных у міжнародных дамовах краіны.

«Пры абмежаванні грамадзянскіх правоў на суддзі кожны раз ляжыць абавязак даказаць мэтазгоднасць і прапарцыянальнасць накладваемых абмежаванняў. У справах Няпомняшчых і Ціханоўскага гэтыя абавязкі як раённыя, так і абласныя суддзі не выканалі, што прама сведчыць як аб неправамернасці, так і аб незаконнасці пастаноў па гэтых справах», - пракаментаваў кейсы гомельскіх актывістаў Леанід Судаленка.

Ён таксама дадаў, што па абодвух кейсам ў бліжэйшы час будуць накіраваныя індывідуальныя скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека аб парушэнні правоў актывістаў на мірны сход, на выказванне меркаванняў, у тым ліку і на свабодны збор і распаўсюд інфармацыі пра бягучае жыццё ў краіне.


   Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства