viasna on patreon

Светлагорскі ЗБЦ рыхтуецца да ўводу ў эксплуатацыю. Людзі працягваюць пратэставаць

2020 2020-02-11T11:59:01+0300 2020-02-11T12:08:35+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/maslukova_2n.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У студзені ўсе кантралюючыя органы далі заключэнні, якія дазваляюць уводзіць завод беленай цэлюлозы ў эксплуатацыю, паведамляе palesse.press.

Пра гэта ў адказе адной з актывістак ініцыятыўнай групы, якая змагаецца за спыненне шкодных выкідаў завода, Ганне Сомавай, паведаміў генеральны дырэктар Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната, у склад якога ўваходзіць ЗБЦ, Юрый Крук. Паведамляецца, што цяпер завод працуе на магутнасці больш за 85% ад праектнай і выпускае цэлюлозу, якая адпавядае ДАСТу 1989 года. Таксама Крук даводзіць, што ў студзені атрыманыя ўсе заключэнні зацікаўленых кантралюючых органаў і цяпер рыхтуюцца дакументы для ўводу завода ў эксплуатацыю.

doc_palesse1.jpg
Скан дакумента palesse.press.

Тым часам, светлагорскія экаактывісты штотыдзень працягваюць пратэставаць супраць ЗБЦ. У мінулую нядзелю, 9 лютага, жыхары Светлагорска зноў сабраліся на цэнтральнай плошчы горада, каб выказаць пратэст супраць атрутнага паветра завода беленай цэлюлозы. Падтрымаць мясцовых актывістаў прыязджаў гомельскі блогер, аўтар ютуб-канала "Страна для жизни" Сяргей Ціханоўскі

maslukova_2n.jpg
Пратэст на цэнтральнай плошчы Светлагорска. Блогер Ціханоўскі размаўляе з мясцовымі. Фота: Алена Маслюкова

Праваабаронца "Вясны" са Светлагорска Алена Маслюкова адзначае, што выходзіць на плошчу экаактывісты збіраюцца і надалей. Нават, калі ЗБЦ усё ж такі ўвядуць у эксплуатацыю. 

"Выходзячы на плошчу, мы не толькі пратэстуем супраць завода і яго шкодных выкідаў. Такім чынам мы выказваем салідарнасць усім людзям, якія змагаюцца за права жыць у спрыяльных умовах і дыхаць чыстым паветрам. Мы не проста стаім, мы сваім прыкладам паказваем, што трэба і можна змагацца, нават пры гэтай сістэме. Распаўсюджваем інфармацыю пра тое, што адбываецца вакол гэтага смярдзючага завода. Зараз пакутвае насельніцтва вёскі Якімава Слабада, бо найчасцей у гэтую пару года факел выкідаў накіраваны туды. Але ж... Хутка прыйдзе вясна, а потым лета і верагоднасць таго, што дыхаць чыстым паветрам ужо не выпадае светлагорцам. Менавіта таму мы не перарыняем наш пратэст, каб людзі не думалі, што мы здаліся. Мы верым у тое, што сітуацыю можна змяніць, а для гэтага трэба дзейнічаць. Як кажа нашая актывістка Ганна, доўгая дарога пачынаецца з першага кроку", — каментуе сітуацыю з пратэстамі Алена Маслюкова.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства