Праз 12 гадоў мінчука абвінавацілі ў распаўсюдзе нацысцкай сімволікі
У Праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнуўся Аляксей І., да якога вечарам 5 лютага прыйшоў дадому участковы інспектар Андрэй Саўчанка для складання пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні нібыта за распаўсюд нацысцкай сімволікі.
Нагодай для візіту ўчастковага і прыцягнення Аляксея да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 17.10 КаАП ("Прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюд нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі") паслужыла карцінка, якую мінчанін размясціў у сацыяльнай сетцы "Вконтакте" 12 гадоў таму.
Міліцыянт паведаміў таксама, што паведамленне прыйшло з ГУБАЗіК, і ён абавязаны правесці апытанне Аляксея, скласці пратакол і накіраваць яго ў суд.
"Аляксей І. 15.08.2008 года, знаходзячыся ў неўстаноўленным месцы, з выкарыстаннем глабальнай сеткі Інтэрнэт, з дапамогай сацыяльнай сеткі "Вконтакте" на старонцы, карыстальнікам якой з'яўляецца, з мэтай публічнай дэманстрацыі размясціў у публічным доступе выяву з нацыскай сімволікай, якая 28.01.2020 у 14.00 у ходзе маніторынгу глабальнай сеткі Інтэрнэт была выяўленая оперупаўнаважаным трэцяга аддзела пятага ўпраўлення ГУБАЗіК Ігарам Бушылам", – значыцца ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Суд Савецкага раёна г. Мінска разгледзіць справу супраць Аляксея І. 17 лютага 2020 г. у 9:40.
Юрыст "Вясны" Аляксей Лойка лічыць, што пасля хвалі рэпрэсій за акцыі супраць паглыбленай інтэграцыі з Расіяй праваахоўныя органы «заклапаціліся» распаўсюджваннем экстрэмісцкіх матэрыялаў.
"Мы ўважліва будзем адсочваць і ацэньваць разгляд справы пра гэта адміністрацыйнае правапарушэнне. Вельмі важна, каб суд яго разглядаў з пункту гледжання міжнароднага стандарту свабоды выказвання меркавання: з улікам таго, з якой мэтай чалавек размяшчаў карцінку, якая паслужыла падставай для складання пратаколу, кантэкст яе размяшчэння, і таго, на якія грамадскія адносіны можа замахвацца такая выява.
Прыцягненне чалавека да адказнасці павінна суправаджацца падрабязным абгрунтаваннем таго, якую шкоду або пагрозу нанясення шкоды нясе размяшчэнне такой карцінкі, і чаму за дванаццаць гадоў ГУБАЗіК толькі цяпер зацікавіўся дадзенай карцінкай", – падкрэсліў праваабаронца.
Штраф Дзядку за дэманстрацыю нацысцкай сімволікі. Што не так з рашэннем суда?