На актывіста, штраф якому адмяніў Мінгарсуд, склалі новы пратакол Дапоўнена
Як паведаміла на старонцы ў фэйсбуку журналістка "Новага Часу" Дзіяна Серадзюк, 11 лютага Мінскі гарадскі суд адмяніў пастанову суда Цэнтральнага раёна г. Мінска, якім актывіста Яўгена Батуру прызналі вінаватым у парушэнні ч. 3 артыкула 23.34 КаАП і аштрафавалі на 50 базавых велічыняў (1350 рублёў). Справа адпраўлена на новы разгляд іншаму суддзі суда Цэнтральнага раёна.
Літаральна на наступны дзень, 12 лютага, Яўгену Батуры патэлефанавалі ў РУУС Ленінскага раёна і паведамілі, што на яго складзены новы пратакол за ўдзел у акцыі 20 снежня. У хуткім часе мусіць адбыцца новы суд над актывістам.
У каментары для "Новага часу" юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка патлумачыў, што працэдурна сітуацыя, калі пасля адмены пастановы з'яўляецца новы пратакол, дапушчальная, нават у такія хуткія тэрміны. Больш за тое, з моманту адмены пастановы Мінскім гарадскім судом пачынаецца новы тэрмін магчымасці прыцягнуць актывіста да адміністрацыйнай адказнасці, ён складае два месяцы. У выніку неаднаразовай адмены пастановы (калі раённы суд будзе штрафаваць, а гарадскі — адмяняць гэтыя рашэнні) тэрміны прыцягнення да адказнасці выходзяць праз восем месяцаў з моманту першай адмены.
Нагадаем, суд Цэнтральнага раёна г. Мінска 9 студзеня пакараў актывіста паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП (арганізацыя і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства) за ўдзел у антыінтэграцыйнай акцыі 20 снежня. Суддзя Юлія Густыр аштрафавала Яўгена Батуру на 50 базавых велічыняў (1350 рублёў).