viasna on patreon

"Прымусіць уладу выконваць свае абавязкі". Як прайшла прэзентацыя справаздачы па месцах несвабоды Фота Аўдыё

2020 2020-02-13T15:55:05+0300 2020-02-13T18:41:01+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/daklad-sapelka-2020-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Маніторынгавая справаздача «Месцы несвабоды ў Беларусі ў 2018 - 2019 гадах» была прэзентавана ПЦ "Вясна" 13 лютага. Прадстаўлялі даклад праваабаронцаў юрыст Павел Сапелка, а таксама прадстаўнікі Магілёўскага аддзялення Вясны Барыс Бухель і Аляксандр Буракоў.

daklad-sapelka-2020-2.jpg
Аляксандр Буракоў, Павел Сапелка і Барыс Бухель

У прыватнасці, прадстаўляючы справаздачу, юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка адзначыў, што праца па гэтай тэме пачалася яшчэ ў 2004 годзе. У апошнія гады маніторынгавыя справаздачы рыхтуюцца больш структурызавана, з улікам аналізу міжнароднай практыкі і нацыянальнага заканадаўства. Таксама сітуацыя з выкананнем правоў ва ўстановах несвабоды і выпадкі забароненага бесчалавечнага абыходжання знаходзіць сваё адлюстраванне ў штомесячных аглядах праваабарончага цэнтра аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Барыс Бухель, які з'яўляецца членам грамадска-назіральнай камісіі ўпраўлення юстыцыі па Магілёўскай вобласці, неаднаразова наведваў пенітэцыярныя ўстановы і спрабаваў сустрэцца з беларускімі палітвязнямі. Распавядаючы пра свой досвед, ён падкрэсліў, што ёсць два віды назіральных камісій: пры кіраванні юстыцыі, у якую ён уваходзіць, а таксама камісіі, створаныя Указам прэзідэнта. «Трапіць туды немагчыма», — адзначыў праваабаронца. Тое, што ён стаў членам абласной камісіі, з'яўляецца хутчэй выключэннем, ды і «правоў у нашай камісіі няма». Складаецца ён там з 2 лютага 2018 года, з'яўляючыся па сутнасці адзіным незалежным назіральнікам.

daklad-sapelka-2020-3.jpg
Барыс Бухель паказвае сваё пасведчанне члена камісіі. Фота: spring96.org.

Як праходзіла наведванне Барысам Бухелем месцаў прымусовага ўтрымання?

«Ва ўсіх краінах, і ў Расіі напрыклад, камісіі могуць без папярэджання прыехаць у любое месца пазбаўлення волі, і іх абавязаны будуць ўпусціць. У нас жа трэба падаваць заяўку за 2-3 тыдні», — адзначыў праваабаронца.

У заяўцы Барыс Бухель прасіў сустрэцца з палітвязьнем Міхаілам Жамчужным, а таксама з Дзмітрыем Паліенкам (які на той момант быў палітвязням). Ні з кім у яго сустрэцца не атрымалася.

«Мы праходзілі літаральна побач з камерай Паліенкі, я спрабаваў туды патрапіць, але нас тут жа ледзь не сілай адтуль выпхнулі [супрацоўнікі адміністрацыі]».

Выпадкова адразу ж пасля прэзентацыі маніторынгавай справаздачы Барыс Бухель і Дзмітрый Паліенка сустрэліся ў офісе ПЦ "Вясна". Яны ўспомнілі той момант:

Калі ж Барыс Бухель прыехаў у калонію, каб сустрэцца з Пятром Кучурам, то практычна не змог убачыць нікога з вязняў. «Яны на работах, на вытворчасці, на абедзе», — тлумачылі прадстаўнікі адміністрацыі. Але выпадкова ў назіральніка атрымалася пагаварыць з адным зняволеным, які тут жа пачаў скардзіцца на недахоп сонечнага святла.

З гэтым цесна звязана праблема «раснічак» — жалезна-металічных жалюзяў (а часам і проста жалезных лістоў) на вокнах камер для зняволеных, якія зусім не прапускаюць дзённае святло. Адным іх ініцыятарам кампаніі супраць «раснічак» з'яўляецца Аляксандр Буракоў.

daklad-sapelka-2020-5.jpg
Аляксандр Буракоў паказвае "раснічкі" на вокладцы маніторынгавай справаздачы. Фота: spring96.org

«Гэта спадчына часоў СССР, бо пасля 1979 года будынкаў месцаў несвабоды ўжо не будавалася, — распавёў праваабаронца. — Згодна з правіламі, вокны павінны мець дастатковыя памеры, каб вязень мог чытаць і працаваць пры дзённым святле. Аднак «раснічкі» не прапускаюць святла наогул. У камеры кругласутачна гарыць света-дыёдная лямпачка. Аднак яна не можа забяспечыць чалавечае вока ўсім неабходным спектрам колеру, у выніку ў чалавека пагаршаецца зрок. Па сутнасці, чалавек сядзіць папросту у вязніцы".

У Беларусі дзейнічаюць пэўныя санітарныя правілы, якія ўключаюць і пытанне асветленасці ў памяшканнях. І гэтыя правілы распаўсюджваюцца таксама на СІЗА. І праблема «раснічак» прыводзіць праваабаронцу да высновы:

«Парушэнне гэтых правілаў аўтаматычна азначае, што парушаюцца унутрабеларускія законы. Адзінае, што пакуль могуць зрабіць праваабаронцы — гэта паспрабаваць прымусіць уладу выконваць тыя абавязкі, якая яна сама на сябе ўсклала».

Асобна Аляксандр Буракоў звярнуў увагу на праблемы маці-зняволеных. Так, у студзені 2019 года ў гомельскай жаночай папраўчай калоніі №4 быў адкрыты новы інтэрнат для мам з дзецьмі, цалкам укамплектаваны пад гэтыя патрэбы. Але ў выніку ён практычна ніколі не працаваў па прызначэнні, таму што, як аказалася, у асуджаных жанчынаў няма дэкрэтнага адпачынку. Гэта — своеасаблівая "дзірка» ў заканадаўстве і сістэме.

У маніторынгавай справаздачы «Месцы несвабоды ў Беларусі ў 2018 — 2019 гадах» звяртаецца ўвага на розныя тыпы месцаў прымусовага ўтрымання: ізалятары часовага ўтрымання, закрытыя ўстановы для непаўналетніх правапарушальнікаў, лячэбна-працоўныя прафілакторыі і інш. З поўнай версіяй дакладу можна пазнаёміцца тут:

"Прымусіць уладу выконваць свае абавязкі". Як прайшла прэзентацыя справаздачы па месцах несвабоды

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства