viasna on patreon

Дзмітрыя Паліенку не прапускалі на разгляд скаргі ў Вярхоўны суд. Прысуд пакінуты без зменаў Дапоўнена Аўдыё

2020 2020-02-14T09:03:10+0300 2020-02-14T11:56:36+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/palienka-vs-2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзмітрый Паліенка ў Вярхоўным судзе..

Дзмітрый Паліенка ў Вярхоўным судзе..

Вярхоўны суд Беларусі 14 лютага разглядае апеляцыйную скаргу актывіста анархісцкага руху Дзмітрыя Паліенкі на прысуд Мінскага гарадскога суда. Паліенку ў суд не прапусцілі, кажуць, што з-за адмысловай нашыўкі на вопратцы.

Бок абвінавачвання паведаміў, што віна Паліенка цалкам даказаная і няма сумневу ў правільнасці вынесенага прысуду. Таму просіць пакінуць без задавальнення скаргу Паліенкі.

Рашэнне па скарзе будзе абвешчанае ў 10-20.

Дзмітрый Паліенка каля Вярхоўнага суда

Калегія Вярхоўнага суда разгледзела апеляцыйную скаргу Дзмітрыя Паліенкі і вынесла рашэнне: прысуд Мінгарсуда пакінуць без зменаў, а скаргу без задавальнення.

25 кастрычніка 2019 года былога палітвязня звінавацілі ў асабліва злосным хуліганстве і прысудзілі 3 гады "хатняй хіміі" (абмежаванне волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову) з падпіскай аб нявыездзе і прымусовым лячэннем ад алкагалізму. Адзін год абмежавання волі быў адняты згодна з абвешчанай амністыяй, таксама ў тэрмін адбыцця пакарання  быў залічаны час знаходжання ў следчым ізалятары.

Праз некаторы час пракуратура горада Мінска абскардзіла рашэнне Мінскага гарадскога суда ў Вярхоўны суд, але затым гэты пратэст пракурор адклікаў. Дзмітрый Паліенка, у сваю чаргу, таксама абскардзіў рашэнне Мінскага гарадскога суда ў вышэйстаячым судзе, а ў гэтым выпадку ім з’яўляецца Вярхоўны суд.

Нагадаем, першапачаткова Паліенку абвінавачвалі па чатырох крымінальных артыкулах. Але ў першы дзень суда пракурор Аляксандр Кароль адмовіўся ад астатніх абвінавачванняў: арт. 341 КК (нанясенне графіці ў Курапатах і на будынак на вуліцы Ахоцкай), ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці да супрацоўнікаў міліцыі ў размешчаным на youtube відэароліку), арт. 369 (абраза міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча ў відэароліку). Дзмітрыя Паліенку судзілі толькі па ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (асабліва злоснае хуліганства). 

Суд Паліенкі, салідарнасць і першыя абдымкі на волі. Вялікі фотарэпартаж "Вясны"

25 кастрычніка, Мінскі гарадскі суд абвясціў прысуд сацыяльнаму актывісту Дзмітрыю Паліенку: 3 гады "хатняй хіміі" (абмежаванне волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову) з падпіскай аб нявыездзе і прымусовым лячэннем ад алкагалізму. Дзмітрыя вызвалілі наўпрост у залі суда.

Што кажуць праваабаронцы пра пераслед Паліенкі?

У ходзе правядзення маніторынгу судовага працэсу па абвінавачванні Дзмітрыя Паліенкі па ч. 3 арт. 339 КК (асабліва злоснае хуліганства) прадстаўнікі ПЦ “Вясна” прыйшлі да высновы аб адсутнасці якіх-небудзь дакладных доказаў вінаватасці Д. Паліенкі ў здзяйсненні інкрымінаваных яму дзеянняў. Прымяненне ім у дачыненні да пацярпелага газавага балончыка насіла характар самаабароны ад супрацьпраўных і гвалтоўных дзеянняў самога пацярпелага і не можа быць кваліфікавана як крымінальнае злачынства. Пры такіх абставінах суд павінен быў вынесці ў дачыненні да Д. Паліенкі апраўдальны прысуд і трактаваць усе сумневы ў яго вінаватасці на карысць абвінавачанага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства