Мінгарсуд прызнаў за сабой парушэнне тэрмінаў абскарджання адміністрацыйнага арышту Дакумент
Алесь Чахольскі звярнуўся са скаргай да старшыні Мінскага гарадскога суда на невыкананне гэтым жа судом тэрмінаў разгляду скаргі на пастанову аб накладанні адміністрацыйнага арышту.
Нагадаем, адказны сакратар КХП БНФ Алесь Чахольскі яшчэ 27 снежня 2019 года быў асуджаны судом Цэнтральнага раёна г. Мінска на 15 сутак арышту за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй. Пастанову мужчына абскардзіў ва ўстаноўлены ПВКаАП тэрмін – на працягу пяці сутак з дня абвяшчэння рашэння судом.
8 студзеня суд Цэнтральнага раёну паведаміў Алесю Чахольскі, што скарга на пастанову аб адміністрацыйным правапарушэнні разам з матэрыяламі справы накіраваная ў Мінгарсуд. А 21 студзеня ўжо Мінгарсуд апавясціў мужчыну, што разгляд яго скаргі прызначаны толькі на 29 студзеня.
У прызначанай даце Алесь Чахольскі ўгледзеў парушэнне Мінскім гарадскім судом тэрмінаў разгляду скаргі на адміністрацыйны арышт, так як арт. 12.7 ПВКаАП ўстаноўлена:
"скарга (пратэст) на пастанову па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні разглядаецца суддзёй, службовай асобай, упаўнаважанымi разглядаць скаргу (пратэст), у месячны тэрмiн з дня яе паступлення, а скарга (пратэст) на пастанову аб накладанні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту альбо дэпартацыі - у трохдзённы тэрмiн з дня паступлення". |
"Разгляд маёй скаргі Мінскім гарадскім судом 29 студзеня 2020 года істотна парушае маё права на абскарджанне судовай пастановы, паколькі тэрмін разгляду скаргі значна перавышае трохдзённы тэрмін, устаноўлены артыкулам 12.7 ПВКаАП", – падкрэсліваў у сваёй скарзе да старшыні Мінгарсуда актывіст.
Ён прасіў правесьці праверку па выкладзеных ім фактах, прызнаць дзеянні адказных службовых асобаў Мінскага гарадскога суда неправамернымі і прыцягнуць іх да ўстаноўленай законам адказнасці за парушэнне тэрмінаў разгляду скаргі на пастанову аб адміністрацыйным арышце.
У адказ на скаргу першы намеснік старшыні Мінскага гарадскога суда Уладзімір Грыгаровіч адзначыў, што ў ходзе праведзенай праверкі довады звароту аб парушэнні тэрміну разгляду скаргі Алеся Чахольскага знайшлі сваё пацверджанне, і па гэтым факце Мінгарсудом "будуць прынятыя адпаведныя меры рэагавання".
Разам з тым, у адказе значыцца, што законнасць і абгрунтаванасць пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні суда Цэнтральнага раёна правераны Мінгарсудом па скарзе актывіста:
"Пастановай суддзі Мінскага гарадскога суда ад 29 студзеня пастанова суда Цэнтральнага раёна г. Мінска пакінута без зменаў, а скарга - без задавальнення".
Мінгарсуд лічыць, што такім чынам Алесем Чахольскім усё ж было рэалізавана права абскарджання адміністрацыйнага арышту. Даваць жа прававую ацэнку судовых пастановаў па-за рамкамі ПВКаАП Мінгарсуду "не ўяўляецца магчымым, бо гэта супярэчыць дзеючаму заканадаўству і можа быць расцэнена як умяшальніцтва ў дзейнасць суддзі, што недапушчальна".
У сваю чаргу, юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксей Лойка настойвае на тым, што ні штрафаў, ні тым больш "сутак" за мірны пратэст быць не павінна.
«Сітуацыя з несвоечасовым разглядам скаргі Алеся Чахольскага на адміністрацыйны арышт з'яўляецца нічым іншым як грубым парушэннем яго права на своечасовы разгляд скаргі, і па сутнасці парушэннем яго права на абарону ад замахаў дзяржавы на яго канстытуцыйныя правы», – падкрэслівае праваабаронца.