viasna on patreon

Генпракуратура другі раз адказала Алесю Бяляцкаму наконт масавага затрымання ромаў

2020 2020-02-19T15:28:15+0300 2020-02-19T15:39:50+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/romy_magiliou_radiosvaboda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ромскія жанчыны сустракаюць сваякоў пасля "магілёўскага затрымання". Фота: Радыё Свабода.

Ромскія жанчыны сустракаюць сваякоў пасля "магілёўскага затрымання". Фота: Радыё Свабода.

Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі атрымаў адказ ад Генеральнай пракуратуры з нагоды масавага затрымання ромаў у Магілёве ў траўні мінулага года. Ён паўторна звяртаўся туды з просьбай правесці праверку законнасці дзеянняў службовых асоб, якія ажыццяўлялі гэтыя затрыманні.

Нагадаем, у ноч з 16 на 17 траўня у Магілёве і іншых гарадах Беларусі было затрымана больш за 100 ромаў у межах расследавання меркаванага забойства супрацоўніка ДАІ, лейтэнанта Яўгена Патаповіча. Пазней следства заявіла, што ў дадзеным выпадку меў месца суіцыд. Падчас затрыманняў і допытаў ромаў міліцыянты прымянялі да іх фізічную сілу, абразы і пагрозы. Частку з іх пазней вызвалілі, а каля 50-ці мужчын затрымалі да палутара сутак.

Адразу пасля здарэння Алесь Бяляцкі звярнуўся ў Генпракуратуру першы раз. Тады прыйшоў адказ, што была створаная спецыяльная рабочая група для ацэнкі дзеянням міліцыянтаў пры затрыманні асобаў цыганскай нацыянальнасці ў Магілёве. У выніку такой праверкі ніякіх парушэнняў, у тым ліку перавышэння службовых паўнамоцтваў, выяўлена не было. Паведамлялася толькі аб нязначных працэсуальных парушэннях, якія былі неадкладна выпраўленыя. Таксама паведамлялася, што супрацоўнікі МУС мелі поўнае права такім чынам “масава атрабатываць прадстаўнікоў цыганскай дыяспары”. Па сутнасці, ніякіх значных крокаў па паўнавартасным расследванні дзеянняў міліцыі тады зроблена не было.

На пачатку 2020 года Камітэт ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі і Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях звярнуліся да беларускага ўраду з шэрагам пытанняў наконт масавага затрымання ромаў. Яны папрасілі ўрад Беларусі прадставіць дэталёвую інфармацыю аб тым, што адбылося, а таксама пра тое, як былі расследаваныя названыя парушэнні правоў чалавека і якая дапамога была прадастаўленая ахвярам. З афіцыйнага адказа Урада у органы ААН вынікае, што затрымана было не меней за 132 асобы, а ў дачынні да 52 быў распачаты адміністрацыйны працэс. Пры гэтым Урад не паведаміў пра вынікі гэтых адміністратыўных спраў — колькі асобаў былі прыцягнутыя да адказнасці і за здзяйсненне якіх менавіта правапарушэнняў.

Афіцыйны адказ Беларусі ААН падштурхнуў старшыню “Вясны” ў другі раз звярнуцца ў Генпракуратуру. На яго думку, адказ пацвярджае меўшыя месца масавыя адвольныя затрыманні грамадзян выключна па прыкмеце іх нацыянальнага паходжання. А значыць службовыя асобы, якія аддавалі загад і удзельнічалі ў затрыманні, мусяць панесці адказнасць.

Алесь Бяляцкі зноў звярнуўся ў Генпракуратуру з нагоды масавага затрымання ромаў

Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі зноў звярнуўся ў Генеральную пракуратуру з нагоды масавага затрымання ромаў у траўні ў Магілёве. Ён настойвае на тым, каб пракуратура правяла дадтковую праверку законнасці па факце затрыманняў грамадзянаў цыганскай нацянальнасці.

Што адказала Генпракуратура ў другі раз?

У адказе за подпісам начальніцы аддзела па нагляду за захаваннем правоў і свабод грамадзян Марыны Паповай паведамляецца, што дзеянні міліцыянтаў пры затрыманні ромаў не былі матываваны расавай прадузятасцю. Была праведзена новая праверка, па выніках якой былі выяўлены асобныя працэсуальныя правапарушэнні, якія здзейснілі супрацоўнікі органаў унутраных спраў пры вядзенні адміністрацыйнага працэсу ў адносінах да затрыманых ромаў. У выніку шэраг службовых асоб былі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. Пры гэтым самі справы аб адміністрацыйных правапарушэннях, масава заведзеныя на 52 чалавекі, былі так жа масава спыненыя тым жа органам, што і пачаў адміністрацыйны працэс.

На думку праваабаронцаў “Вясны”, сам факт завядзення вялікай колькасці спраў і спынення іх тым жа органам да суда яскрава паказвае, што ў ноч з 16 на 17 траўня ў Беларусі мелі месца менавіта адвольныя затрыманні.

Ухваліўшы прыцягненне асобных міліцыянтаў да дысцыплінарнай адказнасці, Генпракуратура ў той жа час не дала адказу наконт наяўнасці ці адсутнасці ў дзеяннях службовых асобаў прыкмет крымінальнага злачынства. Марына Папова паведаміла, што ў кампетэнцыі Генпракуратуры не ўваходзіць прыняццё рашэнняў па заявах аб злачынствах, учыненых службовымі асобамі органаў унутраных спраў. На яе думку, гэта адносіцца выключна да кампетэнцыі органаў папярэдняга следства, і, адпаведна, зацікаўленыя асобы (пацярпелыя ці іх прадстаўнікі) могуць звяртацца менавіта туды з заявай аб узбуджэнні крымінальнай справы.

Але згодна са зменамі ў Крымінальна-працэсульным кодэксе (ч. 2 арт. 174), якія дзейнічаюць ужо як два гады, пракуратура нароўні з органамі папярэдняга следства мае права прымаць рашэнні аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць службовых асобаў.

Наўмысна, каб не займацца далейшымі праверкамі, ці з-за няведання заканадаўства прадстаўніца Генпракуратуры дала такі адказ, на жаль, застаецца невядомым.

Жыццё беларускіх ромаў: праўда без прыўкрас

“Вясне” стала цікава, як жывуць ромы пасля трывожных падзей у Магілёве.


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства