Сакавік: экалагічны пратэсты ў Берасці і Светлагорску працягваюцца Фота
Першы дзень вясны ў Беларусі адзначыўся экалагічнымі пратэстамі адразу ў двух гарадах: у Берасці і Светлагорску.
Каля сотні берасцейскіх праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу традыцыйна сабраліся на плошчы Леніна. Актывісты дзяліліся апошнімі навінамі пра дзяржаўную экалагічную экспертызу шкоднага прадпрыемства, якае мае неўзабаве адбыцца, збіралі подпісы пад заявай генеральнаму косулу РФ Ігару Канякіну. Гэта заява складзена супраць выказванняў расійскага эксперта К. Фрыдмана, які нядаўна прапанаваў проста запусціць завод, а затым ужо паглядзець, да якіх наступстваў гэта прывядзе.
Па плошчы было шмат журналістаў і блогераў, якія фіксавалі падзеі.
Некалькі супрацоўнікаў мілiцыі ў форме папярэджвалі прысутных аб адказнасці за парушэнне Закона “Аб масавых мерапрыемствах”. Пра затрыманні не паведамляецца.
Пасля “кармлення галубоў” на плошчы Леніна, праціўнікі будаўніцтва завода прайшлі па цэнтральных вуліцах Брэста.
А ў Светлагорску, дзе мясцовыя ўлады нядаўна засакрэцілі планы кантролю навакольнага асяроддзя і ўплыву на здароўе насельніцтва завода беленай цэлюлозы, ініцыятыўная група грамадзян сабралася на цэнтральнай плошчы горада.
Каардынатарка ініцыятыўнай групы за чыстае паветра ў Светлагорску Алена Маслюкова, якая некалькі дзён таму атрымала адказ з райвыканкаму на калектыўны зварот грамадзян аб прадстаўленні ім распрацаванага і зацверджанага «Плана мерапрыемстваў па кантролі за станам навакольнага асяроддзя і яго ўплывам на здароўе насельніцтва, якое пражывае ў зоне ўздзеяння ААТ «СЦКК», распавяла аб тым, што ўсе афіцыйныя заявы пра нібыта вырашаную праблему з заводам беленай цэлюлозы ў Якімавай Слабадзе пад Светлагорскам — не болей чым папулізм. У Якімавай Слабадзе і Светлагорску як смярдзела раней, так смярдзіць і зараз.