viasna on patreon

"А воз і дагэтуль там": тры гады праваабаронца спрабуе прыцягнуць да адказнасці АМАПаўцаў

2020 2020-03-04T16:28:07+0300 2020-03-04T16:39:38+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lesha_loiko_viasna-6.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юрыст ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка

Юрыст ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксей Лойка зноў звярнуўся ў пракуратуру горада са скаргай на адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і бяздзейнасць пракуратуры Першамайскага раёна г. Мінска.

На працягу практычна трох гадоў праваабаронца спрабуе дамагчыся справядлівасці і пакараць вінаватых супрацоўнікаў АМАП за неправамернае яго збіццё пры налёце на офіс «Вясны» 25 сакавіка 2017 года.

Даведачна

25 сакавіка 2017 года ў 12 гадзін у офісе, дзе працуе грамадская прыёмная ПЦ "Вясна", пачаўся інструктаж назіральнікаў, якія збіраліся ажыццяўляць маніторынг акцыі з нагоды Дня Волі. Папрысутнічаць на інструктажы таксама прыйшлі замежныя праваабаронцы і журналісты. Каля 13 гадзін у офіс брутальна ўварваліся АМАПаўцы, людзей паклалі тварам у падлогу, загадалі ўсім ляжаць, пачалі ператрус.

У выніку каля 60 чалавек было затрымана і дастаўлена ў Першамайскі РУУС, а юрыст ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка быў дастаўлены з РУУС у лякарню, паколькі быў збіты амапаўцамі падчас ўварвання ў офіс.

Аляксей Лойка азнаёміўся з матэрыяламі праверкі па сваёй справе і высветліў, што з 12 красавіка 2018 года, калі была вынесеная апошняя адмова ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да датычных да збіцця праваабаронцы асобаў, па цяперашні час Следчым камітэтам па Першамайскім раёне, а таксама пракуратурай раёну не рабілася якіх-небудзь эфектыўных дзеянняў, накіраваных на рэалізацыю ўказанняў пракуратуры г. Мінска, якія былі дадзены два гады таму.

У прыватнасці, тады пракуратура ўказвала РАСК на неабходнасць «далучыць да матэрыялаў праверкі дакументы, якія змяшчаюць падставы знаходжання 25 сакавіка 2017 года супрацоўнікаў праваахоўных органаў у кватэры», дзе сабраліся назіральнікі.

Аднак РАСК так і не ўстанавіў якога-небудзь абгрунтавання таго, чаму супрацоўнікі АМАП праніклі ў жылое памяшканне і знаходзіліся ў ім. Аляксей Лойка лічыць, што такое пранікненне было незаконным.

З рапарта камандзіра групы затрымання Аляксея Тарасава на імя камандзіра АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрыя Балабы вынікае, што "па наяўнай інфармацыі ў кватэры знаходзіцца ад 15 да 20 грамадзянаў радыкальна настроеных, як мяркуецца анархістаў, а таксама некаторыя прадстаўнікі апазіцыі, якія хочуць арганізаваць масавыя беспарадкі, што суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 КК)".

Камандзір групы затрымання АМАП Аляксей Тарасаў
Камандзір групы затрымання АМАП Аляксей Тарасаў

Аляксей Лойка адзначае, што пры правядзенні праверкі Першамайскім РАСК не была дадзеная ацэнка таго, што звесткі, названыя ў рапарце Аляксея Тарасава, носяць характар ​​дапушчэння і здагадкі: замест меркаваных 15-20 грамадзянаў супрацоўнікамі АМАП было затрымана 55 чалавек; не была дадзеная ацэнка і таму, наколькі звесткі АМАП удакладняліся і правяраліся, ці мелася магчымасць верыфікаваць іх, ці было сілавое пранікненне ў кватэру прапарцыйным абстаноўцы, якая мела месца ў аб'ектыўнай рэальнасці.

Аляксей Лойка звяртае ўвагу і на тлумачэнні супрацоўніцы міліцыі Шкулёвай Е.В .: "[...] я знаходзілася ў складзе мабільнай групы, у грамадзянскай форме адзення. Маёй задачай было зайсці ў неабходны пад'езд, а затым атрымаць доступ у паказаную кватэру. Я падышла да дзвярэй, пазваніла ў званок. За дзвярыма нехта паглядзеў у вочка, магчыма нешта пытаўся ў мяне, але пачуўся гук адкрыцця дзвярэй, і ўваходныя дзверы прыадчыніліся".

"Пры указаных у рапарце абставінах можна зрабіць выснову аб тым, што пранікненне ў жылое памяшканне мела адвольны характар, з прыкметамі перавышэння ўлады і службовых паўнамоцтваў, паколькі аб'ектыўны бок складу злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 293 КК, патрабуе «гвалту над асобай, пагромаў, падпалаў, знішчэння маёмасці, узброенага супраціву прадстаўнікам улады». Апазіцыйная літаратура і ўлёткі, запісаў пра канфіскацыю якіх нават не маецца ў матэрыяле праверкі, не могуць служыць спадарожнымі прадметамі для здзяйснення тых дзеянняў, якія ўтвараюць аб'ектыўны бок масавых беспарадкаў", – прыходзіць да высновы ў сваёй скарзе праваабаронца.

Юрыст "Вясны" таксама падкрэслівае, што якога-небудзь абгрунтавання таго, ці меліся ў супрацоўнікаў АМАП падставы для затрымання яго самога, з матэрыялаў праверкі таксама не вынікае.

Апытаныя супрацоўнікі АМАП Паддубскі А.В. і Бізуковіч В.К. сцвярджалі, што падставай прымянення да Аляксея Лойкі фізічнай сілы сталі дзеянні, накіраваныя нібыта на перашкаджэнне пранікненню міліцыянтаў у кватэру, а таксама аказанне ім непадпарадкавання. Пры гэтым, як вынікае далей з матэрыялу праверкі, у дачыненні да праваабаронцы адміністрацыйнае затрыманне не ўжывалася, хоць яго і даставілі ў РУУС, пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 23.4 КаАП не складаліся.

"Тлумачэнні супрацоўнікаў АМАП супярэчаць довадам маёй заявы аб здзяйсненні злачынства, у якім я ўказваў, што цялесныя пашкоджанні мне былі нанесены непасрэдна ў ходзе затрымання. Пры такіх абставінах мяркую, што ў працэсе правядзення праверкі Першамайскім РАСК неабгрунтавана не было прынята працэсуальнага рашэння аб узбуджэнні крымінальнай справы для правядзення ўсяго спектру следчых дзеянняў, які даступны следчаму на этапе расследавання крымінальнай справы", – перакананы праваабаронца.

Аляксей Лойка лічыць, што падчас правядзення праверкі не была дадзеная аб'ектыўная і вычарпальная ацэнка дзеянням супрацоўнікаў, якія затрымалі яго, пазбавіўшы тым самым свабоды, а таксама прымянення фізічнай сілы як непасрэдна ў ходзе затрымання, так і пасля яго, калі ён знаходзіўся ў нерухомым стане каля сцяны ў кватэры.

"За тры гады з моманту нанясення мне цялесных пашкоджанняў супрацоўнікамі АМАП і звароту ў следчы камітэт пракуратура Першамайскага раёна не прадаставіла мне эфектыўных сродкаў прававой абароны па аднаўленню маіх парушаных правоў", – адзначае праваабаронца ў скарзе.

Ён просіць пракуратуру Мінска правесці праверку выкладзеных фактаў і довадаў аб неправамернасці дзеянняў супрацоўнікаў АМАП ГУУС Мінгарвыканкама па пранікненні ў жылое памяшканне, ужывання ў дачыненні да яго затрымання і фізічнай сілы і прызнаць названыя дзеянні неправамернымі, парушаючымі яго правы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства