viasna on patreon

Збітая АМАПаўцам дзяўчына: Акрамя вас я амаль нікому не патрэбна

2020 2020-03-06T13:07:49+0300 2020-03-06T13:09:32+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/yana_chulitskaja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Тры гады таму жыццё 19-гадовай Яны Чуліцкай рэзка змянілася. Падчас затрымання на акцыі пратэсту на Дзень Волі яе моцна ўдарыў па галаве міліцыянт, і ўжо праз тыдзень у дзяўчыны пачаліся першыя прыступы эпілепсіі. Міліцыянт да гэтага часу застаецца беспакараным, а здароўе Яны на працягу гэтых трох гадоў пастаянна пагаршаецца.  

Яна Чуліцкая
Яна Чуліцкая

Гісторыя Яны

25 сакавіка 2017 года тады яшчэ непаўнагадовую Яну Чуліцкая (да вяселля яна насіла прозвішча Яцыновіч) разам з сяброўкай Дашай затрымаў АМАП, калі яны выйшлі са сталічнага парку Чалюскінцаў на праспект Незалежнасці. У той дзень у Мінску праходзіла несанкцыянаваная акцыя на Дзень Волі.

Дзяўчыну, схапіўшы за валасы, з ужываннем грубай фізічнай сілы зацягнулі ў аўтобус, дзе адзін іх праваахоўнікаў некалькі разоў моцна стукнуў яе ў вобласць патыліцы.

Праз тыдзень у Яны пачаліся праблемы са здароўем: млоснасць, ваніты, галаўныя болі. Яна стала часта падаць. Пасля шматлікіх абследаванняў было ўстаноўлена, што ў Яны развілася эпілепсія. Былі пастаўленыя дыягназы: функцыянальны ніжні парапарез і падазрэнне на глаўкому. З тых часоў абследаванні не спыняюцца, дзяўчына рэгулярна назіраецца ў лекараў.

Толькі праз год пасля здарэння бацькі Яны звярнуліся з заявай аб прычыненні цялесных пашкоджанняў супрацоўнікамі органаў унутраных спраў у Першамайскі раённы аддзел Следчага камітэта, патрабуючы знайсці і пакараць вінаватых. У выніку ўжо некалькіх праверак следчыя не знаходзяць прычынна-следчых сувязяў паміж эпілепсіяй Яны і нанясеннем ёй удараў па галаве.

Людзі стаялі тварам да сцяны як быццам на расстрэле

Яна падрабязна распавядае пра тое, што адбылося 25 сакавіка 2017 года, і пра наступныя падзеі.

З мінулага лета Яне двойчы адмаўлялі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць АМАПаўцаў, якія яе затрымлівалі. Следчыя не знайшлі вінаватых, хоць Яна прадставіла відэа, дзе відаць аднаго з міліцыянтаў, а таксама чутны голас другога – таго, які ўдарыў дзяўчыну. Следчыя накіравалі запыт у ГУУС для пошуку гэтых супрацоўнікаў, але там ніякага адказу не далі. На гэтым СК спыніў «пошукі».

Літаральна на мінулым тыдні Яна з адвакатам накіравалі ў пракуратуру чарговую скаргу на адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

Таксама Яна сцвярджае, што пасля таго, як яе медыцынская картка пабывала ў следчых, адтуль зніклі асобныя старонкі. У прыватнасці, тая старонка, дзе неўролаг пісала аб траўме (ЧМТ), атрыманай 25 сакавіка 2017 года. 

Яна Чуліцкая
Яна Чуліцкая

Бывае некалькі прыступаў за дзень ці за ноч

За апошні год здароўе Яны пагоршылася. Паводле яе слоў, раней у яе здаралася каля чатырох прыступаў эпілепсіі ў тыдзень. А цяпер – па шэсць-сем. Прычым за дзень ці за ноч можа быць некалькі прыступаў. З-за хваробы ў яе псуецца зрок, развілася міякланія і яна моцна страціла вагу.

Практычна кожны месяц дзяўчыне неабходна купляць дарагія лекі. Па словах Яны, часам яны выклікаюць пабочныя дзеянні і, адпаведна, гэта патрабуе набыцця іншых падтрымліваючых прэпаратаў. З-за частых удараў галавой з-за прыступаў у яе пагаршаецца зрок, што патрабуе рэгулярнага абследавання ў акуліста. Такім чынам, за месяц на лячэнне Яна марнуе каля 300 рублёў, а часам і больш.

У хуткім часе Яна страціць працу. На працы ў яе ўсё ішло добра да таго часу, пакуль у яе не здарыўся прыступ на кухні (гэта яе працоўнае месца). Акрамя таго, з-за міякланіі бывала, што ў яе выпадалі прадметы з рук. Пасля прыступу кіраўнік сказаў Яне, што хутка яе будуць звальняць па стане здароўя.

У далейшым Яна хацела б працаваць зноў, але пакуль не ведае, у якой сферы. Яе неўролаг кажа, што з такой частатой прыступаў гаворка можа ісці толькі аб аддаленай працы. Палегчыць сітуацыю Яны магло б афармленне групы інваліднасці, але, па яе словах, лекары з гэтым пытаннем зацягваюць, адпраўляючы яе на дарагія абследаванні.

Увесь гэты час Яну падтрымліваюць сябры. Часам ёй дапамагаюць бацькі, хоць ім гэта вельмі складана (яны жывуць і працуюць у пасёлку). Але ў асноўным выдаткі на лячэнне кладуцца на саму дзяўчыну. Кожны жадаючы можа перавесці грошы на лячэнне Яны Чуліцкай на яе банкаўскую карту. Яна будзе ўдзячная за любую дапамогу ўсім неабыякавым.

Рэквізіты для збору сродкаў на лячэнне Яны Чуліцкай:

4255 2003 0230 5602

06/22

CHULITSKAYA YANA (VISA BELARUSBANK)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства