#БезПраваНаРасправу: прымусовая праца зняволеных ЛПП
Сярод найбольш частых пытанняў, з якімі грамадзяне звяртаюцца ў Праваабарончы цэнтр "Вясна", можна адзначыць тыя, якія звязаныя з дзейнасцю ў Беларусі лячэбна-працоўных прафілакторыяў (ЛПП), умовамі накіравання туды людзей, якія пакутуюць алкагольнай або наркатычнай залежнасцю, спецыфікай іх лячэння і рэабілітацыі.
Выступаючы ў чэрвені 2019 года ў Камітэце па прымяненню норм МАП адзін з кіраўнікоў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч заявіў, што ў Беларусі "працягваюцца практыкі прымусовай працы ў сістэме лячэбна-працоўных прафілакторыяў, куды змяшчаюць алкаголікаў. Назва ўстаноў не павінна ўводзіць у зман, паколькі ніякай медыцынскай тэрапіі яны не прадугледжваюць. Сістэма ўстаноў з'яўляецца, па сутнасці, працягам традыцый таталітарных рэжымаў 30-х гадоў мінулага стагоддзя, жорсткага гвалтоўнага прымусу да працы хворых алкагалізмам грамадзянаў. Такі ж прынцып гвалту над грамадзянамі пакладзены ў аснову прымусу да працы бацькоў, з сем'яў якіх канфіскавалі дзяцей. Прыняты закон дыскрэдытуе само паняцце праца, паколькі прымяняецца прымусова ў якасці сродку перавыхавання асацыяльных элементаў".
Праваабаронцы ў сваю чаргу адзначаюць, што прымусовая праца зняволеных ЛПП у асноўным нізкааплатная. Але тыя са зняволеных, якія маюць запатрабаваныя рабочыя спецыяльнасці, могуць зарабіць на вытворчасці ў ЛПП і за яго межамі да 400-500 рублёў. Нечакана ў прывілеяваным становішчы аказваюцца так званыя «абавязаныя асобы» – пазбаўленыя бацькоўскіх правоў у дачыненні да непаўналетніх дзяцей і абавязаныя аплачваць выдаткі па іх утрыманні: іх працаўладкоўваюць на тыя месцы, дзе не патрабуецца кваліфікацыі, але заработная плата складае каля 300 рублёў.
Але многія зарабляюць значна менш.
Праваабаронцы сабралі сведчанні пацыентаў лячэбна-працоўных прафілакторыяў і пастараліся адказаць на некалькі пытанняў: чаму ЛПП па сутнасці з'яўляецца месцам пазбаўлення волі, што такое прымусовая праца і чаму ў абрэвіятуры ЛПП лішнім можна лічыць слова "лячэбны".
Прапануем вашай увазе другую публікацыю – "Заробленых грошай не заўсёды хапала на ежу і бытавыя патрэбы".
"Заробленых грошай не заўсёды хапала на ежу і бытавыя патрэбы"
Мультымедыйны праект #БезПраваНаРасправу з'яўляецца часткай дзейнасці Праваабарончага цэнтра "Вясна" па выяўленні выпадкаў катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання з боку органаў улады і іншых дзяржаўных структур.
Да такіх выпадкаў праваабаронцы адносяць і прымусовае змяшчэнне асоб, якія пакутуюць ад алкагольнай ці іншай залежнасці, у лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Праект #БезПраваНаРасправу закліканы зламаць сцяну маўчання, страху і беззаконня і паказаць, што катаванням і жорсткім відам абыходжання можна і трэба супрацьстаяць.
"Лячэбны? Працоўны!", ці Што трэба ведаць пра ЛПП у Беларусі?