За пратэрмінаваны адказ на зварот юрысконсульту Мінрайвыканкама вынеслі спагнанне Дакумент
Музыкант Вячаслаў, у якога падчас нефармальнага канцэрту ў 2015 годзе міліцыя забрала бас-гітару, падаў скаргу на парушэнне службовымі асобамі Мінрайвыканкама тэрмінаў прадастаўлення адказу на зварот грамадзян.
Так, яшчэ 9 кастрычніка 2019 года Вячаслаў звярнуўся ў Мінскі раённы выканаўчы камітэт з просьбай вярнуць гітару, якая належыць яму і была канфіскаваная міліцыяй. Аднак адказ з дзяржоргана, датаваны 25 лістапада, хлопцу прыйшоў значна пазней – толькi 18 студзеня 2020 года. У ім паведамлялася, што зварот музыкі паступіў у Мінрайвыканкам 10 кастрычніка 2019 года.
Пры гэтым у ч. 3 арт. 17 Закона "Аб звароце грамадзян і юрыдычных асобаў" замацавана:
"пісьмовыя звароты павінны быць разгледжаныя не пазней за пятнаццаць дзён, а звароты, якія патрабуюць дадатковага вывучэння і праверкі, – не пазней аднаго месяца, калі іншы тэрмін не вызначаны заканадаўчымі актамі".
Акрамя таго, Вячаслаў звярнуў увагу і на паштовы штэмпель на канверце – пячатка датавалася 17 студзеня, што яшчэ раз пацвярджае парушэнне тэрмінаў адказу на зварот.
Хлопец з дапамогай юрыстаў «Вясны» звярнуўся ў Мінскі абласны выканаўчы камітэт і прасіў правесці праверку выкладзеных фактаў, прызнаць дзеянні службовых асобаў Мінрайвыканкама, якія выказаліся ў парушэнні тэрмінаў прадастаўлення адказу на зварот, неправамернымі і прыцягнуць вінаватых да ўстаноўленай заканадаўствам адказнасці.
Мінаблвыканкам разгледзеў у месячны тэрмін скаргу Вячаслава, устанавіў парушэнне тэрмінаў і прыцягнуў да дысцыплінарнай адказнасці вядучага юрысконсульта аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінрайвыканкама Алену Окрут.
Вярніце гітару! Музыкант падаў у суд на Мінрайвыканкам