viasna on patreon

Міжнародны дзень супраць кібер-цэнзуры. Чаму Беларусь дагэтуль вораг інтэрнэту?

2020 2020-03-12T13:40:44+0300 2020-03-12T14:21:36+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kiber_cenz2.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 12 сакавіка, ва ўсім свеце адзначаецца Дзень супраць цэнзуры ў інтэрнэце. Гэты дзень быў абвешчаны з мэтай падтрымкі адзінага інтэрнэту без абмежаванняў і падкрэслення таго, як ўрады ва ўсім свеце стрымліваюць і падвяргаюць цэнзуры свабоду слова ў Інтэрнэце.

Сусветны дзень барацьбы з кібер-цэнзурай ўпершыню быў адзначаны ў 2008 годзе, калі арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» і «Міжнародная амністыя» накіравалі запыт наконт новага важнага дня генеральным дырэктарам Yahoo!, Google, Inc. і Microsoft Corporation.

З нагоды гэтага дня была заснавана прэмію Netizen Prize, якой адзначаюцца ўсе карыстальнікі Інтэрнэту, кібер-дысідэнты, блогеры ці групы, якія ўнеслі прыкметны ўклад у абарону свабоды слова і выказвання меркаванняў у Інтэрнэце.

Яшчэ адной характэрнай асаблівасцю Сусветнага дня барацьбы з кібер-цэнзурай з'яўляецца спіс ворагаў Інтэрнэту. Першы спіс быў складзены ў 2006 годзе і уключаў 13 краін, дзе навіны і інфармацыя ў інтэрнэце падвяргаліся цэнзуры, а карыстальнікі Інтэрнэту сістэматычна падвяргаліся рэпрэсіям.

У спіс краін - ворагаў інтэрнэту з 2012 па сённяшні дзень уваходзіць і Беларусь. Сапраўды, сітуацыя са свабодай слова ў інтэрнэце ў Беларусі пакідае жадаць лепшага. Вось некалькі праблем і прыкладаў, чаму наша краіна па-ранейшаму ў гэтым спісе.

Блакіроўка сайтаў

У Беларусі час ад часу адбываюцца блакіроўкі сайтаў з-за “размешчэння інфармацыйных паведамленняў і матэрыялаў, якія ўтрымліваюць інфармацыю, распаўсюд якой здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”. Фармуліроўка гэтага палажэння вельмі размытая і канкрэтных крытэрыяў шкоднасці інфармацыі няма. Так, на гэтай падставе ў 2017 і 2018 гадах Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ да буйных незалежных інтэрнэт-мэдыяў «Беларускі партызан» (belaruspartisan.org) і «Хартыя 97» (charter97.org), якія рэгулярна публікуюць матэрыялы на грамадска-палітычную тэматыку. Пры гэтым ні ў адным з выпадкаў Мінінфарм не паведаміла, якая менавіта інфармацыя паслужыла падставай для блакавання і што неабходна зрабіць уладальніку сайта для таго, каб блакіроўка была адменена. У выніку “Беларускі партызан” праз пэўны час аднавіў працу (у даменнай зоне by), а “Хартыя” дагэтуль заблакавана на тэрыторыі Беларусі.

Ілюстрацыйнае фота (State Dept./Doug Thompson)
Ілюстрацыйнае фота (State Dept./Doug Thompson)

Пераслед блогераў

Апошнім часам у Беларусі з’яўляецца ўсё больш незалежных блогераў, у тым ліку грамадска-палітычных, якія ахопліваюць усё большыя аўдыторыі. Але наўздагон развіццю блогасферы распачаўся і пераслед блогераў. У тым ліку і крымінальны. Так, к красавіку 2019 года youtube-блогер з Брэста Сяргей Пятрухін, які актыўна асвятляе ў сваіх роліках сацыяльныя праблемы Берасцейшчыны, у тым ліку і сітуацыю вакол завода АКБ, быў асуджаны на вялікі штраф па крымінальнай справе за “паклёп” і “абразу” міліцыянта. Праваабаронцы прызналі пераслед блогера палітычна матываваным. Таксама былі распачатыя крымінальныя справы супраць паплечніка Пятрухіна – блогера Аляксандра Кабанава і блогера Андрэя Павука. Аднак у хуткім часе яны былі спыненыя.

Масавыя акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй напрыканцы мінулага года пацягнулі за сабой адміністрацыйны пераслед блогераў, якія актыўна асвятлялі пратэсты ці проста ўдзельнічалі іх. Вялікія штрафы атрымалі Уладзімір Цыгановіч (MozgON), Мікола Дзядок, Эдуард Пальчыс, Мікалай Маслоўскі і Аляксандр Дуброўскіх. Блогер Сяргей Ціханоўскі агулам атрымаў 30 сутак арышту, але абсалютным рэкардсменам па колькасці судоў і суровасці пакарання стаў youtube-блогер з Барані Дзмітрый Казлоў (Шэры кот). Ён быў асуджаны 8 разоў за ўдзел і заклікі да ўдзелу ў акцыях супраць інтэграцыі і атрымаў агулам 120 сутак арышту.

Справы за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у інтэрнэце

Цягам апошніх двух гадоў павялічылася колькасць выпадкаў прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за публікацыі ў сацыяльных сетках. Падставай для гэтага выкарыстоўваецца арт. 17.11. КаАП, што прадугледжвае адказнасць за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую ​​дзейнасць. На практыцы атрымліваецца, што чалавека могуць прыцягнуць да адказнасці за пост у сацыяльнай сетцы, які ён зрабіў шмат гадоў таму. Забароненыя “экстрэмісцкія” сімвалы, якія выпадкова патрапілі ў кадр відэароліка ці засталіся на фотаздымку, таксама могуць стаць падставай для складання адміністрацыйнага пратакола. У мінулым годзе “Вясна” зафіксавала 13 выпадкаў прыцягнення да адказнасці па арт. 17.11 (за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), і 2 выпадкі па арт. 17.10. (распаўсюд нацысцкай сімволікі) за публікацыі ў інтэрнэце. Па меркаванні праваабаронцаў, ва ўсіх гэтых выпадках гэтыя артыкулы прымяняліся з мэтай падаўлення іншадумства і распаўсюджвання альтэрнатыўных палітычных поглядаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства