Праваабарончы цэнтр “Вясна” узнагароджаны прэміяй АБСЕ
12 сакавіка Праваабарончы цэнтр "Вясна" узнагароджаны штогадовай прэміяй АБСЕ "Абаронца дэмакратыі".
"З гонарам абвяшчаем пра атрыманне неўрадавай арганізацыяй Праваабарончы цэнтр “Вясна” прэміі “Абаронца дэмакратыі” за 2020 год за місію па абароне правоў чалавека ў Беларусі і пабудове справядлівага і дэмакратычнага грамадства для ўсіх грамадзянаў”.
Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі адзначыў, што прэмія АБСЕ “Абаронца дэмакратыі” з’яўляецца надзвычай важнай як для сяброў “Вясны”, так і для ўсіх беларускіх праваабаронцаў:
"Вось ужо на працягу 24 гадоў “Вясна” мужна і стойка бароніць правы беларускіх грамадзянаў ў складаных і неспрыяльных умовах. Беларускія ўлады пазбавілі нас дзяржаўнай рэгістрацыі ў 2003 годзе, такім чынам ігнаруючы нас, не зважаючы на тыя каласальныя праблемы з правамі чалавека, якія існуюць у Беларусі. Але гэта не замінае нам дапамагаць і абараняць правы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, людзей у месцах несвабоды, прадстаўнікоў уразлівых групаў, актыўна выступаць супраць смяротнага пакарання, змагацца за права на чыстую зямлю і паветра, за правядзенне справядлівых і празрыстых выбараў".
На думку Алеся Бяляцкага, гэтая прэмія з’яўляецца ясным сігналам беларускім уладам пра неабходнасць правядзення сур’ёзных рэформаў у галіне абароны правоў чалавека і істотным паляпшэнні сітуацыі з правамі і свабодамі беларускіх грамадзянаў.
"Пакуль мы не дасягнулі нашых мэтаў, мы не збіраемся складаць рукі. Рэпрэсіі супраць беларускіх праваабаронцаў не спыняць нашую працу на карысць дэмакратыі і правоў чалавека ў нашай краіне.
Мы ўдзячныя краінам АБСЕ, якія намінавалі “Вясну” на прэмію “Абаронца дэмакратыі”. Мы верым, што бясстрашныя і ўпартыя намаганні праваабаронцаў у рэгіёне АБСЕ, не гледзячы на перашкоды, здолеюць зрабіць наш свет крыху лепшым”, — падкрэсліў Алесь Бяляцкі.
Раней прэмію “Абаронца дэмакратыі” атрымлівалі расійскі рух "Голас", сербская няўрадавая арганізацыя "Цэнтр даследаванняў, празрыстасці і справаздачнасці" (CRTA), украінская актывістка Аляксандра Матвійчук.